Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 ліпеня 1789 году нарадзіўся Фадзей Булгарын


RFE/RL Каляндар Свабоды – 5 ліпеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 1 ліпеня.

5 ліпеня Альжыр і Вэнэсуэла адзначаюць Дзень незалежнасьці, Аргентына – Дзень дзяцей, а Армэнія – Дзень канстытуцыі. У Чэхіі і Славаччыне сёньня Дзень Кірыла і Мятода.

5 ліпеня 1789 году нарадзіўся пісьменьнік Фадзей (або Тадэвуш) Булгарын. Ён прыйшоў на сьвет у шляхецкай сям`і Бэнэдыкта Булгарына ў маёнтку Пырашава пад Менскам. У сваім рамане “Іван Выжыгін“, ва ўспамінах і нарысах шмат пісаў пра Беларусь. А сам стаў героем славутай беларускай паэмы «Тарас на Парнасе».

5 ліпеня ў 1857 годзе нарадзілася знакамітая нямецкая рэвалюцыянэрка Клара Цэткін, імя якой і сёньня носяць вуліцы беларускіх гарадоў. Між тым, Цэткін – не яе дзявочае прозьвішча. Нямецкая дзяўчынка Клара з саксонскай вёскі Відэраў нарадзілася ў сям''і настаўніка Эйснэра. Гэта ўжо пасьля Клара Эйснэр выйдзе замуж за расейскага студэнта Восіпа Цэткіна і возьме ягонае прозьвішча. Найболей Клара Цэткін вядомая як ініцыятарка пралетарскага жаночага сьвята 8 сакавіка, як заснавальніца камуністычнай партыі Нямеччыны, а таксама як блізкая сяброўка Ўладзімера Леніна.

5 ліпеня 1969 году ў Лагойскім раёне адбылося ўрачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнага комплексу «Хатынь». Будаваў мэмарыял, як тады казалі, увесь Савецкі Саюз. Граніт везьлі з кар’ераў Украіны, белы мармур – з Расеі. Конкурс на лепшы праект мэмарыялу выйграла група архітэктараў у складзе Градава, Занковіча і Левіна, а таксама скульптара Селіханава. «Праца над праектам захапіла нас, – успамінаў Леанід Левін. – Мы прыдумалі вянцы зрубаў на месцы былых дамоў, абэліскі ў выглядзе пячных комінаў, але чагосьці не хапала. Зарослае травой поле, сьведка трагедыі, захоўвала мёртвую цішыню. І раптам у гэтай шчымлівай цішыні засьпяваў жаўрук. Гук, тут павінен быць гук!» Так нарадзілася ідэя званоў Хатыні.

5 ліпеня 1999 году пры запуску з касмадрому Байканур упаў і выбухнуў расейскі спадарожнік “Радуга 1”, пасьля чаго Казахстан заявіў, што яму нанесеная вялікая экалягічная шкода і прыпыніў запуск расейскіх караблёў.

5 ліпеня 1954 году Элвіс Прэсьлі запісаў сваю першую песеньку “Усё добра, мама”, якая прынесла яму сусьветную славу.

5 ліпеня 1865 году ў Лёндане была створаная дабрачынная арганізацыя “Армія выратаваньня”.
XS
SM
MD
LG