Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірляндыя: ад "бульбяной" правінцыі да сусьветнага эканамічнага цуду


Натальля Судлянкова, Прага На сёньняшні дзень самая заможная краіна Эўразьвязу пасьля Люксэмбургу – гэта Ірляндыя. Гэтая краіна, якая раней была лепш вядомая сваімі мігрантамі, паэтамі і грамадзянскімі войнамі, сёньня мае ўнутраны валавы прадукт на аднаго чалавека большы, чым Нямеччына, Францыя або Брытанія. Гісторыя Ірляндыі, якая здолела зрабіць настолькі значны крок наперад, яскрава адлюстроўвае сытуацыю ў сёньняшняй Эўропе – асноўныя падзеі адбываюцца на пэрыфэрыі, у тых краінах, якія ня толькі прынялі глябалізацыю, але й здолелі яе выкарыстаць на сваю карысьць.

Да тэмы надзвычайнага эканамічнага росту ў Ірляндыі зьвярнулася газэта "International Herald Tribune". Яна нагадала: Ірляндзкі цуд пачаўся напрыканцы 1960-х гадоў, калі ўрад зрабіў сярэдняе навучэньне бясплатным. Гэта дало магчымасьць дзецям зь сем’яў рабочых атрымаць вышэйшую адукацыю або тэхнічную спэцыяльнасьць. У выніку, калі ў 1973 годзе Ірляндыя далучылася да Эўразьвязу, у краіне было шмат высокаадукаванай працоўнай сілы. У сярэдзіне 1980-х гадоў Ірляндыя пачала атрымліваць субсыдыі ад Эўразьвязу, перад ёй адчыніўся новы вялікі рынак. Аднак у краіны не хапала якасных тавараў, якія яна магла б прадаваць на гэтым новым рынку. Да гэтай сытуацыі спрычыніліся пратэкцыянісцкія законы, якія гадамі дзейнічалі на мясцовым рынку. Працы не хапала, і адукаваныя людзі пачалі эміграваць з краіны.

Тым ня менш, Ірляндыя здолела правесьці зьмены. Урад, асноўныя прафсаюзы, фэрмэры і прадстаўнікі вытворчых прадпрыемстваў дамовіліся рэалізаваць праграму абмежаваных падаткаў, рэзка зьнізіўшы карпаратыўныя падаткі да 12,5%, значна ніжэй за іншыя краіны Эўропы. Ірляндыя таксама пачала праводзіць агрэсіўную палітыку прыцягненьня інвэстыцыяў. Вынікі гэтай палітыкі былі фэнамэнальнымі. Сёньня 9 з 10 найбуйнейшых фармацэўтычных кампаніяў сьвету вядуць свае апэрацыі ў Ірляндыі, 16 з 20 найбуйнейшых кампаніяў-вырабцаў мэдыцынскага абсталяваньня, 7 з 10 найбуйнейшых праграмісцкіх карпарацыяў. У мінулым годзе Ірляндыя атрымала са Злучаных Штатаў больш простых інвэстцыяў, чым зь Кітаю.

Майкл Дэл, заснавальнік кампаніі Dell Computers зазначае, што калі карпарацыя ў 1990 годзе адчыніла свае апэрацыі ў Ірляндыі, было некалькі момантаў, якія найбольш прыцягвалі ўвагу кіраўніцтва. Першае – гэта наяўнасьць добраадукаванай працоўнай сілы і добрых унівэрсытэтаў. Больш таго, падкрэсьлівае Дэл, Ірляндыя праводзіць індустрыяльную і падатковую палітыку, арыентаваную на падтрымку бізнэсу незалежна ад таго, якая партыя знаходзіцца ўва ўладзе. Ірляндыя мае вельмі добрую транспартную і лягістычную інфрастуктуру, адсюль можна хутка паставіць свае тавары на асноўныя эўрапейскія рынкі. Ну і нарэшце, дадае Майкл Дэл, ірляндцы хочуць дасягнуць посьпеху і прагнуць перамогі. За 15 гадоў кампанія Дэл стала найбуйнейшым экспарцёрам Ірляндыі.

Рэцэпт посьпеху Ірляндыі вельмі просты: трэба зрабіць адукацыю ў найвышэйшых навучальных установах і каледжах бясплатнай, карпаратыўныя падаткі – нізкімі, простымі і празрыстымі, актыўна прыцягваць у краіну глябальныя кампаніі, адчыніць эканоміку для канкурэнцыі, валодаць ангельскай мовай і дамагчыся паразуменьня паміж прафсаюзамі і гаспадарамі прадпрыемстваў.

Потым гэта ўсё трэба ўтрымаць, таму што на шляху на посьпеху могуць быць перашкоды – і тады вашая краіна таксама можа стаць адной з самых заможных краінаў Эўропы – адзначае "International Herald Tribune".
XS
SM
MD
LG