Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фірмы дзеля працаўладкаваньня беларусаў за мяжой — па-за законам?


Ігар Карней, Менск Да 1 ліпеня кампаніі, якія займаюцца працаўладкаваньнем грамадзяняў Беларусі за мяжой, мусілі атрымаць ліцэнзіі новага ўзору. Аднак, паводле Міністэрства ўнутраных справаў, толькі адна камэрцыйная фірма прайшла перарэгістрацыю, і яшчэ адна падала адпаведныя дакумэнты. Ці азначае гэта, што астатнія фірмы апынуліся па-за законам?

Дагэтуль ліцэнзіі на працаўладкаваньне грамадзянаў Беларусі за межамі краіны мелі больш за трыццаць фірмаў. Аднак у зьвязку з новымі патрабаваньнямі дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі “Аб некаторых захадах у супрацьдзеяньні гандлю людзьмі”, усе яны мусілі да 1 ліпеня прайсьці пераліцэнзаваньне.

Як паведамілі ў дэпартамэнце міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў, адэкватна да гэтага патрабаваньня паставіліся толькі ў адной фірме — праўда, пакуль ліцэнзію на рукі яшчэ ня выдалі і называць яе палічылі заўчасным. Там жа ўдакладнілі, што галоўнай умовай да атрыманьня дазволу на працаўладкаваньне беларусаў за мяжой мусіць быць кантракт з замежным працадаўцам. Але перш чым выдаць ліцэнзію, МУС павінна пераканацца, што партнэр беларускай кампаніі ня мае дачыненьня да крымінальных структураў, заўважаных у гандлі людзьмі.

Прадстаўнікі фірмаў, якія не пасьпелі падрыхтаваць падобных пагадненьняў, лічаць патрабаваньні МУС перадузятымі, паколькі беларускія фірмы аб’ектыўна ня могуць дамаўляцца з замежнікамі наўпрост — рынак працы там даўно падзелены і беларусы вымушаныя задавольвацца рольлю пасярэднікаў. Адзін з кіраўнікоў кампаніі кажа: нават у лепшыя часы даводзілася захоўваць “кансьпірацыю”.

(Супрацоўнік: ) “Той, хто працаўладкоўвае, вельмі асьцярожны. Так бы мовіць, захоўваецца рэжым кансьпірацыі. Цябе саджаюць у адну машыну, валізку нясуць у іншую. Перастрахоўваюцца, каб не “павязалі”. Толькі паведамляюць, у які час валізкі будуць на месцы. Аб’ектыўна кажучы, ім працаўладкаваць людзей сапраўды апэратыўна вельмі складана. А бывае, што прыяжджае ў адзін дзень чалавек 20—40. Людзі, якія працаўладкоўваюць, — гэта групы, якія плацяць грошы тым, хто стаіць вышэй над імі. Але калі справа даходзіць да суду, то, натуральна, у турму ідзе “меншы”.

Шмат перад якімі беларусамі, якія цяпер працуюць за мяжой, паўстала дылема: вяртацца дадому ці не? Прынамсі, цяпер ніхто ня можа даць гарантыі, што можна будзе зноў адносна беспраблемна ад’ехаць за мяжу. Аршанец Віктар расказвае, што ягоны сябра, зь якім яны паўгоду адпрацавалі на вэрфях у Швэцыі, пасьля доўгіх роздумаў усё ж вырашыў там застацца.

(Віктар: ) “Ён звольніўся тут з пажарнай часткі, назад ужо наўрад ці возьмуць. У цябе, кажа, адзін мікрааўтобус ёсьць, другі можа будзе, ёсьць праца. А што я прыеду? Штосьці зарабіў сам, цешча дала 10 тысяч даляраў, яна ў Гішпаніі працуе. Гаворыць, кватэру куплю — і ўсё, зноў грошай няма”.

Зыходзячы з таго, што практычна ніхто з камэрсантаў не падрыхтаваўся да працы ў новых умовах, у Міністэрстве ўнутраных справаў чакаюць істотнага скарачэньня колькасьці грамадзянаў, якія будуць выяжджаць за мяжу. Між тым, прадстаўнікі галінаў, якія традыцыйна лічацца “донарамі” для замежных краінаў, па-ранейшаму прагназуюць адток за мяжу. Кіраўнік Цэнтру маніторынгу міграцыі Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Арцюхін кажа: прынамсі, навукоўцы будуць ад’яжджаць за мяжу па прыватных кантрактах.

(Арцюхін: ) “Працэс такі, што назіраецца пэўнае амаладжэньне. Ну, і зьявілася краіна, якая атрымала прыярытэтны кірунак — Расея. Дагэтуль статыстыкай як замежная дзяржава Расея не асэнсоўвалася. Але цяпер сталі патрабаваць тыя ж дакумэнты, як і на на выезд у іншыя краіны, і выявілася, што Расея выходзіць на другое месца пасьля ЗША паводле адтоку на пастаяннае месца жыхарства. Расея адчувальна ўстае на ногі, там адчуваецца падтрымка навукі, таму ёсьць да яе інтарэс з боку нашых грамадзянаў”.

У зьвязку з прэзыдэнцкім дэкрэтам, таксама да 1 ліпеня павінны былі прайсьці пераліцэнзаваньне і мадэльныя агенцтвы. Аднак пры канцы мінулага тыдня падчас сустрэчы ў адміністрацыі Лукашэнкі прадстаўнікі мадэльнага бізнэсу атрымалі адтэрміноўку да 1 верасьня. Датычна фірмаў, якія займаюцца працаўладкаваньнем за мяжой, такіх палёгкаў не плянуецца.
XS
SM
MD
LG