Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Міліцыянты не хавалі, што іх паслаў старшыня райвыканкаму"


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці рэдка які сход па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, дзе будзе вызначаны адзіны кандыдат ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ад аб`яднаных дэмакратаў, абходзіцца без умяшаньня міліцыі. На сувязі наш гомельскі карэспандэнт.

Міліцыя намагаецца сарваць гэтыя сходы і заадно выявіць найбольш уплывовых актывістаў у сваіх рэгіёнах. Самі актывісты называюць і іншыя магчымыя прычыны такой актыўнасьці міліцыі. Паслухаем меркаваньне намесьніка старшыні абласной арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Кацоры:

(Кацора: ) “Міліцыя тут нічога не дамагаецца. Яна проста выконвае волю людзей, якія сёньня пры ўладзе. Менавіта яны дамагаюцца. Напрыклад, у Калінкавічах міліцыянты не хавалі, што іх паслаў старшыня райвыканкаму. Улады хочуць запалохаць і тых людзей, якія ходзяць на сходы, і тых, якія яшчэ могуць прыйсьці”.

Што да ўмяшаньня ў правядзеньне сходаў, то міліцыянты выкарыстоўваюць самыя розныя падставы. У Сьветлагорску, напрыклад, былі затрыманы “дзеля гутаркі ў пастарунку” двое актывістаў БНФ. У Рэчыцы міліцыянты сваё ўварваньне ў прыватны дом на вуліцы Заслонава, дзе ладзіўся раённы сход па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў, патлумачылі тым, што, маўляў, паступіў сыгнал: у доме сабраліся бандыты.

Пра адметнасьці дзеяньняў міліцыянтаў у Мазыры і Калінкавічах распавядае рэгіянальны каардынатар аргкамітэту Аб`яднаных дэмакратычных сілаў Андрэй Толчын:

(Толчын: ) “У мяне ўражаньне, што ў нас цяпер існуе паліцэйская дзяржава. Міліцыя выкарыстоўвае прынцып правакацыі. У Мазыры яны прывезьлі двух п''яніц, якія быццам бы ўчынілі бойку. Гэта дало падставу, каб міліцыянты колькасьцю да паўтара дзесятка чалавек зрабілі спробу сарваць сход.

У Калінкавічах яны выкарысталі таксама правакацыю – заяўлялі, быццам бы ў кватэры вырабляюцца нейкія наркатычныя рэчывы. Гэта было падставай, каб туды зайшлі два маёры, капітан і два лейтэнанты. У іх была мэта сарваць наш сход. Да таго ж яны патрабавалі, каб людзі, што прысутнічалі на сходзе, былі перапісаны, каб давалі нейкія паказаньні”.

Ці маюць міліцыянты нейкія законныя падставы ўчыняць людзям, што сабраліся на сход, нейкія праверкі, дагляды, іншыя спэцыяльныя меры? Што кажуць на гэта міліцэйскія начальнікі?

Сьледчы маёр міліцыі з Калінкавічаў Аляксандр Таран, які з групай ахоўнікаў сачыў, дзе зьбіраецца сход актывістаў, адмаўляе наяўнасьць парушэньня правоў чальцоў партыяў на сходы:

(Таран: ) “Ніхто там нічога не парушаў. Супрацоўнікі міліцыі таксама нічыіх правоў не парушылі. Я асабіста гутарыў з гаспадаром кватэры. Гаспадар патлумачыў, што да яго прыйшлі госьці адзначаць першыя ўгодкі шлюбу. У доме – ягоныя сябры. Усё. Болей пытаньняў да іх не ўзьнікла”.

Вышэйшыя міліцэйскія чыны з абласной управы унутраных спраў адмовіліся ад камэнтару дзеяньняў сваіх падначаленых у Калінкавічах, Мазыры, Сьветлагорску, іншых райцэнтрах. Адмова была афіцыйна дадзеная праз прэсавую службу міліцэйскай управы.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка наконт дзеяньняў міліцыі ў рэгіёне выказаўся так:

(Вячорка: ) “Рэакцыя мясцовых і абласных уладаў паказвае, што лукашэнкаўскі рэжым ацэньвае нашу працу больш, чым сур`ёзна. Вылучэньне адзінага кандыдата, якое складаецца з трох этапаў, пасьпяхова прайшло першы і ўступіла ў этап другі. Відавочна, што існуе пэўная інструкцыя, якой сьлепа сьледавалі міліцыя і спэцслужбы. Але ўсё дэмакратычныя беларусы – людзі творчыя. Нам па сілах выконваць пастаўленыя перад сабой задачы. Найважнейшая зь іх тая, каб беларускі народ быў і пачуваў сябе гаспадаром на сваёй зямлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG