Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сасновы Бор


Віталь Сямашка, Сасновы Бор, Маладэчанскі раён (эфір 2 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

“Што цяжэй за ўсё ўбачыць? Тое, што ляжыць перад тваімі вачыма”. Гэты выраз вялікага Гётэ згадаў акурат па дарозе ў Сасновы Бор. Дайце веры — пра мястэчка за чатыры кілямэтры ад Маладэчна не знайшоў ніводнай згадкі ні ў энцыкляпэдыях, ні ў мясцовай кнізе “Памяць”. Дый нават самі мясцовыя ня ведаюць, адкуль пайшоў назоў, і міжсобку кажуць, што жывуць, маўляў, на зьверафэрме, як называецца мясцовае прадпрыемства па вырошчваньні норак. Выключны выпадак у сувязі з гэтым распавяла мне Лілія Пашкоўская, спэцыяліст па кадрах сельгасаддзяленьня “Зьверагаспадарка” ўнітарнага прадпрыемства “Белкаапзьнешганадль Белкаапсаюзу”.

(Пашкоўская: ) “Аднойчы я знайшла ў пасьведчаньні аб нараджэньні так напісана, дзе нарадзіўся чалавек: “На зьверафэрме”. Пайсьці ў брыгады ды папытацца ў любога рабочага — дзе ты працуеш, то думаю, ніводзін не адкажа…”

Знайсьці зьвесткі аб паходжаньні назвы Сасновы Бор, прабачце за таўталёгію, у сасновым бары — а менавіта пасярод яго знаходзіцца паселішча — аказалася няцяжка. Асабліва калі аўтарства, як аказалася, належыць жанчыне з прозьвішчам Шастаковіч. Вольга Мікалаеўна тутэйшая, адпрацавала на зьверафэрме 35 гадоў эканамістам. Эстэтычнае стаўленьне да рэчаіснасьці аказалася ў яе мацней за боязь перад славутымі інстанцыямі ў брэжнеўскі час, калі ў 1975-м зьверху прапанавалі назваць мястэчка “Першамайскім”. Згадвае спадарыня Шастаковіч:

(Шастаковіч: ) “Вунь сасоньнік вакол-вакол… “Першае Мая” тут аніяк не падыходзіла! Падтрымалі мяне на агульным сходзе працаўнікоў, і так было запісана ў пратаколе, што назву дала я”.

Між іншым, тым, што першыя дзьве хаты вакол зьверафэрмы, узьніклай празь дзесяцігодзьдзе пасьля другой усясьветнай, былі пабудаваныя ажно ў 1970-м, бадай, можна тлумачыць сьціпласьць інфармацыі пра Сасновы Бор — як кажуць, асабліва няма пра што і гаварыць. Тым болей, сама зьверафэрма амаль да апошніх дзён была ў заняпадзе. У савецкі час кошт аднаго сасноваборскага самца норкі на аўкцыёнах даходзіў да паўсотні даляраў. Цяпер у 2—2,5 разы ніжэй. У чым справа, тлумачыць Іван Іванавіч Краўцоў, намесьнік дырэктара.

(Краўцоў:) “Калі ласка, аўкцыёны ў Хэльсынкі, Санкт-Пецярбурзе — там нас прымаюць. Але сёньняшняя якасьць сасноваборскай пушніны пакідае жадаць лепшага. З-за недахопу кармоў. На сёньняшні дзень мы забясьпечаныя рыбай ды субпрадуктамі да ліпеня ўключна. Калі якасьць пушніны будзе лепшай, на аўкцыёнах падымецца цана. Калі б мы вярнуліся да тых сарака даляраў, было б выдатна…”

Дарэчы, вагу дарослай самкі норкі-шчанюкі набіраюць за два-тры тыдні. Але нягледзячы на тое, што пагалоўе зьвяркоў дасягнула 125 тысяч, перашкодаў для іх рэалізацыі паўстае шмат. Кажа мне Ўладзімераўна, як называюць тут спадарыню Мяшковіч, галоўнага заатэхніка з 32-гадовым стажам.

(Мяшковіч: ) “Мы ня можам рэалізаваць футравіну, бо ў нас практычна няма попыту. Людзі сталі бяднейшыя, і прадукты на першым месцы. Чалавек бяз шапкі можа пражыць. Бяз хлеба — не. А мы ў гэтым годзе толькі 20 тысяч змаглі рэалізаваць за мяжой — у нас шмат доўгу, і мы мусілі разьлічвацца з пастаўцамі за кармы. Гады два мы ня можам карміць нармальна норак…”

(Карэспандэнт: ) “Уладзімераўна, у ежы норкі ж больш пераборлівыя, чым людзі?”

(Мяшковіч: ) “Так, рацыён складаецца ў залежнасьці ад сытнасьці і нават часавых пэрыядаў. У мінулым годзе ў нас пала 3000 шчанюкоў з-за таго, што не было паставак зь мясакамбінату, імпартных дадаткаў”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі вы сёньня залежыце ад зьнешніх фактараў?”

(Мяшковіч: ) “На 30 адсоткаў. Усё жывое залежыць ад надвор’я. У гэтым годзе, да прыкладу, запозьненае нараджэньне на тры-чатыры дні. І ад зьверавода — у аднаго пяцёра шчанюкоў на адну самку, у другога тры пры аднолькавым кармленьні”.

Аднак слабы попыт на прадукцыю, а значыць, і невялікі заробак зьвераводаў, праца якіх карпатлівая ды брудная, спараджае вялікую цякучку кадраў — 30 адсоткаў, гэткую ж лічбу назвала мне і тутэйшая кадравічка Лілія Пашкоўская. А вось як яна апісала разьмеркаваньне заняткаў трох працаздольных соцень насельнікаў з шасьцісот, што пражываюць у Сасновым Бары:

(Пашкоўская: ) “50 адсоткаў працуюць на зьверагаспадарцы, а 50 — на прадпрыемствах гораду. На гаспадарцы на самой 50 адсоткаў гарадзкога насельніцтва працуе — цяжка знайсьці працу”.

Хучэй за ўсё тое, што нядаўна зьверафэрма зьмяніла ўласьніка, перайшоўшы зь дзяржаўнага падпарадкаваньня пад патранаж замежнагандлёвай арганізацыі Белкаапсаюз, падахвоціў і першы ў гісторыі Сасновага Бору страйк, што адбыўся напрадвесьні. Кажуць, былое кіраўніцтва цалкам дыскрэдытавала сябе, страціўшы рынкі збыту. Да таго ж акурат тры месяцы супрацоўнікам не выдавалі ні капейчыны заробку. Дагэтуль пра яго згадваюць паўшэптам. Мне расказалі на ўмове ананімнасьці, хоць страйкавалі ўсе як адзін. Бо дагэтуль за тры месяцы не атрымалі ні капейчыны заробку.

(Карэспандэнт: ) “А мела гэта нейкі сэнс?”

(Галасы: ) “Ва ўсякім выпадку, разьлічылі нас… Выйшлі ўсе зьвераводы, есьці трэба, карміць сям’ю… Жанчыны больш. Мужык ведае, што ўсё роўна жонка накорміць”.

(Карэспандэнт: ) “У Беларусі, калі рэвалюцыя будзе, дык гэта рэвалюцыя жанчын?”

(Галасы: ) “Натуральна, натуральна”.

Страйк, прынамсі, вырашыў толькі пытаньне хлеба надзённага — заробкі былі выплачаны. Асноўны ж выбуховы матэрыял для сацыяльнага пратэсту ў Сасновым Бары застаецца, бо назапашваўся гадамі. Расказ пра процьму вастрэйшых для сасноваборцаў побытавых праблемаў пачуў з вуснаў пэнсіянэркі — Веры Сямёнаўны Роман.

(Роман: ) “Раней была лазьня, пральнае абслугоўваньне, клюб, сталовая, а цяпер нічога няма. Бядуем без вады гарачай. Вада брудная, у ванну нальеш. Толькі ў будзённыя дні аўтобус ходзіць, у суботу-нядзелю на кірмаш пешшу трэба ісьці. 10 градусаў цяпла зімой — у бурках сядзім у хаце. Хустку на галаву, куфайку на плечы, а тады ў ложак халодны — немагчыма!”

(Карэспандэнт: ) “Вера Сямёнаўна, вы дзяржаве верыце хоць як-небудзь?”

(Роман: ) “Я ўжо з даверу выйшла. Во дах цячэ, пісала — ніхто ўвагі не зьвяртае!”

Аўтарка назову Сасновы Бор спадарыня Шастаковіч спраўна галасавала заўжды за Аляксандра Лукашэнку. Аднак апошнім часам пачала вагацца.

(Шастаковіч: ) “Вы ведаеце, я сама ня ведаю, што сказаць. Верыла раней і цяпер крыху прыслухоўваюся. Лукашэнка адзін ня сонца, усіх не абагрэе…”

Лішне казаць, было б недаравальна, вандруючы па Сасновым Бары, не пабачыць норак, не пачуць тых, хто іх абслугоўвае. Першая сустрэча са старэйшай рабочай Леакадзіяй Бычык ці Фёдараўнай, як яе завуць, — зьвераводам з 20-гадовым стажам. Абслугоўвае чатыры сотні зьвяркоў.

(Карэспандэнт: ) “Гэта цяжка?”

(Бычык: ) “Не-а, паслухмяныя. О, за хвост цягну, гэта ж самец, кусацца хоча, а гэта, чуеце, малыя пішчаць… Самка пры нармальным кармленьні дае прыплоду да чатырнаццаці шчанюкоў. Во самка баіцца, каб мы іх не забралі — хлопчыкаў ды дзяўчатак…”

(Карэспандэнт: ) “Любіце вы іх?”

(Бычык, сьмяецца: ) “Вельмі! Чым іх болей, тым нам больш грошай”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі зарабляеце?”

(Бычык: ) “Сто баксаў! “Бацькам” абвешчаныя…”

(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, “бацька” вам іх зарабіў ці самі?”

(Бычык: ) “Канечне, самі — сваімі рукамі. Ад такога маленькага да такога — зьмерзнуць, на грудзі кладзем…”

Фёдараўна ж знаёміць з 25-гадовай Аленай Сасноўскай. Дзяўчыну на фэрму прывяла маці. Абслугоўвае ўжо 300, як тут кажуць, галоў. Жыве ў Маладэчна.

(Карэспандэнт: ) “Алена, колькі ты хочаш атрымліваць — у далярах?”

(Алена: ) “Многа — 250”.

(Карэспандэнт: ) “А калі зьдзейсьніцца запаветная мара, пераедзеш сюды?”

(Алена: ) “Не! Няма тут гарачай вады”.

(Бычык: ) “І халодная вада не даходзіць да трэцяга-чацьвертага паверха, а 100 тысяч кожны месяц заплаці за камунальныя паслугі. Жыльля няма. Чубайс вінаваты, што нас ня грэюць. (Сьмяецца.)”

(Карэспандэнт: ) “А ў нас хто вінаваты?”

(Бычык: ) “Лукашэнка!”

А вось маладога канявода Аксану Кірылюк не цікавяць ані палітычныя пытаньні, ані нават грошы — працуе на чвэрць стаўкі за 10 даляраў у месяц. У Сасновым Бары яе называюць фанаткай. Яна згаджаеца зь мянушкай, калі заводзім гаворку пра яе дванаццацярых выхаванцаў розных узростаў.

(Аксана: ) “Я працую з коньмі проста таму, што іх люблю. Грошы ў жыцьці не галоўнае і пад гэтым падпішуся”.

Побач са зьверафэрмай дзіцячы садок, у якім пятнаццаць дзетак. Убачыўшы мікрафон, яны ўсёй грамадой сабраліся вакол мяне. Рэй вядзе самы сьмелы — шасьцігадовы Дзяніска Прахоцкі.

(Карэспандэнт: ) “А кім хочаш стаць?”

(Дзяніска: ) “Доктарам і чэмпіёнам”.

(Карэспандэнт: ) “А ў Сасновым Бары падабаецца?”

(Дзяніска: ) “Падабаецца. Мне падабаецца зьбіраць шышкі, зарадку рабіць. Камароў толькі шмат…”

Да нас тым часам падышла загадчыца Натальля Кугулінская.

(Кугулінская: ) “Ой, мне очень тяжело с вами говорить — я никогда здесь не жила и не говорила по-белорусски”.

(Дзяніска: ) “А я б мог! А што мне трэба гаварыць?”

(Карэспандэнт: ) “А табе беларуская мова падабаецца?”

(Дзяніска: ) “Падабаецца… А дзе мы жывем? У Сасновым Бары, у Беларусі”.

(Кугулінская: ) “Детский сад наш русскоязычного направления, потому что он с экологическим уклоном… С белорусской мовой мы их знакомим — четыре раза в месяц у нас проходят занятия по знакомству с белорусским искусством и писателями, которые у нас белорусские, — Якуб Колас и Журба у нас есть…”

Але доўга журыцца мне не давялося. Мяне праводзіла знаёмая вам Уладзімераўна, зь якой пры канцы пагутарылі пра спадзевы на будучыню.

(Мяшковіч: ) “Маё меркаваньне, усё залежыць ад нашай працы. Попыт на футравіну ня ў нас, дык за мяжой будзе. Калі маем любімую працу і аддаем ёй душу, мабыць, гэта і шчасьце. Іншага я не ўяўляю”.

(Карэспандэнт: ) “А іншага мястэчка, як Сасновы Бор?”

(Мяшковіч: ) “Таксама. Я пражыла ўсё жыцьцё, вырасьлі дзеці, унукаў чатыры дачакалася. Усё маё жыцьцё — Сасновы Бор…”
XS
SM
MD
LG