Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: У Беларусі 100 тысяч нарказалежных


Сьвятлана Курс, Менск Паводле апошняга дакладу Дзярждэпартамэнту ЗША, сусьветны нарказварот складае 400 млрд даляраў. Беларусь інтэграваная ў яго ня толькі як краіна трафіку, але й краіна вырабу наркотыкаў.

Паводле беларускіх афіцыйных зьвестак, за апошнія 5 гадоў распаўсюд наркотыкаў у Беларусі вырас у 3 разы. Сёлета чакаецца далейшае падваеньне. 70% асуджаных за збыт наркотыкаў – людзі да 29 гадоў. У 1990 г. было толькі 40 зарэгістраваных хворых на нарказалежнасьць. Цяпер у Беларусі такіх людзей 10,5 тысяч. Крымінолягі кажуць, што колькасьць усіх наркаспажыўцоў сягнула за 100 тыс.

Нядаўна Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў чарговы “Даклад аб міжнароднай стратэгіі барацьбы з наркотыкамі”. Сукупны прыбытак ад гандлю наркотыкамі ў сьвеце складае 400 мільярдаў даляраў. Чынны ўдзел у міжнародным нарказвароце бярэ Беларусь – як транзытная краіна. Бальшыня нкркотыкаў ідзе з Расеі, чаму, на думку амэрыканскіх спэцыялістаў спрыяе Мытны саюз. Значную частку гандлю кантралююць цыганы. Паводле Дзярждэпартамэнту, Беларусь зьяўляецца краінай паходжаньня сынтэтычных рэчываў, аднак афіцыйны Менск гэта адпрэчвае. Паводле міліцыянтаў, у кожным райцэнтры можна набыць гераін, марыхуану, гашыш, іншыя вырабы з маку й канапель. Вытворчасьць наркотыкаў у Беларусі расьце. Гэта найперш датычыць наркотыкаў расьліннага паходжаньня.

Старэйшы упаўнаважаны Жодзінскага ГАЎС, спэцыяліст у сфэры незаконнага звароту наркотыкаў Ігар Райкевіч распавёў, што наркотыкі вырабляюць на кватэрах. Гэта ў асноўным макавая саломка, опій, экстракт макавай саломы й ацэтыляваны опій – напаўсынтэтычны наркотык. Гэтую сьмярдзючую вадкасьць маладзёны наьбіраюць у шпрыцыі нясуць на дыскатэку, дзе й колюцца. Па словах падлеткаў, наркотыкі ўсё часьцей замяняюць алькаголь – ад іх няма пахмельля. Гавораць жыхары Талачына й Барысава.

(Хлопец:) “Я й сам спрабаваў, і не скажу, што гэта дрэнна. Ад гэтага моцна залежыш. Не фізычна, а псыхалягічна. “Хадзем піва пап’ем?” “Не, лепей давай папалім”. У мяне знаёмыя сыстэматычна ўжываюць. Кажуць: вось, хадзем, папалім, такая трава забойная. А што яшчэ рабіць ім? На дыскатэках – піць, дзе там яшчэ – піць?”

(Дзяўчына:) “Я тут была ў маленькім гарадку на 4 тысячы. Насельніцтва – усе траву паляць, ведаюць, хто прадае, за руку зь імі вітаюцца. Шмат хто лічыць, што трава й амфэтамінчык – гэта клясна”.

Паводле міліцыі, асноўнымі распаўсюднікамі наркотыкаў у Беларусі зьяўляліся цыганы. Найчасьцей гэтую справу даручаюць цыганятам, якія не дасягнулі і 14 гадоў. Мак сеюць на чужых лецішчах. Гаворыць жыхарка Жодзіна.

(Жанчына:) “Увесну на агарод страшна зайсьці. Праходзіш міма і робіш выгляд, што гэта не твая дзялка”.

Цыганоў ужо цясьняць беларусы. Наркотыкі вырабляюць і прадаюць студэнты, гандляры на рынках, якія найчасьцей самі наркаспажыўцы. Адзін наркаман садзіць на іголку 5-6 чалавек.

Колькасьць раскрытых злачынстваў у сфэры нарказвароту за год узрасла на 12%. Аднак ёсьць неафіцыйныя сьведчаньні, што, напрыклад, у Менску мясцовыя міліцыянты часам глядзяць на наркагандаль скрозь пальцы. МУС гэта рашуча адпрэчвае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG