Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальшыня мадэльных агенцтваў можа ператварыцца ў “гурткі па інтарэсах”


Ігар Карней, Менск У адпаведнасьці з дэкрэтам “Аб некаторых захадах у справе супрацьдзеяньня гандлю людзьмі”, усе мадэльныя агенцтвы мусілі прайсьці працэдуру пераліцэнзаваньня да 1 ліпеня 2005 году. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ніводная фірма ня здолела гэтага зрабіць своечасова. У зьвязку з гэтым атрыманьне новых ліцэнзій перанесена да 1 верасьня.

Пра гэта на сустрэчы з прадстаўнікамі агенцтваў паведаміла намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч. Між тым, супрацоўнікі фірмаў перакананыя: рынак будзе істотна адкарэктаваны ў бок зьмяншэньня яго ўдзельнікаў.

1 ліпеня кіраўнікі буйнейшых мадэльных агенцтваў былі запрошаныя на сустрэчу з намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Пяткевіч, якая вымушаная была пагадзіцца: у акрэсьленыя дэкрэтам тэрміны выканаць усе патрабаваньні немагчыма фізычна. З гэтым пагадзіліся і прысутныя падчас размовы прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Пра вынікі перамоваў апавядае Сяргей Нагорны — кіраўнік мадэльнага цэнтру.

(Нагорны: ) “Нам паабяцалі, што працягнуць ліцэнзаваньне да 1 верасьня. На нарадзе ўвогуле было вырашана шмат пытаньняў з дакумэнтацыяй, неабходнай для падачы на атрыманьне ліцэнзіі; нам дапамагло гэта ў шэрагу момантаў, якія былі складаныя для выкананьня. Тым ня менш, думаю, што колькасьць агенцтваў будзе карэктавацца ў бок зьмяншэньня. Гэта відаць з заяваў маладых фірмаў, якія нават ня хочуць увязвацца ў справу. Цяпер за якасьць паслугаў будзе несьці адказнасьць Міністэрства адукацыі: ліцэнзія абумоўлівае магчымасьць атрыманьня сэртыфікату, які будзе прысвойваць клясыфікацыю мадэлі, дзеля гэтага пішуцца праграмы подыюм-школаў. І ўвогуле ліцэнзія дае магчымасьць называцца мадэльным агенцтвам”.

У Міністэрстве адукацыі пацьвердзілі: да канца лета для ўсіх мадэльных агенцтваў абвяшчаецца так званы “вакацыйны час”, цягам якога іх кіраўнікі мусяць падрыхтаваць дакумэнты, і да 1 верасьня падаць іх на атрыманьне ліцэнзій. У іншым выпадку да справы мусіць будзе далучыцца Міністэрства ўнутраных справаў. Пра сур’ёзнасьць намераў гэтага ведамства ў траўні заяўляў перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў кіраўнік МУС Уладзімер Навумаў:

(Навумаў: ) “Апошнім часам усё больш распаўсюджаныя схаваныя, закансьпіраваныя формы вэрбоўкі і гандлю людзьмі праз мадэльныя агенцтвы — перадусім, праз так званыя кастынгі і пад выглядам працаўладкаваньня за мяжой. МУС сумесна зь іншымі зацікаўленымі ведамствамі пастаянна ладзіць праверку ўсіх мадэльных агенцтваў і іншых суб’ектаў, якія аказваюць паслугі ў згаданых сфэрах. Не застаюцца без увагі праваахоўных органаў і самі дзяўчаты — удзельніцы як рэспубліканскіх, так і мясцовых конкурсаў прыгажосьці, адсочваецца іх далейшы лёс і працаўладкаваньне”.

У сваю чаргу, намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц, якога апошнім часам можна часта ўбачыць у журы розных адборачных конкурсаў, перакананы: прысутнасьць беларускіх прыгажуняў на міжнародных подыюмах з дазволу дзяржаўных ведамстваў будзе на карысьць, перадусім, самім дзяўчатам.

(Гедройц: ) “Мы вывучылі досьвед іншых краінаў, больш дасканала, чым падчас правядзеньня папярэдніх конкурсаў. Прынамсі, у палажэньні аб правядзеньні конкурсу ўлічылі патрабаваньні, якія існуюць у сьвеце — паводле ўзросту, сямейнага палажэньня, росту чалавека, дзяўчыны гэтай. Калі ўдасца ажыцьцявіць свае намеры, то нашае прадстаўніцтва будзе канкурэнтаздольнае і на міжнародных аналягічных спаборніцтвах. Хацелася б бачыць ня толькі прыгожую жанчыну, але і вобраз нашай Беларусі ў ёй”.

Асноўнымі перашкодамі, паводле новых патрабаваньняў да мадэльнага бізнэсу, прадстаўнікі агенцтваў лічаць тое, што для 80% супрацоўнікаў фірмаў гэтая праца мусіць стаць асноўнай. Аргумэнт — выкладчыкі працуюць у агенцтвах па некалькі гадзінаў на тыдзень, у залежнасьці ад сэзоннасьці і запатрабаванасьці. Да таго ж, кіраўнікі агенцтваў ставяць пад сумнеў неабходнасьць дамоваў з інтэрнатамі і пунктамі харчаваньня для мадэляў. Тым ня меней, агенцтвы, якія ня будуць адпавядаць такім патрабаваньням, пераўтворацца ў “гурткі па інтарэсах”.
XS
SM
MD
LG