Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў разгляд пазову "Экамэдсэрвісу"


Галіна Абакунчык, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі прыпыніў разгляд пазову прыватнага цэнтру “Экамэдсэрвіс” супраць Міністэрства аховы здароўя да моманту атрыманьня дадатковых дакумэнтаў. Кіраўніцтва прыватнай мэдычнай кампаніі просіць скасаваць рашэньне міністэрства аб ануляваньні ліцэнзіі. Паводле аналягічных прычынаў Міністэрства аховы здароўя пазбавіла права на мэдычную дзейнасьць недзяржаўнага мэдцэнтру “Нардзін”. Аднак у кампаніі заяўляюць, што дакумэнтальнага пацьвярджэньня пра ануляваньне ліцэнзіі яны ня маюць.

Судзьдзя Алена Караткевіч накіравала ў Савет міністраў запыт, які патрабуе больш дакладнага тлумачэньня нарматыўнага дакумэнту аб ліцэнзаваньні. Пасьля атрыманьня дадатковых матэрыялаў працэс будзе адноўлены. Да гэтага моманту правамоцным застаецца рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суда аб прыпыненьні міністэрскага распараджэньня, і прыватная кампанія працягвае працаваць у звычайным рэжыме, кажа прадстаўніца “Экамэдсэрвісу” Натальля Крамнёва.

(Крамнёва: ) “Мы працуем у новым будынку, у звычайным рэжыме, лечым нашых пацыентаў і спадзяемся на лепшае. Так, ёсьць пэўныя пытаньні ў судзьдзі. Таму бліжэйшым часам мы будзем чакаць адказу Саўміну, паколькі ён зацьвердзіў гэтую пастанову аб ліцэнзаваньні”.

Паводле спадарыні Крамнёвай, у “Экамэдсэрвісе” па-ранейшаму лічаць несправядлівай спробу ануляваньня ліцэнзіі і спадзяюцца на станоўчае для кампаніі рашэньне суду. У сваю чаргу, у Міністэрстве перакананыя ў правамоцнасьці і праўдзівасьці сваіх захадаў. Гаворыць кіраўніца ўправы ліцэнзаваньня Сьвятлана Ганчарык:

(Ганчарык: ) “Хачу сказаць ад імя Міністэрства аховы здароўя, што міністэрства вынесла абгрунтаванае і законнае рашэньне. У СМІ называюць гэта “фармальнымі прычынамі”, але гэта ліцэнзійныя патрабаваньні і ўмовы. Як яны могуць быць фармальнымі альбо нефармальнымі? Таму, тое, што гэта абгрунтавана і законна было зроблена, у нас ніякіх сумневаў няма абсалютна. Канчатковае рашэньне вынесе судзьдзя, і я, як прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя, спадзяюся, што яно таксама будзе законным і будзе грунтавацца на нормах дзейнага заканадаўства. Адназначна. Інакш у нас судоў бы не было”.

Па-ранейшаму працуе і яшчэ адзін прыватны мэдцэнтар “Нардзін”, ліцэнзію якога Міністэрства аховы здароўя анулявала 28 чэрвеня. Паводле дзейнага заканадаўства, дакумэнтальнае пацьверджаньне гэтага кіраўніцтва кампаніі мусіць атрымаць цягам пяці дзён. Аднак у “Нардзіне” заяўляюць, што ніякіх юрыдычных дакумэнтаў у гэтай справе яны не атрымлівалі. Паводле спадарыні Ганчарык, гэтак магло здарыцца выключна з тэхнічных прычынаў.

(Ганчарык: ) “Гэта ня дзіўна. Многія нашыя ліцэнзіяты гэтак заяўляюць, ня толькі “Нардзін”. Гэта пошта затрымлівае. Тут пытаньні выключна паштовыя і канцылярскія. Але мы накіравалі як і належыць, цягам пяці дзён, што ліцэнзія ануляваная. І ў “Нардзіне” былі гатовыя да таго, што рашэньне будзе менавіта такое. Бо Міністэрства аховы здароўя пісьмова адказвала на іхныя запыты. І гэта для іх абсалютна не зьяўляецца нейкай нечаканасьцю”.

Паводле спадарыні Ганчарык, за першыя паўгоду Міністэрства аховы здароўя анулявала ліцэнзіі на права мэдычнай дзейнасьці 23 мэдычныя ўстановы рознай формы ўласнасьці.

Міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка падчас сваіх выступленьняў неаднойчы выказвалася ў падтрымку разьвіцьця прыватных мэдычных паслугаў. Адначасна яна заяўляе, што Міністэрства аховы здароўя распачынае ствараць сетку дзяржаўных мэдычных цэнтраў, абслугоўваньне ў якіх будзе цалкам платнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG