Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БДГ": Казахі купілі ў Беларусі сыстэму для галасаваньня, якая фальсыфікуе вынікі


Іна Студзінская, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 5 ліпеня.

“Белорусская деловая газета” распавядае пра чарговы скандал, зьвязаны з магчымай фальсыфікацыяў выбараў. Казахстан закупіў у адной зь беларускіх фірмаў ВПК электронную сыстэму для галасаваньня і выкарыстаў на парлямэнцкіх выбарах летась. У мінулую пятніцу казахскія СМІ апублікавалі матэрыялы, што сыстэма пад кодавым назовам “Сайлаў” недасканалая, і з-за гэтага вынікі выбараў сфальшаваныя. БДГ праводзіць расьсьледаваньне, якая беларуская фірма мае дачыненьне да распрацоўкі сыстэмы, і чаму ў Беларусі сучасныя распрацоўкі айчынных адмыслоўцаў як бы не патрэбныя – ні ўладзе, ні апазыцыі.

“Витебский курьер” б’е трывогу: у Талачынскім раёне вельмі шмат выпадкаў крадзяжу хатняй жывёлы: у тутэйшых жыхароў крадуць каровы, коні. У Героя сацыялістычнай працы Ганны Іванюты і раней кралі куры, прадукты, а днямі пазбавілася яна сваёй красулі. Злачынцаў знайшлі хутка, па гарачых сьлядах, яле кароўку гераіні працы пасьпелі ўжо зарэзаць, а мяса збыць.

У сельскай мясцовасьці Віцебшчыны, што займае 90% тэрыторыі, пражывае менш за траціну насельніцтва вобласьці. На сяле рэзка пагаршаецца дэмаграфічная сытуацыя – за апошнія 15 год сельскае насельніцтва скарацілася на 101 тысячу, летась Расонскі, Гарадоцкі і Ушацкі раён пакінулі дзьве з паловай тысячы працаздольнага насельніцтва.

Колькі каштуе платнае навучаньне ў розных ВНУ краіны, якія факультэты зьяўляюцца самымі прэстыжнымі – пра гэта распавядае “Народная воля” у матэрыяле “Дарагія лекары і музыканты”.

Чаму на сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці кіраўніцтва краіны, у адрозьненьні ад сваіх расейскіх калег, зьявілася на публiцы бяз жонак, а ў атачэньні маладых дзяўчат? На гэтую тэму разважае чытачка “Народнай Волі”.

Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў піша аб мэтазгоднасьці вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. У артыкуле “Сындром паразы» спадар Паўлаў прапануе сваю стратэгію перамогі.

“Комсомольская правда в Белоруссии” дае парады, які бізнэс лепш пачаць у Беларусі? Як ацаніць ўсе плюсы і мінусы абранай справы? Адказы на гэтыя пытаньні шукайце ў спэцпрапанове “Даходнае месца”.

Сяброўка нявесты на вясельлі ў Маладзечне скрала ў маладых грошы. У першы дзень сумеснага жыцьця бюджэт маладой сям’і паменшыўся на 300 даляраў. Капэрты і падарункі зьбірала сьведка, сяброўка нявесты, а заадно і рабіла “рэвізію”. Цяпер з дзяўчынай разьбіраецца міліцыя, паведамляе “Камсамолка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG