Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтам гарадзенскай філіі Інстытуту сучасных ведаў, якую зьбіраюцца закрыць, давядзецца плаціць за вучобу болей


Сяргей Астраўцоў, Горадня. У Гарадзенскай філіі Інстытуту сучасных ведаў навучаюцца 212 студэнтаў на стацыянары і 558 — на завочным аддзяленьні. Філія існуе дзесяць гадоў, шэсьць гадоў таму ўжо рабілася спроба яе закрыць. Сёньня ў інстытуце працуюць 47 выкладчыкаў, для большасьці зь іх — гэта асноўнае месца працы.

Дырэктар філіі Інстытуту сучасных ведаў Васіль Варнакоў гаворыць, што бацькі і студэнты ўспрынялі навіну аб закрыцьці навучальнай установы са шкадаваньнем.

(Варнакоў: ) “Усе былі адзіныя ў тым, што дзеці знайшлі ў гэтай філіі свой калектыў, ім было цікава вучыцца, пасябравалі ў групах, і зьмены, што непазьбежныя цяпер, яны, практычна, прымушаюць іх. Так і заяўляюць дома: мама, нікуды больш не хачу ісьці, мне тут падабалася”.

Васіль Варнакоў зазначае, што ня мае афіцыйных дадзеных праверкі ведаў студэнтаў, на падставе якой закрываюць філію. Яму толькі вядома, што выпрабавалі 13 чалавек, кожнага па некалькіх дысцыплінах, і нібыта больш за палову адзнак былі нездавальняючымі. Аднак у філіі ўсяго 770 студэнтаў. І вось якія настроі пануюць сярод іх — напачатку меркаваньні дзьвюх завочніц, якія вывучаюць “фінансы і крэдыт”:

(Дзяўчына: ) “Мы не чакалі, калі шчыра. Нам абяцалі, што на вуліцу ня выкінуць, перавядуць куды-небудзь — у вышэйшую навучальную установу, там давучымся”.

(Дзяўчына: ) “У прынцыпе мы нічога ня трацім, бо што нас тут перавялі б на чацьверты курс, што мы будзем пераведзены на чацьверты курс уінвэрсытэту Янкі Купалы па сваёй жа спэцыяльнасьці. Адзінае, што даплата будзе крыху большай”.

(Сяброўка: ) “Гэта значыцца, у дзяржаўным унівэрсытэце мы будзем плаціць троху болей”.

А вось што гавораць студэнты стацыянару:

(Дзяўчына: ) “Гэта было нечакана. Нам абяцалі ліцэнзію на пяць гадоў і тут раптам закрываюць. Ніякай гарантыі няма, бо не гаварылі, што кудысьці перавядуць. Нам не прадастаўляюць ніякіх ВНУ, карацей ідзіце куды хочаце. Толькі абаяцаньні, але яны такія нейкія цьмяныя, таму асабліва ня верыцца. Цяпер спадзявацца, што мы кудысьці пойдзем і давучымся — асаблівай гарантыі няма”.

(Хлопец: ) “Думаю, што ўсё будзе ў парадку. У горшым разе нас перавядуць куды-небудзь, і будзем вучыцца далей”.

(Хлопец: ) “Канечне, тое, што закрываюць, было нечакана для нас. Але паколькі афіцыйнага загаду яшчэ не паступіла, думаю, нашу філію яшчэ, быць можа, пакінуць. Канечне, надзея, як кажуць, памірае апошняй”.

На здымку: будынак гарадзенскай філіі Інстытуту сучасных ведаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG