Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Менску залі для Зьезду беларусаў сьвету не знайшлося


Валянціна Аксак, Менск Блізу двухсот прадстаўнікоў беларускае дыяспары з дваццаці пяці краінаў сьвету пацьвердзілі свой намер узяць удзел у працы IV зьезду Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Ягонае правядзеньне заплянаванае на 16—17 ліпеня ў Менску ў памяшканьні Міжнароднага адукацыйнага цэнтру (IBB), што ў мікрараёне Паўднёвы Захад. У цэнтры беларускае сталіцы для правядзеньня міжнароднага форуму суайчыньнікаў месца не знайшлося.

Замежных дэлегатаў на чарговы зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” чакалася значна больш за 200. Але ўнутрыпалітычная сытуацыя тут стала перашкодай іхнаму прыезду. Гаворыць старшыня згуртаваньня Алена Макоўская:

(Макоўская: ) “Мы сутыкнуліся з праблемай, што зь некаторых краінаў, я ня буду іх называць, людзі баяцца ўдзельнічаць. Нагнятаецца атмасфэра страху, што штосьці будзе тут зь іхнымі сваякамі, таму яны ня могуць прыехаць. У апошняй хвалі нашай эміграцыі вельмі шмат праблемаў з тым, што яны ўжо атрымалі грамадзянства іншае краіны, але яшчэ афіцыйна яны маюць беларускае грамадзянства, і яны баяцца таксама непрыемнасьцяў з гэтага боку”.

Гэта датычыць заходняе дыяспары. У прадстаўнікоў жа беларускіх арганізацыяў з усходу свае перасьцярогі. Працягвае Алена Макоўская:

(Макоўская: ) “Часам задаюць такія пытаньні: “Скажыце, а вы — апазыцыйная арганізацыя?” І да таго падобныя”.

На зьезьдзе плянуецца абмеркаваць шэраг пытаньняў, зьвязаных з культурным і эканамічным супрацоўніцтвам арганізацыяў беларускага замежжа з радзімай, прыняцьце канструктыўных рашэньняў, па якіх немажліва працаваць без узаемадзеяньня зь дзяржаўнымі структурамі. Аднак тыя, па словах спадарыні Макоўскай, праігнаравалі прапановы “Бацькаўшчыны”.

(Макоўская: ) “На пачатку году мы даслалі лісты ў нашыя міністэрствы інфармацыі, адукацыі, культуры. Мы іх прасілі выказаць свае прапановы, якія б яны хацелі, тэмы — каб абмеркаваліся на зьезьдзе, бо мы ўсё ж спадзяемся, што зьезд пройдзе канструктыўна і будуць выпрацаваныя нейкія рашэньні. Але, на жаль, мы не атрымалі ніводнага адказу”.

Да сказанага спадарыняй Макоўскай дадам, што Міністэрства замежных справаў не адказала на просьбу “Бацькаўшчыны” даць дэлегатам і гасьцям зьезду бясплатныя візы. Без тлумачэньняў прычынаў адмовілі ў арэндзе памяшканьня для правядзеньня зьезду адміністрацыі ўсіх вялікіх заляў, што знаходзяцца ў цэнтры Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG