Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пытаньне будзе абмяркоўвацца ў Страсбуры эўрапарлямэнтарамі і камісарам Эўразьвязу


Алена Струвэ, Менск У францускім Страсбуры пачалася чарговая сэсія Эўрапейскага парлямэнту, у часе якой дэпутаты абмяркуюць і беларускае пытаньне. Назаўтра на вечар з заявай па сытуацыі зь беларускімі СМІ перад эўрапарлямэнтарамі выступіць камісар Эўразьвязу Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Дэбаты па Беларусі адбудуцца ў аўторак, 5 ліпеня, позна ўвечары. Галасаваньне па выніковай рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі прызначана на сераду, 6 ліпеня.

Cёньня да 20-й гадзіны паводле менскага часу ўсе фракцыі Эўрапарлямэнту мусілі завяршыць працу над уласнымі праектамі рэзалюцыі па Беларусі. Як паведамілі “Свабодзе” ў бюро дэпутаткі Эўрапарлямэнту ад фракцыі зялёных Элізабэт Шродтэр, галоўная тэма гэтае рэзалюцыі — свабода СМІ ў Беларусі і шляхі да атрыманьня беларускімі грамадзянамі незалежнай інфармацыі.

(Сакратарка бюро Шродтэр: ) “Нашая фракцыя цяпер занятая падрыхтоўкай гэтага праекту. Некаторыя фракцыі, напрыклад, фракцыя Народнай Эўрапейскай партыі, такі праект ужо прадставіла на абмеркаваньне. У ім, напрыклад, утрымліваецца прапанова адносна адкрыцьця замежнага радыёвяшчаньня на Беларусь. Я ведаю, што ўсе парлямэнцкія фракцыі будуць браць удзел у абмеркаваньні гэтага пытаньня, а заўтра, у сераду, яны зьбяруцца разам, каб скласьці канчатковы тэкст рэзалюцыі”.

Паводле крыніцаў у Страсбуры — дэпутатаў ад розных фракцыяў, таксама заўтра, але позна ўвечары перад парлямэнтарамі выступіць камісар Эўрапейскага Зьвязу спадарыня Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Яна зробіць адмысловую заяву адносна сытуацыі зь беларускімі СМІ і дэфіцытам дэмакратыі ў Беларусі.

У чацьвер раніцай адбудзецца паседжаньне беларускай дэлегацыі ад Эўрапарлямэнту. Паводле эўрапейскіх парлямэнтараў, тая сытуацыя, якая цяпер назіраецца ў памежнай з Эўрапейскім Зьвязам Беларусьсю, ня можа не хваляваць эўрапейскіх палітыкаў, незалежна ад таго, якія палітычныя партыі яны прадстаўляюць.

Сябар фракцыі Народнай Эўрапейскай партыі, нямецкая хрысьціянская дэмакратка доктар Інгэборг Гросьле ў размове са “Свабодай” гаворыць:

(Гросьле: ) “Ад нашай фракцыі найбольш актыўны ў беларускім пытаньні прафэсар Гамолка зь нямецкай фэдэральнай зямлі Мэкленбург-Фарпомэн. Ён мае шмат сувязяў зь Беларусьсю, прадстаўляе беларускую дэлегацыю ў Эўрапарлямэнце... Для нашай фракцыі далейшы лёс Беларусі ёсьць вельмі важным. Мы вельмі крытычна ставімся да сытуацыі з правамі чалавека і да таго дэфіцыту дэмакратыі, што маецца ў гэтай краіне. Тое, што адбываецца ў памежнай з Эўразьвязам Беларусі ня можа не хваляваць нас”.
XS
SM
MD
LG