Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі касьмічны зонд дакладна трапіў у камэту “Тэмпэль 1”


Кастусь Бандарук, Прага У дзень Незалежнасьці ЗША 4 ліпеня амэрыканскія вучоныя з касьмічнагаа агенцтва NASA дасягнулі значнага посьпеху. У панядзелак раніцай адбыўся кантраляваны выбух на камэце “Тэмпэль 1”. Экспэрымэнт дапаможа вучоным лепш зразумець паходжаньне і гісторыю Сонечнай сыстэмы.

Узрадаваныя навукоўцы распачалі прэс-кафэрэнцыю з жарту: “Стан місіі – адзін касьмічны аб’ект страчаны, цалкам выпарыўся”.

Праляцеўшы 133 мільёны кілямэтраў касьмічны зонд “Deep Impact” выстраліў наладаваны сэнсарамі снарад, які ў панядзелак раніцай ўрэзаўся ў камэту “Тэмпель 1”. Снарад быў выстралены з адлегласьці 800 тысяч кілямэтраў ад камэты такім чынам, каб іхныя дарогі перасякліся. Пасьля амаль сутак палёту ён дакладна трапіў у аб’ект даўжынёю ўсяго 14 і шырынёю 6 кілямэтраў. Магутны выбух можна было назіраць з дапамогай тэлескопаў зь Зямлі. У выніку ўдару ўзьнік кратэр на 150 мэтраў, а сама камэта пасьвятлела. З глыбіні варонкі падняліся хмары пылу і газаў.

Да апошняй сэкунды свайго самагубчага палёту, касьмічны апарат перадаваў здымкі на зонд “Deep Impact”, а той на Зямлю. Каб не паблытаць астанкі снараду з матэрыяй камэты, снарад быў амаль поўнасьцю пабудаваны з мэдзі, якой на камэтах не бывае. Навукоўцы атрымалі самыя выразныя ў гісторыі здымкі ядра камэты. Зонд працягвае сачыць за наступствамі кантраляванага выбуху з адлегаласяці 500 кілямэтраў. Паводле NASA, усё абсталяваньне працуе бяз збояў.

Камэта “ Тэмпэль 1” атрымала свой назоў ад прозьвішча франзузкага астранома Эрнэста Вільгэльма Тэмпэля, які ўпершыню заўважыў яе і апісаў ў 1867 годзе. Навукоўцы акрэсьліваюць узрост камэты на 4,5 міліярды гадоў. Кожныя 5 з паловай гадоў яна аблятае сонца з хуткасьцю 37 тысяч кілямэтраў за гадзіну. Прыблізна кожныя 20 гадоў яна набліжаецца да зямлі, і тады астраномы маюць магчымасьць дакладней яе вывучыць.

Навукоўцы лічаць камэты касьмічным помнікамі археалёгіі, паколькі яны зьўляюцца рэшткамі працэсу ўзьнікненьня сонечнай сыстэмы. Іхны склад застаўся нязьменны з часу, калі іншыя плянэты толькі фармаваліся. Дагэтуль вучоным удалося толькі прыблізна азнаёміцца са складам камэтаў са здымкаў, зробленых ўнутры газавай касы камэтаў “Галея”, “Барэлі-1” і “Вільд 2”. Вядома, што камэты гэта сумесь кавалкаў лёду і скалаў, аднак дакладная іх структура і склад дагэтуль заставаліся невядомымі.

Вучоныя лічаць, што камэты адыгралі вялікую ролю ў эвалюцыі нашай плянэты. Бамбуючы Зямлю, яны пакідалі на ёй розную матэрыю, зьмянілі склад атмасфэры. Некаторыя дасьледнікі лічаць, што толькі дзякуючы камэтам жыцьцё было занесенае на Зямлю, дзе першапачаткова не было ўмоваў для існаваньня жывых арганізмаў. З другога боку, камэты ня раз былі прычынай неверагодных катаклізмамў на Зямлі. Іх вінавацяць у рэзкай зьмене клімату і гібелі дыназараў.

Каб даведацца праўду, эўрапейцы накіравалі да камэты “Тэмпэль 1” зонд “ Розэт”, які павінен быў апусьціць на паверхню камэты спэцыяльную прыладу для дасьледаваньня яе складу. Аднак “Розэт” нават не наблізіўся да камэты, а вучоныя з НАСА, усяго за 330 мільёнаў даляраў хутка ажыцьцявілі свой праект. Іхны зонд “Deep Impact” праляцеў цягам 6 месяцў 133 мільёны кілямэтраў, а выстралены з зонду снарад дакладна трапіў у саму камэту. Некаторыя вучоныя выказвалі засьцярогу, што гэта вельмі небясьпечны экспэрымэнт. Яны баяліся, што камэта, якая кружыць па арбіце адносна недалёка ад Зямлі паміж Марсам і Юпітэрам, можа раскалоцца напалам, а астанкі могуць некалі ўдарыць па Зямлі. Расейская вучоная асудзіла NASA на “касьмічны вандалізм”, аднак заўчасна. Камэта нават не зьмяніла сваю траекторыю і ня бачна ніякіх іншых нэгатыўных наступстваў выбуху.

У чым практычны сэнс кантраляванага выбуху на камэце? Гэта дазволіць дакладней даведацца, з чаго складаецца камэта, і ці выбух ня зьменіць ейную арбіту. І, мабыць, галоўнае, як у будучыні прадухіліць сутыкненьне з гэтым касьмічным аб’ектам, якое можа прывесьці да канца жыцьця на Зямлі.
XS
SM
MD
LG