Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага - 5 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 5 ліпеня.

“Крыніца”, 1925 год:

“Дзеньнік Віленьскі” даносіць, што цяпер маем магчымасьць мець афіцыйныя даныя, паводлуг якіх г.Вільня налічвае у цяперашнім часе 180 тысяч (у круглых цыфрах), згэтуль 101 тысяча каталікоў, 9 тысяч праваслаўных, 67 тысяч жыдоў і 3 тысячы іншых вераў. Па народнасьці выглядае так: 99 тысяч палякоў, 67 тысяч жыдоў, 1 тысяча беларусаў, 2 1/2 тысячы літвіноў і 10 тысяч расейцаў і іншых народнасьцяў. Што датычыць палякоў, дык цыфра ёсьць вельмі перасолена, бо вельмі значны процант палякоў ёсьць нашых-жа несьвядомых беларусаў”.

“Беларускае слова”, 1930 год. Я.Кіпель пра барацьбу бальшавікоў з нацдэмамі:

“…у чэрвені месяцы пачаліся масавыя арышты беларускай інтэлігенцыі. Амаль за адзін раз былі арыштаваны бадай усе супрацоўнікі Беларускай Акадэміі Навук і значная частка прафесароў Беларускага Дзяржаўнага Універсытэту. Арыштаваны былі настаўнікі сярэдніх школаў, артысты, кампазітары, духоўнікі, перадавыя работнікі і сяляне. Кіравалі арыштамі: Рапапорт — начальнік менскага ГПУ і Арон Аргаў — начальнік сакрэтнага аддзелу. Ідэалягічнае апраўданьне ўсяму гэтаму праводзіў на мітынгах прафесар дыялектычнага матэрыялізму С.Я.Вольфсон. Ужо ў сярэдзіне жнівеня месяца ўся менская турма і падвалы ГПУ былі перапоўненыя арыштаванымі нацдэмамі”.

“Народная газета”, 1995 год. Міністар унутраных справаў Юры Захаранка:

“І сёньня хачу выказаць удзячнасьць Прэзыдэнту і прэм’ер-міністру за давер і падтрымку. І справа нават ня ў тым, што час пацьвярджае слушнасьць абранага МУС курсу. Ні на хвіліну не пакідае думка пра будучыню Беларусі, яе цярплівых і шматпакутных працаўніках. Таму вялікая патрэба пасьпець зрабіць для іх паболей добрага і разумнага. Для мяне гэта сьвятое, бо ў гэтай зямлі ляжаць усе пакаленьні маіх продкаў… Што да крытыкі Прэзыдэнта. Лічу, што заўсёды крытыкуюць тых, хто працуе і на каго яшчэ спадзяюцца. Боль і трывога за лёс рэспублікі ўласьцівыя і ўсім нам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG