Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы пэрформанс Алеся Пушкіна


Любоў Лунёва, Менск Мастак Алесь Пушкін быў дастаўлены ва ўправу ўнутраных справаў Ленінскага раёну за пэрформанс, які ён ладзіў сёньня а 5-ай гадзіне раніцы.

На прыступках Мастацкага музэю ён паставіў 4 партрэты беларускіх дзеячоў, якія былі загорнутыя ў чорную тканіну і абвязаныя чырвонымі ланцугамі. Алесь на вачах у мінакоў, якія вярталіся пасьля сьвяточнага фэервэрку, пачаў здымаць з партрэтаў тканіну, але міліцыянты не далі яму працягнуць акцыю і затрымалі мастака. Паколькі Алесь Пушкін аказаў супраціў, на яго начапілі кайданкі і несьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі на вуліцу Карла Маркса тварам уніз.

Гэта ўжо другі пэрформанс, які Алесь Пушкін ладзіў 3 ліпеня. Тры гады таму ён з партрэтамі беларускіх дзеячоў быў затрыманы каля будынку Дома Ўраду на пляцы Незалежнасьці. За гэта ён быў аштрафаваны судом Маскоўскага раёну.

Разам з Пушкіным у міліцыю трапілі фотакарэспандэнт агенцтва Associated Press Сяргей Грыц і фотакарэспандэнтка газэты “Наша Ніва” Юлія Дарашкевіч. Карэспандэнтаў трымалі ў пастарунку тры гадзіны, ім не дазвалялі выйсьці на вуліцу і адпусьцілі толькі тады, калі прыехаў намесьнік кіраўніка Ленінскага раёну. На думку фотакарэспандэнтаў, міліцыянты злоўжывалі сваім службовым становішчам, бо ім былі прад’яўленыя ўсе неабходныя дакумэнты.
XS
SM
MD
LG