Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блякаваньне праспэкту сапсавала сьвяточныя настроі ў Менску


Алесь Дашчынскі, Менск У нядзелю ў Беларусі адзначаліся дзень незалежнасьці і дзень вызваленьня ад фашысцкіх захопнікаў. Вялікай колькасьці грамадзян у Менску настрой сапсавала тое, што міліцыянты не прапусьцілі іх увечары на Кастрычніцкую плошчу, дзе павінен быў адбыцца канцэрт. Раптоўна тры шэрагі міліцыянтаў перакрылі былы праспэкт Скарыны ў раёне цырку і паток народу, які цягнуўся па праезнай частцы праспэкту, ня ведаў куды яму дзявацца. Усё гэта моцна радыкалізавала настроі ў натоўпе.

(Юнак: ) “ Навошта нам такое сьвята патрэбна? (Юнак: ) “На сьвята не пускаюць нас, усюды міліцыянты, міліцыянты. (Юнак: ) “Гэта не дзень незалежнасьці. Дзень незалежнасьці – 27 ліпеня. Гэты рэжым карацей… рабіць паўстаньне, таму што ён дыктатар. (Юнак: ) “Не падабаецца гэта вось – кардон”. (Юнак: ) “Ну наш “тата”, Аляксандар Рыгоравіч, я канешне не чакаў, ён па тэлевізару запрашаў усю моладзь, казаў прыходзьце, ніхто не пашкадуе, але перакрылі ўсё, гэта дрэнна. Я думаў, тут будзе нармальнае гуляньне, але вельмі расчараваўся.” (Юнак: ) “Ніякага настрою, гуляць наагул не хочацца.” (Дзяўчына: ) “Мы прыехалі з Барысава, мы рады, што мы тут сустрэліся. (Дзяўчына: ) “Людзей многа, а толку няма. Мы лішнія людзі.” (Спадар: ) “ Без аб’яўленьня, плошча, бачыце, перакрыта, маса людзей, тут памылка гарадзкіх уладаў.” (Спадар: ) “Запрасілі ўвесь народ удзельнічаць у сьвяце, а прайсьці проста немагчыма. Я адчуваю, трэба проста прыняць меры ”. (Спадарыня: ) “Мяне так зьдзівіла, юнакі адзін аднаго падымалі і здымалі сьцягі, я не магу гэту брыдоту глядзець”. (Спадарыня: ) “Прыехала з Масквы на сьвята, прасіла мяне прапусьціць, мне 59 гадоў, мяне не пусьцілі. І што гэта за сьвята? Дзе свабода слова, дзе свабода, дзе незалежнасьць? (Спадарыня: ) “Атрымалася, наогул, аблаялі, кашмар”. (Спадарыня: ) “Дзе ваша незалежнасьць беларуская?Што думае Лукашэнка?Здымаць яго трэба”.

На спаборніцтвы, у якіх удзельнічаў на ролікавых лыжах Лукашэнка, народ так не ламіўся, як на гэты канцэрт. Дзеля ягонага катаньня на лыжах быў перакрыты рух на былым праспэкце Машэрава, а ўздоўж трасы была шчыльна выстаўленая ахова. У спаборніцтвах на ролікавых лыжах перамог кіраўнік краіны, які вельмі моцна адарваўся ад іншых прадстаўнікоў ураду. Некаторыя ўдзельнікі спаборніцтваў падалі на трасе і выходзілі са спаборніцтваў. Навошта і для каго наладжваецца гэтае мерапрыемства? Пытаньне да двух маладзёнаў.

(Маладзён: ) “Ну, для масы. Для каго яшчэ? Канешне, сабралася ж тут вось народу, ну для іх гэта робіцца. (Карэспандэнт: ) “А для чаго, з якой мэтай?” (Маладзён: ) “Ну, не ведаю, каб папулярнасьць была, увага мас.”

Вельмі многа наведвальнікаў было цягам дня у імправізаваным “Горадзе майстроў”, які быў наладжаны ў адным з менскіх паркаў на ўзьбярэжжы Сьвіслачы. Тут было шмат вырабаў народных майстроў, беларускіх строяў. Адна з жыхарак Менску зрабіла сымбалічную пакупку.

(Спадарыня: ) “Сьвята вельмі цудоўнае, тым больш што яно зьвязана з вызваленьнем Беларусі, Менску. А для мяне гэта, наагул, двайное сьвята: у мяне сёньня ў дачкі дзень народзінаў, таму я вось купіла ёй невялічкі падаруначак зьвязаны з нашай роднай Беларусьсю, вось гэтыя кветачкі, васількі, зробленыя з саломкі на віцебскім прадпрыемстве ”.

Гарадзкія ўлады, відаць, вельмі стараліся, каб усім усяго хапіла. Аднак, як звычайна, былі вялікія чэргі ў прыбіральні, хаця адразу пасьля афіцыйнага шэсьця з удзелам Лукашэнкі трактары развозілі біяпрыбіральні. Як заўсёды было вельмі шмат сьмецьця, якое вывозілі на трактарах, і шмат людзей нападпітку, не абышлося без боек, нават паміж жанчынамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG