Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ногі дзярэ, а боты на кійку нясе


Мікола Раманоўскі, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Засьцянковай шляхты ў Беларусі было шмат. Некалі заможная, яна бліжэй да нашых часоў, у XIX стагодзьдзі, вельмі зьбяднела і часта не адрозьнівалася ўжо ад сялян – такая ж бядота, такая ж адзежа, амаль такія ж звычаі. Але засьцянковы шляхцюк, нават парабкуючы ў заможнага селяніна, усё ж памятаў, што ён ня роўня простым мужыкам, задзіраў перад імі нос і не вадзіўся зь імі, а толькі з такімі ж, як ён сам, “шляхтунамі”. Будзённая адзежа засьцянковага шляхціца – тая ж сялянская: сьвітка з шарачковага сукна (таму гэткую шляхту яшчэ звалі шарачковай), лыкавыя лапці. Толькі ў сьвяты ён апранаў танчэйшай работы сурдут, надзяваў шапку з брылём замест магеркі і абуваў боты.

А цяпер уявім сабе, як такі шляхцюк тэпае ў нядзельку ў касьцёл або на вечарынку. Ботаў шкода – каб не стапталіся, нясе на кійку або на вяроўцы за плячыма, шкода і сурдута – нясе яго пад пахаю. Пад дзьвярыма толькі ўбярэцца як мае быць. Як той казаў, боты новыя, а пяты голыя. Але як сустрэне мужыка – верне ад яго нос, бо трэба ж трымацца па-шляхецку, абы з кім не прывітаесься. Можа, потым давядзецца да гэтага ж мужыка прасіцца ў парабкі, але то калі яшчэ будзе.

А мужыку сьмех адзін з такой ганарлівасьці: ногі дзярэ, а боты на кійку нясе.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
XS
SM
MD
LG