Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскатэка ў стылі “Старога Ольсы”


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 2 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Ці бывалі вы калі на дыскатэцы? Не, не на той сучаснай, якая аглушае гучаньнем тэхнамузыкі. А на той, куды прыходзяць у старадаўніх строях, дзе гучыць музыка далёкага сярэднявечча, якая выконваецца зноў жа не на сучасных інструмэнтах, а на копіях тых, для якіх яна і пісалася ў мінуўшчыне. Дык вось, такія дыскатэкі насамрэч існуюць і, трэба прызнаць, набываюць усё большую папулярнасьць. Доказам чаго — чарговы альбом групы “Стары Ольса”, які мае назву “Сярэднявечная дыскатэка”. Гэта запіс менавіта аднаго з такіх канцэртаў, калі наведнікам прапанавалася ня толькі паслухаць музыку, але й развучыць старадаўнія танцы, пазнаёміцца з тагачаснай модай, нарэшце, прасьпяваць разам з артыстамі.

Зьяўленьню гэтага альбому спадарожнічала прэсавая канфэрэнцыя, якую выдаўцы (а гэта сумесны праект фірмаў “Вэстрэкардз” і “БМАgroup”) наладзілі ў більярдным клюбе “Клясык”. Спадзяюся, гук більярдных шароў ня будзе замінаць вам слухаць лідэра калектыву Зьмітра Сасноўскага, які гэтак расказаў аб тых прычынах, якія прывялі да выданьня гэтага дыску”.

(Зьміцер Сасноўскі: ) “Я лічу, што канцэрты вельмі добра характарызуюць узровень гурту, а для музыкі такой старадаўняй, напэўна, гэта і характарыстыка і музычнага складу, і рэпэртуару, і ўзроўню ігры. Але мы не зьбіраліся ў гэтым годзе выпускаць канцэртны альбом, пакуль не запісалі ў клюбе “Рэактар” гэты канцэрт. Узровень запісу аказаўся нашмат лепшы, чым відэа, і паслухаўшы гэта, кіраўнік “БМА” Віталь Супрановіч сказаў: а чаму б ня выдаць гэта ў выглядзе альбому? Гэта значыць, усё атрымалася дастаткова выпадкова, але ў выніку мы засталіся задаволеныя. На адным дыску, атрымліваецца, можна паслухаць музыку з гэтага канцэрту, паглядзець відэа гэтага канцэрту і паглядзець фатаздымкі гэтага канцэрту. А з новага там зьявілася француская кампазыцыя “Ai Vis Lo Lop”, у якой мы зрабілі такі экспэрымэнт: пасьля выкананьня сярэднявечнай мэлёдыі на дудах сыгралі адну з кампазыцыяў “Нірваны”.

(Падбярэскі: ) “Варта адзначыць, што правядзеньне першай такога роду дыскатэкі было чыстым экспэрымэнтам. Але, як аказалася, улітае, вобразна кажучы, старое віно ў новыя мяхі прыйшлося публіцы даспадобы”.

(Сасноўскі: ) “На канцэртах нас заўсёды прасілі, каб мы пайгралі ў такіх залях, дзе можна танчыць. І потым Віталь Супрановіч вырашыў заняцца такой формай канцэрту, як сярэднявечная дыскатэка, дзе ёсьць магчымасьць танчыць, слухаць музыку, піць піва і адпачываць. І з-за таго, што гэта атрымалася пасьпяхова, мы пачалі рэгулярна праводзіць такія дыскатэкі, на якія пачалі прыходзіць людзі ў сярэднявечнай вопратцы, рыцары ў дасьпехах. І ўрэшце атрымалася такая форма канцэртаў, якая больш-менш аднаўляе ўсе прыкметы адпачынку 16 стагодзьдзя”.

(Падбярэскі: ) “Альбомы з запісамі канцэртнага выкананьня выходзяць нашмат радзей, чым студыйныя запісы. Аднак канцэртным запісам уласьцівая адна вельмі істотная рыса, а менавіта: адчуваньне непасрэднага кантакту з публікай, няхай яны часьцей за ўсё і не такія дасканалыя з боку ўласна выканальніцкага майстэрства. “Сярэднявечная дыскатэка” — другі канцэртны альбом у даробку музыкаў “Старога Ольсы”. І вось як Зьміцер Сасноўскі вызначае найбольш прыцягальныя моманты такой работы”.

(Сасноўскі: ) “У нас вельмі часта так здараецца, што мы спачатку нешта развучваем, потым выконваем на канцэртах, потым вырашаем запісаць. І атрымлівалася, што тое, што выконваецца на канцэртах, нашмат лепш гучыць, чым тое, што запісана ў студыі. У студыі першае, што кідаецца ў вочы, — гэта тое, што кампазыцыі, якія табе падабаюцца, запісаныя пад мэтраном, губляюць энэргетыку. І няма вось гэтага: паскарэньня і запавольваньня, і ад гэтага губляецца ўся жывасьць гучаньня. Мне заўсёды падабалася прыводзіць прыклад “Нірваны”, музыкі якой у канцэртным гучаньні заўсёды мянялі рытм. Тое ж самае адбываецца ў любога гурту, у залежнасьці ад партыі і ад пэўнага моманту ўсе музыкі альбо разам паскараюцца, альбо пачынаюць запавольвацца. Альбо ўсе музыкі пачынаюць завышаць ноту, альбо ўсе музыкі яе заніжаюць. І вось ад гэтых усіх вібрацыяў на канцэрце атрымліваецца нешта жывое. У студыі такога не дасягнуць”.

(Падбярэскі: ) “Стары Ольса” — адзін з тых калектываў, якія бесьперапынна разьвіваюцца. Абнаўляецца рэпэртуар, адшукваюцца ўсё новыя і новыя творы, якія дазваляюць яшчэ больш паглыбіцца ў гісторыю беларускай культуры. Вялікую ўвагу надае “Стары Ольса” і аднаўленьню адпаведнага інструмэнтарыю, які з кожным годам робіцца ўсё багацейшы і, адпаведна, дазваляе музыкам вырашаць новыя задачы”.

(Сасноўскі: ) “У нас вельмі многа інструмэнтаў стаяць у рознай ужо ступені гатоўнасьці, але нейкія проста няма часу давесьці да ладу, таму мы іх самі і робім. Вось апошні інструмэнт, які зьявіўся і зь якім мы ўжо некалькі канцэртаў адыгралі, — гэта цыста, адзін з прататыпаў гітары, 16—17 стагодзьдзяў інструмэнт. Напэўна, ужо цэлы год мы вырабляем такі інструмэнт, як гадулка. Гадулка, гудок, гэта такі інструмэнт — прататып скрыпкі, які быў у нас вельмі папулярны і стаў прычынай таго, што з канца 16 стагодзьдзя скрыпка, зьявіўшыся ў Беларусі, вельмі хутка пашырылася. Ёсьць задума зрабіць старадаўні сярэднявечны кантрабас. Ёсьць тып сярэднявечнай ліры, які называецца рота. Гэтая ліра па форме адносна нагадвае бізантыйскую, але гэты інструмэнт больш удасканалены і поўнасьцю з дрэва зроблены”.

(Падбярэскі: ) “І вось у чым парадокс! Чым далей, тым больш часу “Стары Ольса” праводзіць за мяжой. На прэсавай канфэрэнцыі музыкі нават прызналіся, што ўжо проста ня ў стане адказваць на ўсе запрашэньні з-за мяжы. А канцэрты на радзіме для іх — рэдкасьць, дый збольшага маюць дабрачынны характар. Можна шмат распавядаць пра росквіт айчыннай культуры, але абмінуць упартыя, як той казаў факты, немагчыма: існая сыстэма арганізацыі канцэртаў яўна не спрыяе разьвіцьцю айчыннай музыкі, якой бы яна ні была: старадаўняй ці сучаснай. І таму можна зразумець, мякка кажучы, зьдзіўленьне таго ж Зьмітра Сасноўскага”.

(Сасноўскі: ) “За мінулы год мы падлічылі: у чатыры разы за мяжой мы сыгралі больш канцэртаў, чым у Беларусі. У гэтым годзе тая ж самая сытуацыя. Вельмі складана арганізоўваць канцэрты, вельмі складаныя ўмовы і арэндныя, і ўсякія іншыя з дакумэнтамі, подпісамі. І таму натуральным чынам не ад нас залежыць гэта, што, напрыклад, мы месяц правялі ў Італіі. І мы выяжджаем ужо ня проста для таго, каб сыграць і вярнуцца, а ўжо знаходзімся за мяжой пэўны час. Я баюся, каб празь некаторы час тут не настолькі пагоршыліся б умовы, а там ня так прасунулася рэкляма, што мы будзем іграць толькі там, а тут — на жаль…

І тут у нас ёсьць маральныя такія пакуты: мы карыстаемся беларускай музыкай, але выконваем яе там. І на гэтым мы зарабляем. А вось зарабляць у Беларусі ў нас не атрымліваецца. Асабліва абурае тое, што мы выступаем за мяжой у замках, аднак замкі ёсьць і ў Беларусі. Дык вось нашыя замкі развальваюцца, а лядовыя палацы растуць… А каб утрымліваць гурт, аплачваць офіс, шыць строі, замаўляць інструмэнты, рэстаўраваць іх — для гэтага патрэбныя грошы”.

(Падбярэскі: ) “Ужо пасьля заканчэньня прэсавай канфэрэнцыі я не ўстрымаўся, каб не задаць Зьмітру Сасноўскаму такое вось не зусім тактоўнае пытаньне: ці не азначае сама назва альбому, што для яго знарок быў адабраны менавіта такі, а ня іншы папулярны рэпэртуар, які можна было б назваць нават пэўнай сярэднявечнай папсой? Лідэр “Старога Ольсы” адказаў гэтак”.

(Сасноўскі: ) “Там быў самы розны матэрыял, але той, які найбольш гучыць у такой вось атмасфэры — атмасфэры адпачынку. Для “Рэактару” мы заўсёды рыхтуем адметную праграму, у якой няма, напрыклад, камэрных кампазыцыяў увогуле, няма павольных баляд. Мы імкнемся да таго, каб гэта быў танцавальны вечар. Таму для дыску мы адбіралі. Мы там сыгралі дзьве з паловай гадзіны, а для альбому адабралі трынаццаць кампазыцыяў. Тое, што па якасьці лепш загучала, і тое, што лепш публікай успрымалася”.

(Падбярэскі: ) “Вось якім незвычайным дыскам папоўнілася фанатэка сучаснай (пры ўсёй парадаксальнасьці такога вызначэньня) музыкі. Мушу засьведчыць: альбом гэты сапраўды слухаецца на адным дыханьні і мае ўсе шанцы зрабіцца адным з музычных бэстсэлераў гэтага году”.

У перадачы прагучалі фрагмэнты кампазыцыяў “A que por” і “Ai Vis Lo Lop” у выкананьні групы “Стары Ольса”.
XS
SM
MD
LG