Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавікі з Мазыра купілі акцыі “Магілёўхімвалакно” на суму 35 мільярдаў


Казімер Яноўскі, Гомель Назіральная рада акцыянэрнага таварыства “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод” вырашыла купіць акцыі таварыства “Магілёўхімвалакно” на суму 35 мільярдаў рублёў. Зроблена гэта на падставе прапановы ўраду.

На ўкладзеныя 35 мільярдаў рублёў мазырскія нафтавікі будуць мець крыху больш за 5,5% акцыяў таварыства “Магілёўхімвалакно”. Якую выгаду гэта прынясе нафтаперапрацоўшчыкам, намесьнік старшыні назіральнай рады, ён жа намесьнік кіраўніка канцэрну “Белнафтахім” Віктар Цімафееў патлумачыць адмовіўся. Прадстаўнік Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу ў пытаньнях эканомікі і фінансаў Яўген Арцюшэнка заявіў, што ён рашэньня не прымаў, ён — выканаўца.

Дырэктар таварыства “МНПЗ плюс” Віктар Мельнікаў, які адначасна зьяўляецца сябрам назіральнай рады, сказаў нашаму радыё:

(Мельнікаў: ) “Мы спадзяемся атрымаць на ўкладзеныя сродкі нармалёвую працу магілёўскага “Хімвалакна”. Гэта важна з эканамічнага і палітычнага гледзішча. На тамтэйшым хімічным камбінаце трымаецца Магілёў. Калі запрацуе “Хімвалакно”, то будуць і дывідэнды. Падобнае калісьці было з аб’яднаньнем “Бабруйскшына”. Зрабілі фінансавыя ўліваньні — і аб’яднаньне ажыло. Магчыма, запрацуе і “Магілёўхімвалакно”.

Кандыдат эканамічных навук і кіраўнік прадпрыемства з Гомелю Аляксандар Старавойтаў так пракамэнтаваў сытуацыю з пакупкай акцыяў “Магілёўхімвалакна”:

(Старавойтаў: ) “Пры сьмелых такіх, неардынарных рашэньнях, якія датычаць значных эканамічных і фінансавых маштабаў, заўсёды ёсьць элемэнт рызыкі. Але ёсьць і вялікая верагоднасьць удачы. Ня думаю, што гэта было цалкам валявым рашэньнем. Яго ж прымалі спэцыялісты, прымалі калегіяльна. Са свайго досьведу ведаю: адказны кіраўнік не дазволіць на шкоду прадпрыемству распараджацца сваімі актывамі. Там ёсьць пэрспэктыва. Ацэньваць з боку такія рашэньні цяжка і не зусім правільна. У іх звычайна ёсьць свае нюансы. І ад гэтых нюансаў, як правіла, залежыць большасьць удачаў альбо няўдачаў”.

Апрача Мазыра, паводле прапановы ўраду акцыі на 35 мільярдаў рублёў “Магілёўхімвалакна” набывае і акцыянэрнае таварыства “Нафтан” з Наваполацку.

Саўмін такім чынам распачаў новы раўнд выратаваньня магілёўскага хімкамбінату — гэтым разам з выкарыстаньнем рэсурсаў прадпрыемстваў, што маюць валюту. Ранейшыя спробы на дзяржаўныя рэсурсы паправіць эканамічнае становішча “Магілёўхімвалакна” посьпеху ня мелі.
XS
SM
MD
LG