Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 4 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Голас Беларуса”, 1925 год:

“Мы ўжо ня першы раз чуем ад рожных нашых ворагаў, што беларусаў няма, што няма ні беларускае мовы, ні культуры і што пройдзе дзе-які час і аб беларусах самая памяць зьгіне. Некаторыя панкі прызначалі нават і тэрмін, у які яны браліся зьвясьці нас, беларусаў, са сьвету… Не па-сілах аказалася гэткая задача для вялізарнай старой Расеі, не пад сілу будзе яна і іншым нашым ворагам, якія-б хвасьлівыя заявы не рабілі тамака рожныя панкі Аляксандровічы. “Смачны жабе гарэх, ды зубоў няма!”

“Комунар Магілеўшчыны”, 1935 год:

“СНК БССР дазволіў усёй рэспубліцы, усім прадпрыемствам, установам, калгасам зрабіць 11 ліпеня не рабочым днём за лік чарговага выхаднога дня, які прыпадае да альбо пасля 11 ліпеня. Перанясенне гэтых выхадных дзён не павінна ў далейшым парушаць сталы графік выхадных дзён, устаноўленых для данага прадпрыемства і ўстановы. Гэта пастанова не пашыраецца на бесперапынна дзейнічаючыя прадпрыемствы, а таксама ўстановы, якія абслугоўваюць культурна-бытавыя патрэбы шырокіх мас насельніцтва, як кааператывы, дзяржаўныя магазіны, трамвай, бальніцы, пажарныя каманды, аптэкі і т.д.”.

“Фемида”, 1995 год:

“Мы таксама ніколі не былі ў захапленьні ад дзейнасьці нашага парлямэнту. Сёй-той з нашых слаўных парлямэнтараў неаднаразова зьбіраўся падаваць на нас у суд, угледзеўшы ў выступленьнях “Фемиды” “зьнявагу гонару і годнасьці”. Аднак мы заўсёды бачылі і бачым, што менавіта парлямэнтарызм — той шлях, якім крочыць большасьць цывілізаваных дзяржаваў. Нават “дрэнны” парлямэнт здольны ў найбольш адказныя для грамадзтва моманты стаць на ягоную абарону”.
XS
SM
MD
LG