Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёну (з фотагалерэяй)


Ягор Маёрык, Уваравічы, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельшчына (эфір 4 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Уваравічы ў чаканьні новага кіраўніка. Колішні старшыня пассавету Алег Кундзелеў сышоў у адстаўку. На ягоную пасаду прэтэндуе брыгадзір трактарыстаў Мікалай Якаўцоў. Гэтую кандыдатуру падтрымлівае Буда-Кашалёўскі райвыканкам. Супернік спадара Якаўцова — дэпутат раённага савету, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, беспрацоўны Ігар Кекелеў.

Uvaraviczy - Уваравічы

(Кекелеў: ) “Улада прыняла адстаўку старшыні пасялковага савету. Яны меліся прызначыць новага старшыню. Ён нават не зьяўляўся дэпутатам ніякіх роўняў улады. Насельніцтва нэгатыўна на гэта зрэагавала. І ўлада не рызыкнула давесьці справу да канца. Прэтэндэнт ад улады — колішні міліцыянт Мікалай Якаўцоў, які шэсьць год таму забіў мясцовага чалавека і быў асуджаны на шэсьць год пазбаўленьня волі. Ён адбыў пакараньне і цяпер працуе брыгадзірам трактарыстаў”.

(Карэспандэнт: ) “А чым ён так прыйшоўся даспадобы мясцовай уладзе?”

(Кекелеў: ) “Дзявочае прозьвішча жонкі спадара Якаўцова — Праляскоўская. Ейны дзядзька працуе ў Менску. Ён там высокі чыноўнік. І яны спадзяюцца, што яны дапамогуць яму прасунуцца”.

Месьцічы зьбіраюць подпісы пад лістом у райвыканкам, дзе просяць прызначыць на пасаду старшыні Ігара Кекелева. Ягоную кандыдатуру падтрымліваюць і супрацоўнікі пассавету — напрыклад, сакратар Натальля Іванова.

(Карэспандэнт: ) “Кекелева лічаць апазыцыйным дэпутатам. Ён зьяўляецца сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ці добрыя ў вас дачыненьні?”

(Іванова: ) “Абсалютна так. Гэта наш раённы дэпутат. Дзьверы для яго заўсёды адчыненыя. І ніякай дыскрымінацыі няма. А жыцьцё, як і ва ўсіх населеных пунктах. Занятасьць насельніцтва — вось гэта праблема. Не хапае працоўных месцаў. На экспэрымэнтальную базу ўсе ўладкавацца ня могуць, бо яна таксама не гумовая. Па-другое, заробкі ў сельскай гаспадарцы ня вельмі вялікія. У палявой брыгадзе людзі за месяц 40 тысяч атрымліваюць”.

Колькі словаў пра Ўваравічы. Трохтысячнае мястэчка ў Буда-Кашалёўскім раёне. Блізкае суседзтва з Гомелем пакрысе пераўтварае яго ў дачны пасёлак. З прамысловасьці тут толькі экспэрымэнтальная база (філія Інстытуту бульбаводзтва), ёсьць некалькі крамаў, школа, садок і лякарня.

Цяпер зноў дамо слова Ігару Кекелеву. Ён дапаўняе выказваньні сакратара пассавету спадарыні Івановай:

(Кекелеў: ) “Дарогі ў дрэнным стане. У дрэнным стане знаходзіцца і гарадзкі Дом культуры. У глядзельнай залі ледзь дах не абваліўся. Ужо цягам двух гадоў ён не працуе”.

(Карэспандэнт: ) “Якія вашыя дзеяньні, каб выправіць хібы ва ўпарадкаваньні вуліцаў?”

(Кекелеў: ) “У нас была спрэчка са старшынём раённай выканаўчай улады. Я яго абвінаваціў, што Ўваравічы забясьпечваюцца па рэшткавым прынцыпе. Ён сказаў, што сродкаў недастаткова і іх вельмі цяжка знайсьці. Грошы выдзяляюцца на Дажынкі. Але тут Дажынкаў у нас не было. Я прапанаваў правесьці іх тут. І мне ўдалося дамагчыся, што раённыя Дажынкі-2005 пройдуць ва Ўваравічах. У выніку будуць заасфальтаваныя дарогі”.

Я знаходжуся ў дзіцячым садку. Агульная колькасьць выхаванцаў — болей за шэсьцьдзесят. Зьвярну ўвагу не на дзяцей, а на сам будынак. Падлогі і столі тут крывыя, а сьцены ўпрыгожаныя шчылінамі.

Uvaraviczy - Уваравічы

Пры мікрафоне жыхарка Ўваравічаў:

(Спадарыня: ) “Трэба будаваць новы садок. А капітальны рамонт трэба рабіць абавязкова. Тут два будынкі. Гэты 1968 году, а другі — з 19 стагодзьдзя. Адбываецца ўсадка будынку. Калі ў 1986-м тут мералі радыяцыю, прыйшлі да высновы, што тут самы вялікі ровень. Зямлю зрэзалі і вывезьлі на вуліцу Кастрычніцкую. А пасьля выхавацелі ўласнымі сіламі асфальт клалі. Самі трамбавалі. А чаму ідзе дэфармацыя? Няма сьцёкаў, і ўся вада льецца ўнутар будынку. Ад таго яго і падмывае. Адбойным малатком выдзёўбваецца дзірка, і робіцца падцяжка сьцяны. А пасьля, каб было прыгожа, клеяцца шпалеры”.

Uvaraviczy - Уваравічы

Я кіруюся на вуліцу Кастрычніцкую. Яна на самым ускрайку мястэчка. Тут ніколі не было асфальту. Увесну і ўвосень прайсьці па па ёй вельмі цяжка — лужыны перашкаджаюць.

Улетку людзі ў хатах не сядзяць. Выключэньне — толькі пэнсіянэры. Адна зь іх баба Марына.

Uvaraviczy - Уваравічы

(Карэспандэнт: ) “Некалі пасьля Чарнобылю на вашую вуліцу вывозілі забруджаную зямлю. Праўда ці не?”

(Марына: ) “Мы тут толькі трэці год жывом, самі з Тураўшчыны. Мы там сваю хату прадалі і пераехалі сюды да дачкі”.

(Карэспандэнт: ) “Як вам ва Ўваравічах жывецца?”

(Марына: ) “Тут людзі жывуць лягчэй у сто разоў, чым у нас на Тураўшчыне. Тут на ўсю вуліцу тры каровы. А сьвіней людзі зусім не трымаюць. Калі мы там жылі, болей працавалі. Тут гаспадарка сена качолкамі прадае, а там нам прыходзілася хадзіць па лозах ды зьбіраць”.

З аднаго ўскрайку Ўваравічаў крочу ў іншы, да лякарні. Па дарозе заходжу ў госьці да спадарыні Валянціны. Калі раённыя ўлады хацелі зачыніць мэдычную ўстанову, яна была ў ліку тых, хто абураўся найбольш актыўна. Змаганьне прынесла толькі частковую перамогу. Паліклініку пакінулі, ды толькі ня цалкам.

(Валянціна: ) “Буда-Кашалёў зачыніў у нас дзіцячае аддзяленьне. У нас ёсьць дзіцячая кансультацыя. Яна прымае хворых дзяцей. А калі ў іх інфэкцыя, іх кладуць у боксы для дарослых. А рабіць так ні ў якім разе нельга! У нас шмат дзетак хварэе. Нашаму ўнучку 3,5 годзікі. Ён вельмі часта хварэе. Імунітэту ў іх зусім няма. Я сама зь лютага не магу вылечыцца. Горла дагэтуль баліць”.

Зноў дамо слова дэпутату раённага савету Ігару Кекелеву:

(Кекелеў: ) “Я буду ўсяляк спрыяць аднаўленьню працы дзіцячага аддзяленьня і дапамагаць Уваравіцкай лекарні. Я не знайшоў падтрымкі ў галоўнага лекара Будакашалёўскага тэрыятарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня спадара Ядранцава. Ён са мной балятаваўся ў дэпутаты абласнога савету Ён пакрыўджаны на мяне. Я тут набраў болей за 70% галасоў, а яго ніхто не падтрымаў. Ён катэгарычна супраць аднаўленьня працы дзіцячага аддзяленьня, але я лічу, што змаганьне яшчэ наперадзе”.

Сама лякарня месьціцца ў трохпавярховым будынку. На ўваходзе — стандартная шыльда. Пазначана, што ўстанова належыць Міністэрству аховы здароўя БССР.

Uvaraviczy - Уваравічы

Я заходжу ў кабінэт маладога хірурга Сяргея Дрыгі. На гэтае працоўнае месца ён трапіў паводле разьмеркаваньня, тэрмін абавязковай адпрацоўкі заканчваецца, і Сяргей зьбіраецца звальняцца.

(Дрыга: ) “Вы самі бачыце, што тут за лякарня. Зразумела, што маладому спэцыялісту тут ня месца. Для лекара тут няма ніякай пэрспэктывы. У прафэсійным сэнсе праведзеныя тут два гады я лічу згубленымі. Нам абяцалі аплату працы, першае месца працы і месца жыхарства. Жытла я не атрымаў. Два гады я штодня з Гомелю дабіраюся сюды на маршрутцы. Гэтае пытаньне ўздымалі на ўсіх роўнях: пачынаючы ад адміністрацыі шпіталю і заканчваючы адміністрацыяй Лукашэнкі. Дагэтуль ніякіх кардынальных зьменаў не адбылося. Мы ўсім забясьпечаныя, і хворым, як раней, ня трэба набываць лекі. Ёсьць толькі адзін мінус: нашае кіраўніцтва прымушае нас набываць толькі беларускае. Каб зрабіць прышчэпку беларускім шпрыцам, іх трэба 10—12. У іх то поршні дрэнныя, то шпрыцы дзіравыя, то канюлі крывыя — гэта пародыя на мэдыцыну”.

Уваравічы са сваімі праблемамі падобныя на тузін тых беларускіх мястэчак, якія некалі былі раённымі цэнтрамі. Затым іх пазбавілі гэтага статусу. Адначасна паселішча страціла і частку бюджэтнага фінансаваньня.

Uvaraviczy - Уваравічы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG