Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўладкоўваць беларусаў за мяжой цяпер можа толькі адна фірма


Ігар Карней, Менск Да 1 ліпеня шэраг кампаній, якія займаюцца працаўладкаваньнем грамадзяняў Беларусі за мяжой, мусілі атрымаць ліцэнзіі новага ўзору. Аднак, паводле Міністэрства ўнутраных справаў, толькі адна камэрцыйная фірма прайшла перарэгістрацыю і яшчэ адна падала адпаведныя дакумэнты.

Да гэтага часу ліцэнзіі на працаўладкаваньне грамадзянаў Беларусі за межамі краіны мелі больш за 30 фірмаў. Аднак у зьвязку з новымі патрабаваньнямі дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі “Аб некаторых захадах у супрацьдзеяньні гандлю людзьмі”, усе яны павінны былі прайсьці перарэгістрацыю.

Галоўнай умовай да атрыманьня дазволу на працаўладкаваньне беларусаў за мяжой мусіць быць кантракт мясцовай фірмы з замежным працадаўцам. Пасярэднікі з гэтага ланцужка, як гэта было дагэтуль, выключаюцца. У сваю чаргу, МУС павінен пераканацца, што замежны партнэр беларускай фірмы ня мае дачыненьня да крымінальных структураў, заўважаных у гандлі людзьмі.

У зьвязку з прэзыдэнцкім дэкрэтам, таксама да 1 ліпеня павінны былі прайсьці перэліцэнзаваньне і мадэльныя агенцтвы. Аднак пры канцы мінулага тыдня падчас сустрэчы ў адміністрацыі Лукашэнкі прадстаўнікі мадэльнага бізнэсу атрымалі адтэрміноўку да 1 верасьня. Датычна фірмаў, якія займаюцца працаўладкаваньнем беларусаў за мяжой, такіх палёгкаў не плянуецца.

(Падрабязнасьці)
XS
SM
MD
LG