Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фракцыя Эўрапейскай народнай партыі: “Мы стаім на баку беларускай апазыцыі”


Алена Струвэ, Менск У Страсбуры працягвае працу чарговая сэсія Эўрапарлямэнту. Позна ўвечары перад парлямэнтарамі выступіць эўрапейскі камісар спадарыня Бэніта Фэрэра-Вальднэр, якая зробіць заяву адносна палітычнай сытуацыі ў Беларусі і свабодзе беларускіх мэдыяў. Пасьля гэта распачнуцца дэбаты па Беларусі.

Напярэдадні ўсе фракцыі Эўрапарлямэнту падалі ўласныя праекты рэзалюцыі па Беларусі. Паводле эўрапейскіх палітыкаў, беларускае пытаньне хвалюе сёньня і левых, і правых. Хутчэй за ўсё, у дыскусіях па Беларусі дэпутаты зоймуць блізкую пазыцыю, паведамілі “Свабодзе” ў бюро дэпутата ад фракцыі кансэрватыўнай Эўрапейскай Народнай партыі Міхаэля Галера.

(Сакратар: ) “Што да галасаваньня паводле рэзалюцыі, то, хутчэй за ўсё, яно адбудзецца ў чацьвер паміж 12 і 13 гадзінамі. Яно плянавалася спачатку на сераду, аднак заўтра будуць абмяркоўвацца і прымацца шмат іншых пытаньняў з улікам іхных шматлікіх паправак. Дэбаты на сэсіі вядуцца з раніцы да позьняга вечара. На прыняцьце кожнага дакумэнту выдзяляецца прыкладна гадзіна. Што да беларускай сытуацыі, то нашая фракцыя стаіць, зразумела, на баку беларускай апазыцыі. Мы занепакоеныя ня толькі лёсам СМІ і журналістаў, але і палітвязьняў, усіх прадстаўнікоў апазыцыі, якіх перасьледуе рэжым. Мы выступаем за тое, каб грамадзяне Беларусі змаглі атрымліваць сапраўдную і праўдзівую інфармацыю”.

Тым часам эўрапейскія зялёныя прадставілі на разгляд іншых фракцыяў свой праект рэзалюцыі па Беларусі. Вось некаторыя вытрымкі зь яго:

“Дэпутаты рэзка асуджаюць масіўную атаку рэжыму Лукашэнкі супраць незалежных СМІ, а таксама журналістаў, сябраў апазыцыі, актывістаў праваабарончых арганізацыяў, тых, хто выступае за распаўсюджаньне крытычнай інфармацыі ў грамадзтве”.

У праекце дакумэнту эўрапарлямэнтары таксама ўказваюць на тое, што большая частка беларускага грамадзтва ня мае доступу да незалежнай інфармацыі адносна сытуацыі ў краіне і ЭЗ, лёсу зьніклых палітыкаў, палітычных канкурэнтаў Лукашэнкі, а таксама інфармацыі пра сапраўдны стан беларускай эканомікі, вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986 году.

Дэпутаты падтрымліваюць ідэю стварэньня крыніцаў незалежнай інфармацыі пра сытуацыю ў Беларусі, уключна са стварэньнем адмысловага тэле- і радыёвяшчаньня на Беларусь з суседніх Польшчы, Літвы і, магчыма, Украіны. Парлямэнтары заклікаюць кіраўніцтва ЭЗ узьняць беларускую праблему на перамовах з расейскім кіраўніцтвам і вызначыць агульныя падыходы што да канкрэтных дэмакратычных зьменаў у краіне.
XS
SM
MD
LG