Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Студэнты Інстытуту сучасных ведаў ня ведаюць, за што іх пакаралі


Міхал Стэльмак, Менск У Інстытуце сучасных ведаў — вымушаная рэарганізацыя. Тут зачыняецца частка структурных падразьдзяленьняў, якія рыхтавалі спэцыялістаў вышэйшай кваліфікацыі па эканамічным і юрыдычным профілях. Студэнты і выкладчыкі гэтай недзяржаўнай установы, каго закранула рэарганізацыя, да сёньня не разумеюць яе сапраўдных прычынаў.

У калідорах менскага будынку Інстытуту сучасных ведаў гэтымі днямі тоўпяцца ўсхваляваныя студэнты:

(Андрэй: ) “Інстытут, не дачакаўшыся рашэньня Міністэрства адукацыі, пачаў нам прапаноўваць перайсьці з Інстытуту сучасных ведаў у іншы інстытут па ўласным жаданьні. Па заяве”.

(Натальля: ) “Ня хочуць. Хочуць тут давучыцца”.

(Віталь: ) “Відаць, трэба пісаць у Міністэрства адукацыі ліст аб тым, каб яны далі нейкае паслабленьне інстытуту”.

(Натальля: ) “Каб давучыць гэтых студэнтаў, як у іншых інстытутах”.

Паводле студэнтаў і выкладчыкаў Інстытуту сучасных ведаў, яго кіраўніцтва абвясьціла пра ліквідацыю трох філіяў гэтай навучальнай установы ў Віцебску, Горадні і Берасьці, а таксама сталічнага факультэту сацыяльных тэхналёгіяў і права. Кіраўніцтва спасылаецца на ініцыятыву Міністэрства адукацыі. Прадстаўніца гэтага міністэрства Алена Ліпа так патлумачыла цяперашнюю сытуацыю вакол інстытуту:

(Ліпа: ) “Не было загаду Міністэрства адукацыі. Загады стварае сама навучальная ўстанова-заснавальніца. Міністэрства цяпер рыхтуе ліст рэктарам установаў з просьбай прыняць студэнтаў у парадку пераводу ў сувязі з закрыцьцём філіяў. А само рашэньне па выніках праверкі прымае заснавальнік”.

Праверка філіяў Інстытуту сучасных ведаў адбылася некалькі тыдняў таму. Паводле дырэктара Берасьцейскай філіі Генадзя Мураўёва, праверка адбывалася на падставе ўстановак адной зь леташніх нарадаў з удзелам А.Лукашэнкі, дзе абмяркоўваліся пытаньні карупцыі ў сфэры адукацыі. Кантралёры, як вынікае са словаў спадара Мураўёва, ніякіх фактаў карупцыі ў той жа Берасьцейскай філіі ня выявілі. Але выніковая ацэнка кантралёраў, якія правяралі таксама якасьць навучаньня ў філіях, была “нездавальняюча”. Гаворыць дэкан факультэту сацыяльных тэхналёгіяў і права Інстытуту Аляксандар Перасыпкін:

(Перасыпкін: ) “Вынікі ня проста адмоўныя, а вельмі дрэнныя. Ад 50 да 90 працэнтаў — гэта двойкі. Зразумела, што тут ёсьць пытаньні і наконт гэтых заданьняў, якія давалі. І ўвогуле, гэта немагчыма. Нават калі там невысокі ўзровень адукацыі, атрымаць 90 працэнтаў двоек — гэта пытаньне. Вельмі жорстка адбывалася, студэнты напісалі гэтыя заданьні, іх забралі і правяралі ўжо ў Менску. Невядома, хто гэта рабіў, якія людзі”.

Апроч філіяў, ахвярай комплекснай праверкі Інстытуту стаў яго сталічны факультэт сацыяльных тэхналёгіяў і права, дзе для якаснай падрыхтоўкі студэнтаў па спэцыяльнасьці “правазнаўства” нібыта не хапала якасных спэцыялістаў. Аляксандар Перасыпкін працягвае:

(Перасыпкін: ) “Прыкладна месяц таму выйшла пастанова пра павышэньне патрабаваньняў да падрыхтоўкі юрыстаў. Гэтыя патрабаваньні тычацца непасрэдна кандыдатаў юрыдычных навук, якіх пакуль што не хапае. Гэта тычыцца дактароў юрыдычных навук, якіх увогуле ў краіне не хапае. Зразумела, што на сёньняшні дзень ёсьць праблема з гэтымі кадрамі. Але гэта ня значыць, што яна невырашальная. Калі б давалі час і давалі магчымасьць вырашыць яе, то і яе можна было б вырашыць”.

Кіраўнікі філіяў Інстытуту ў рэгіёнах таксама ня згодныя з высновамі менскіх кантралёраў і лічаць, што адукацыя ў іх была на належным узроўні. Паводле таго ж, напрыклад, спадара Мураўёва зь Берасьця альбо дырэктара Гарадзенскай філіі Васіля Варнакова, іхныя студэнты неаднойчы дэманстравалі добрыя веды на розных рэспубліканскіх студэнцкіх конкурсах, а выпускнікі ніколі ня мелі праблемаў з працаўладкаваньнем.

Інстытут сучасных ведаў быў створаны ў 1990 годзе і зьяўляецца першай недзяржаўнай навучальнай установай у краіне.
XS
SM
MD
LG