Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін пратэставаў супраць адмовы Мастацкага музэю экспанаваць партрэты дзеячаў супраціўленьня


Валер Каліноўскі, Менск Мастак Алесь Пушкін сёньня а 5-й раніцы быў дастаўлены ва ўправу ўнутраных справаў Ленінскага раёну Менску за пэрформанс, які ён наладзіў ля Мастацкага музэю. Разам зь ім былі затрыманыя тры журналісты. Журналісты былі адпушчаныя пасьля таго, як далі свае тлумачэньні міліцыі, мастака трымалі даўжэй.

Раніцай 4 ліпеня Алесь Пушкін паставіў на прыступкі Мастацкага музэю сем партрэтаў дзеячаў беларускага супраціву. Тры зь іх новыя, нядаўна напісаныя Пушкіным: ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, палкоўніка Івана Шанько ды Расьціслава Лапіцкага, удзельніка моладзевага падпольля, расстралянага пасьля вайны, чатыры іншыя партрэты ўжо вядомыя публіцы: Усевалада Родзькі, Тамары Чэрамшагінай, Міхала Вітушкі, Янкі Філістовіча. Усе партрэты былі загорнутыя ў чорную тканіну і абвязаныя чырвонымі ланцугамі. Сам мастак быў апрануты ў чорнае.

Мастацкі пэрформанс Пушкіна быў прымеркаваны да афіцыйнага сьвята — Дня незалежнасьці, якое адзначалася напярэдадні. Як паведаміла жонка мастака Яніна, Алесь сваім пэрформансам выказваў стаўленьне да сьвяткаваньня Дня незалежнасьці 3 ліпеня, а таксама пратэст у сувязі з тым, што Мастацкі музэй адмовіўся экспанаваць партрэты беларускіх дзеячаў.

Пэрформанс доўжыўся каля 15 хвілінаў. Неўзабаве да мастака падышлі міліцыянты і ахоўнік музэю, якія спрабавалі высьветліць сутнасьць падзеі. Калі Алесь выклаў на прыступкі вялікі бела-чырвона-белы сьцяг, міліцыянты вырашылі спыніць ягоную акцыю, забралі сьцяг і партрэты. Траіх журналістаў, якія зафіксавалі гэтыя падзеі, міліцыянты адвялі ў пастарунак, сярод іх былі фотакарэспандэнт агенцтва Associated Press Сяргей Грыц, фотакарэспандэнтка газэты “Наша Ніва” Юлія Дарашкевіч, вольны журналіст Сяргей Ёрш. Спадар Ёрш гаворыць пра тое, як праводзілася затрыманьне:

(Ёрш: ) “Нас затрымлівалі даволі карэктна, хоць нам і не патлумачылі прычыны затрыманьня. А Пушкіна — даволі жорстка. Яго несьлі на руках, рукі былі ў кайданках за сьпіной. І паклалі на падлогу адразу”.

Сяргей Ёрш патлумачыў, што міліцыянты абзывалі Пушкіна “эсэсаўцам”, а карціны “партрэтамі паліцаяў”. Алесь Пушкін адмаўляўся супрацоўнічаць зь міліцыяй. Ад журналістаў міліцыянты вымагалі зьнішчыць здымкі пэрформансу Алеся Пушкіна, пагражалі завесьці справу пра непадпарадкаваньне міліцыі. Іх выпусьцілі толькі праз тры з паловай гадзіны пасьля ўмяшаньня кіраўніцтва раённай міліцыі.

Бліжэй да абеду Алеся Пушкіна адпусьцілі без складаньня пратаколу, паведамілі ў РУУС Ленінскага раёну Менску.

(Міліцыянт: ) “Паехаў дахаты, тлумачэньні ўзялі і адпусьцілі. У нас няма інфармацыі, што ён будзе пакараны, яго накіравалі дадому”.

Алесь Пушкін жыве ў вёсцы Бобр Крупскага раёну, зьвязацца зь ім пакуль не ўдалося.

Гэта ўжо другі пэрформанс, які Алесь Пушкін ладзіў на 3 ліпеня. Тры гады таму ён з партрэтамі беларускіх дзеячаў быў затрыманы каля будынку Дому ўраду на плошчы Незалежнасьці. Тады ён быў аштрафаваны судом Маскоўскага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG