Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарэшце вядома, хто рэдактар "пірацкага" “Głosu znad Niemna”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Зьявіўся чацьверты нумар “Głosu znad Niemna”, які выпускаецца бяз згоды Саюзу палякаў Беларусі. У ім пазначана, што абавязкі галоўнага рэдактара выконвае Віктар Кручкоўскі, родны брат былога старшыні СПБ Тадэвуша Кручкоўскага, якога ўлады па-ранейшаму прызнаюць за кіраўніка Саюзу. Папярэднія тры фальшывыя нумары газэты былі падпісаныя невядомай “рэдакцыйнай калегіяй”.

Віктар Кручкоўскі жыве у вёсцы Ятвезь Ваўкавыскага раёну, знайсьці яго, на жаль, не ўдалося. У Саюзе палякаў гавораць, што ён ня меў дачыненьня да газэт і нават польскай мовай валодае ня вельмі добра.

Гаворыць галоўны рэдактар “Głosu znad Niemna” Анджэй Пісальнік:

(Пісальнік: ) “Мы маем пратакол паседжаньня Ваўкавыскага аддзелу Саюзу палякаў, які ён складаў на нібыта польскай мове, гэта такая жудасная трасянка, што яе цяжка назваць якой-кольвек мовай. Вось гэты чалавек цяпер нібыта рэдагуе “Głos znad Niemna”. А напраўду газэту рэдагуюць людзі ў пагонах”.

Сярод публікацый газэты, якую выпускаюць Кручкоўскія, нямала перадрукаў, але не заўжды ёсьць спасылкі на выданьне, адкуль яны ўзятыя. Так, у гэтым нумары надрукаваны артыкул Алеся Анціпенкі зь Менску пра “сучаснага беларуса, які перажывае этнічны крызіс”. Артыкул быў апублікаваны ў Кракаве дзесяць гадоў таму ў кнізе, прысьвечанай “нацыям і стэрэатыпам”. Для спадара Анціпенкі гэты перадрук стаўся нечаканасьцю.

(Анціпенка: ) “Сытуацыя, безумоўна, абуральная. Таму што ніхто не пытаўся дазволу на перадрук гэтага тэксту. А калі б спыталіся дазвол, то я, ведаючы сытуацыю, якая ёсьць у Саюзе палякаў, безумоўна, ніколі не пагадзіўся б на тое, каб мой тэкст быў перадрукаваны ў гэтай газэце”.

Спадар Анціпенка зазначае, што ў гэтым разе гаворка можа ісьці пра парушэньне аўтарскага права.

У адной з публікацый апошняга нумару сьцьвярджаецца, што надыходзіць час, калі “зь вядомых прычынаў” ўтрыманьне арганізацый нацменшасьцяў возьме на сябе дзяржава... Ужо сёньня ўлады забясьпечваюць друк і распаўсюд “Głos znad Niemna”. Сапраўднай рэдакцыі застаецца адно пратэставаць. Чакаецца, што ў сераду ў Горадні можа адбыцца несанкцыянаваная акцыя ў абарону газэты “Głos znad Niemna”.
XS
SM
MD
LG