Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як камень у ваду


Мікола Раманоўскі, Менск

Кінуты ў ваду камень зьнікае, і знаку па ім не застаецца. Калі нешта прапала як камень у вадзе – значыць, ужо ня вернецца. Асабліва гэта важна, калі гаворка ідзе пра тое, каб забыць крыўду, перастаць злавацца. Фальклярыст Пятро Шпілеўскі прыводзіць такі прыклад: старыя ўмаўляюць двух ворагаў памірыцца і прыгаворваюць: “Пакіньце гневацца, няхай яно ўсё, што было, згіне марне, прападзе, як той камень у вадзе”.

Мяркуюць, што гэтая прымаўка пайшла ад старадаўняга абраду, пра які мы ведаем зь летапісаў. Каб заключыць мір, славянскія правадыры запрашалі сваіх ворагаў на бераг вады – мора ці ракі, дзе стаяў паганскі ідал. Паказваючы сваю згоду на мір, тыя і другія сымбалічна кідалі ў ваду камяні. Потым падавалі адзін аднаму правую руку і клалі да ног бажышча зброю, грошы і – зноў жа – камяні.

Звычай кідаць камень у ваду, каб паказаць, што зла больш няма, захаваўся амаль да нашых дзён. Яшчэ ў XIX стагодзьдзі бывала, што вяскоўцы ўгневаюцца на ліхога аканома, набяруць камянёў і пойдуць яго біць, але спаткаюць нейкі нядобры знак або нехта іх адгаворыць па дарозе, то раздумаюцца, вяртаюцца дадому і кідаюць тыя камяні ў калодзеж. І прыгаворваюць: “Няхай яно прападзе з каменем у вадзе!” У якога гаспадара калодзеж даводзілася рэгулярна чысьціць ад каменьня.

І то лепш, чым сваркі і звадкі. Хай яны прападуць, як камень у вадзе.
XS
SM
MD
LG