Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі камэнтуюць выказваньні Кандалізы Райс аб невыкананьні Беларусьсю абавязаньняў у галіне правоў чалавека


Ганна Соусь, Менск Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс, выступаючы ў Вашынгтоне на 14-й сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, скрытыкавала сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і Ўзбэкістане. Выказваньні Дзяржсакратара ЗША камэнтуюць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Васіль Хрол.

Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс выказала шкадаваньне, што некаторыя дзяржавы-сябры АБСЭ, “асабліва Беларусь і Ўзбэкістан, не выконваюць сваіх абавязаньняў у выкананьні правоў чалавека, дэмакратыі і прававых нормаў. Яны адкідваюць дапамогу АБСЭ, называючы яе ўмяшаньнем у свае ўнутраныя справы. Гэта было памылковае абвінавачаньне ў час Савецкага Саюзу, памылковае яно і цяпер”, — падкрэсьліла Канадаліза Райс, выступаючы на адкрыцьці 14-й сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Вашынгтоне.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць сымптаматычным тое, што ў выступе Дзяржсакратара ЗША Беларусь разглядаецца поруч з Узбэкістанам. Само гэтае параўнаньне, на думку Вінцука Вячоркі, паказвае, што Беларусь пад уладай Лукашэнкі выпадае з эўрапейскага і эўраатлянтычнага каштоўнаснага і палітычнага поля.

(Вячорка: ) “На вялікі жаль, у АБСЭ ў цэлым у сілу яе вялікай геаграфічнай распаўсюджанасьці па Эўразіі не заўсёды дакладныя крытэры сяброўства краінаў. І, зразумела, тое, што гранічна ясна выглядае на трыбуне Эўразьвязу, я маю на ўвазе вернасьць эўрапейскім каштоўнасьцям, наяўнасьць дэмакратыі, падзелу ўладаў, гарантыі правоў чалавека, для некаторых краінаў, фармальных сяброў АБСЭ, ня ёсьць аксіёмай. Добра, што Кандаліза Райс пра гэта чарговы раз нагадала”.

Сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ працягнецца ў Вашынгтоне да 5 ліпеня. У паседжаньнях бяруць удзел больш за 300 дэпутатаў парлямэнтаў краінаў-удзельніц АБСЭ, у тым ліку і дэлегацыя дэпутатаў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол наступным чынам пракамэнтаваў для Радыё Свабода выступ Дзяржсакратара ЗША:

(Хрол: ) “Кандаліза Райс, як прадстаўнік кіраўніцтва краіны, дзе адбываецца парлямэнцкая Асамблея АБСЭ, выступіла зь вітальным словам. І вось гэтыя словы спадарыні Райс, сымпатычнай жанчыны, якая ведае расейскую мову, я не ўспрымаў бы так канкрэтна. Я ўспрымаю гэтыя словы як пажаданьне Беларусі ў галіне правоў чалавека, з пункту гледжаньня спадарыні Райс, паляпшэньня сытуацыі. Я, як дэпутат беларускага парлямэнту, лічу, што ня трэба рабіць з такой нормы, як правы чалавека, нейкага скандалу ўсясьветнага маштабу. Гэта палітыка, гэта саміт парлямэнтараў, і спадарыня Райс выступіла зь вітальным словам, дзе згадала і Рэспубліку Беларусь. Гэта яе права”.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі адмовіліся камэнтаваць заявы Дзяржсакратара ЗША наконт сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG