Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне не адбыліся адразу тры сходы па выбарах дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сіл


Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць Вылучэньне дэлегатаў ад Мёрскага, Сеньненскага ды Бешанковіцкага раёнаў на Кангрэс, які мусіць абраць адзінага кандыдата на прэзыдэнты ад апазыцыі, не адбылося з розных прычынаў: у адным месцы не сабраліся людзі, у другім пад ціск уладаў і КГБ патрапілі арганізатары сходу, а ў трэцім мясцовыя актывісты вырашылі праводзіць імпрэзу іншым часам, каб захаваць поўную кансьпірацыю.

Першы ў вобласьці сход, дзе мусілі быць абраныя дэлегаты на Кангрэс дэмакратычных сіл, меў адбыцца ў суботу у Мёрах. Але ён не адбыўся, бо на абвешчанае месца збору каля гарадзкога рынку прыйшлі ўсяго 11 чалавек. Бальшыня тых, хто быў сабраўся – гэта мясцовыя прадпрымальнікі, прадстаўнікі дробнага, але ўласнага бізнэсу, а таму адносна незалежныя ад любога кшталту дзяржаўных структураў. І хаця відавочных прыкметаў адсочваньня ўдзельнікаў сходу – міліцыянтаў або “людзей у цывільным” – ніхто зь іх навокал не заўважыў, усе прысутныя выказалі меркаваньне , што іншыя людзі проста збаяліся прыйсьці сюды, бо апасаюцца рэпрэсіяў за любую апазыцыйную дзейнасьць з боку ўласнага начальстава ды ўладаў.

(Спадар:) “Усяго людзі баяцца: рэпрэсіяў баяцца, баяцца “засьвяціцца”. Усяго баяцца!”

(Карэспандэнтка:) “ А ўвогуле, з больш як 10-тысячнага насельніцтва Мёраў колькі, на ваш погляд, ёсьць людзей, нязгодных з цяперашнім становішчам у краіне? Колькі ў вас “патэнцыйных” апазыцыянэраў?

(Другі спадар:) ”За палову баюся сказаць, але, мусіць, трэцяя частка. Моладзь у асноўным”.

Другая спроба правесьці выбарчы сход у Мёрах адбудзецца ўжо недзе ў жніўні. Мажліва, што недзе тым самым часам будзе праведзены і сход у Сяньне : сход па вылучэньні дэлегатаў на агульнабеларускі Кангрэс дэмсілаў мусіў прайсьці ў нядзелю, але напярэдадні на сеньненскіх апазыцыянэраў пачаўся ціск, і яны адмовіліся ад заплянаванага.

Пра гэта распавёў з Сянна Віталь Броўка, дэлегаваны на сход у якасьці прадстаўніка віцебскага грамадзкага Фонду імя Льва Сапегі.

(Броўка:) “На гаспадара таго памяшканьня, дзе зьбіраліся правесьці сход, і на ягоных арганізатараў быў аказаны ціск з боку, так бы мовіць, “ворганаў” – быў шэраг тэлефанаваньняў ад занальнага куратара КГБ і ад мясцовых уладаў. Нашым прадпрымальнікам пагражалі закрыцьцём справы, а астатнія працуюць у дзяржаўных установах. Таму на тэрміновай нарадзе тутэйшых дэмакратычных сілаў было прынятае рашэньне сход перанесьці”.

Ня выключана, што наступная спроба вылучэньня дэлегатаў ад Сеньненшчыны адбудзецца дзе-небудзь у лесе. Да падобных умоваў правядзеньня сходу рыхтуюцца і ў Бешанковічах. Тамтэйшыя арганізатары, пачуўшы пра падзеі ў суседнім Сеньненскім раёне, самі адмовіліся ладзіць імпрэзу ў загадзя заплянаваны тэрмін, заявіўшы, што згодныя працаваць толькі ва ўмовах поўнае кансьпірацыі. Яны лічаць мэтазгодным праводзіць сход выключна ў вузкім коле мясцовых жыхароў, не паведамляючы загадзя дату і месца сходу нікому, у тым ліку нават самім кандыдатам ад апазыцыі, якія, мажліва, хацелі бы прыехаць ды сустрэцца з прадстаўнікамі рэгіёну.

Сяргей Альфер, які прыехаў на Віцебшчыну ў якасьці даверанай асобы аднаго з прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад апазыцыі, Анатоля Лябедзькі, пракамэнтаваў гэтую пазыцыю наступным чынам.

(Альфер:) “Мы ўсё ж будзем езьдзіць да людзей. І мы б хацелі, каб такая інфармацыя распаўсюджвалася спаміж мясцовых людзей вельмі шырока. Зрабіць усё ціхенька, каб ніхто нічога не даведаўся, не атрымаецца, бо мы працуем вельмі адкрыта”.

На думку Сяргея Альфера, мясцовыя арганізатары выбарчых сходаў на Віцебшчыне імкнуліся залішне перастрахавацца, хаця зрабіць гэта ў цяперашніх умовах наўрад ці магчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG