Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 ліпеня – дзень нараджэньня нашага славутага земляка Ігната Дамейкі


RFE/RL Каляндар Свабоды – 3 і 4 ліпеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 1 ліпеня.

Сьпярша – пра каляндар мінулае нядзелі.

Учора ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень незалежнасьці. Гістарычна 3 ліпеня да беларускай незалежнасьці дачыненьня ня мае і сталася дзяржаўным сьвятам толькі пры Аляксандру Лукашэнку, калі дзяржава перастала адзначаць Дзень абвешчаньня сувэрэнітэту 27 ліпеня, а традыцыйны Дзень беларускае незалежнасьці 25 сакавіка трапіў пад забарону. Раней, да прыходу Лукашэнкі, 3 ліпеня было Днём вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Днём Менску, бо менавіта сталіца была вызваленая ў гэты дзень у 1944-м годзе.

І яшчэ адной датай учорашні дзень знакаміты ў вайсковай гісторыі Беларусі. 3 ліпеня 1410 году войскі нашых продкаў рушылі з Бацькаўшчыны ў паход, каб пад Грунвальдам нанесьці сакрушальны ўдар Тэўтонскаму ордэну.

3 ліпеня – дзень нараджэньня нашага славутага земляка Ігната Дамейкі, чый двухсотгадовы юбілей адзначаўся паводле рашэньня ЮНЭСКА ва ўсім сьвеце. Беларус Дамейка браў удзел у таемным таварыстве філяматаў у Віленскім унівэрсытэце, пасьля – у антырасейскім паўстаньні 1831 году, далей вучыўся ў Парыжы і ўрэшце стаў рэктарам унівэрсытэту ў Сант’яга і ганаровым грамадзянінам Чылі.

3 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет аўстрыйскі пісьменьнік Франц Кафка і беларускі літаратуразнаўца Рыгор Бярозкін.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

4 ліпеня сваё найвялікшае сьвята – Дзень незалежнасьці – адзначаюць Злучаныя Штаты Амэрыкі. Менавіта 4 ліпеня 1776 году была прынятая дэклярацыя незалежнасьці краіны. Варта згадаць, што беларускі Акт незалежнасьці быў прыняты 25 сакавіка 1918 году, а Дэклярацыя сувэрэнітэту Беларусі – 27 ліпеня 1991 году. На той час, калі сваю незалежнасьць абвясьцілі амэрыканцы, у 1776-м годзе, беларусы жылі ў зусім іншай дзяржаве – у Вялікім Княстве Літоўскім, частка якога была анэксаваная Расейскай імпэрыяй.

4 ліпеня 1904 году ў Бярозе нарадзіўся Анатоль Альшэўскі. Псэўдонім у яго быў Юрка Пружанскі. Энцыкляпэдыя называе Альшэўскага “дзеячом рэвалюцыйнага руху Заходняй Беларусі“. А ў народзе тады сказалі б інакш: “захварэў хлапец на камуну”. Альшэўскі ўступіў у кампартыю і трапіў у польскую турму. Было яму ўсяго 23 гады. Турма не зьмяніла ягоных перакананьняў. Шмат тады было на Віленшчыне такіх маладзёнаў, якія хацелі жыць так, як у СССР. Многія тады і ўцякалі за ўсходнюю мяжу, у Менск. Уцёк і Альшэўскі. Першым часам яму далі працу, а пасьля, як і ўсіх такіх уцекачоў з Заходняй Беларусі, расстралялі у 1937 годзе. Ягоны лёс, на жаль, тыповы для свайго часу.

З доўгага сьпісу вялікіх людзей сьвету, што нарадзіліся 4 ліпеня, згадаем нацыянальнага героя Італіі Джузэпэ Гарыбальдзі і амэрыканскага караля джазу Луіса Армстранга.
XS
SM
MD
LG