Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі даў згоду на прызначэньне Аяцкава паслом Расеі ў Менску


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністэрства замежных спраў Беларусі дало згоду на прызначэньне расейскім амбасадарам у Беларусі былога саратаўскага губэрнатара Дзьмітрыя Аяцкава. Як можа адбіцца на беларуска-расейскіх дачыненьнях гэтае прызначэньне?

За 14 гадоў дыпляматычных зносінаў Беларусі з Расеяй упершыню амбасадарам у Менск прыедзе чалавек, за якім цягнецца выразны шлейф недарэчнасьцяў і нават скандалаў. Чым жа пасьпеў адзначыцца Дзьмітрый Аяцкаў? Заўважу, што ў Беларусі ў нацыянальным маштабе фактычна на слыху няма мясцовых абласных начальнікаў, тым больш мала людзі ведаюць пра расейскіх. Аднак Дзьмітрый Аяцкаў – выключэньне. Былы саратаўскі губэрнатар стаў шырока вядомы яшчэ ў сярэдзіне 1990-ых гадоў, калі адзіны зь кіраўнікоў рэгіёнаў Расеі публічна выказаўся за легалізацыю прастытуцыі.

Потым былі іншыя нестандартныя заявы ды ўчынкі, кшталту катаньня на вярблюдзе па Саратаву ды агалошваньня плянаў шырока разводзіць гэтых жывёлін у Расеі... Паступова, як пісалі расейскія газэты, Аяцкаў заняў нішу палітычнага клоўна, над якім пасьмейваюцца ў Крамлі , але якога любяць простыя выбаршчыкі. Двойчы Аяцкаў станавіўся губэрнатарам і ,магчыма, пайшоў бы на трэці тэрмін, каб ня гучны скандал. Жонка -- Вольга Сяргеева, адказная супрацоўніца абласной адміністрацыі -- незаконна прыватызавала два катэджы ў элітным раёне на беразе Волгі. Катэджы цягнулі амаль на 5 мільёнаў даляраў і пракуратура ўжо абвясьціла Вольгу Сяргееву ў вышук, бо тая не зьяўлялася на допыты, як раптам Аяцкава накіравалі амбасадарам у Беларусь. Абачлівая жонка экс-губернатара хутка адмовілася ад катэджаў, і справу закрылі. Пытаюся у былога дыплямата, палітоляга Андрэя Фёдарава, як можа адбіцца на сьвецкім жыцьці Аяцкавых у Менску гэтая гісторыя з катэджамі ?

(Фёдараў: ) “Хто захоча, будзе да яе езьдзіць, хто не захоча, ня будзе. Я маю на ўвазе жонак амбасадараў. На прыёмы будуць хадзіць, безумоўна, з жонкамі. Яна ж зараз не пад сьледзтвам. Не, у гэтым сэнсе на сьвецкае дыпляматычнае жыцьцё гэта не паўплывае ".

Галоўнай праблемай беларускай і расейскай дыпляматыі застаецца саюз краінаў, які ніяк ня створаць. Ці магчыма, што Аяцкаў падштурхне гэты працэс? Ён, дарэчы, ужо заяўляў, што спадзяецца стаць апошнім расейскім амбасадарам у Беларусі. Палітоляг Андрэй Фёдараў скептычна ставіцца да гэтакіх плянаў.

(Фёдараў: ) “ Усе нашыя ўзаемаадносіны прынцыпова вырашаюцца зусім не на ўзроўні амбасадараў, а на значна больш высокім узроўні. Амбасадар тут выконвае чыста тэхнічныя функцыі. Прынцыповыя пытаньні празь яго не вырашаюцца”.

Нагадаю, 4 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пабудаваць саюз з Расеяй магчыма толькі на прынцыпах роўнасьці, якія, паводле беларускага кіраўніка, Расея парушае. У прыватнасьці, Лукашэнка сказаў пра адсутнасьць роўнасьці для суб’ектаў гаспадараньня. Між тым варта нагадаць, што цяперашні расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандр Блахін неаднаразова казаў пра факты, калі беларускія ўлады парушалі правы расейскіх бізнэсоўцаў. Як будзе дзейнічаць у падобных выпадках Дзьмітрый Аяцкаў, спытаў я ў палітоляга Андрэя Фёдарава.

(Фёдараў : ) “Можа ён будзе больш лагодна гэта вырашаць, ня так рэзка, як дазваляў сабе Блахін. На сярэднім дыпляматычным узроўні ён будзе спрабаваць гэта вырашаць. Можа не гэтак публічна, у больш у кулюарах. Не, функцыі ён будзе выконваць, але не прынцыповыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG