Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: “Ваш прэзыдэнт і армія гатовыя выканаць любую задачу”


Алесь Дашчынскі, Менск У нядзелю ў Менску адбыліся афіцыйныя ўрачыстасьці з нагоды Дня незалежнасьці і 61-й гадавіны вызваленьня Менску. Цэнтральным мерапрыемствам было шэсьце вэтэранаў вайны ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі па былым праспэкце Скарыны. Калёну ачоліў кіраўнік краіны разам са сваімі двума сынамі, апранутымі ў вайсковую форму. Лукашэнку прывіталі піянэры. Калёна, якая ішла за Лукашэнкам, несла партрэт Сталіна – яго неаднаразова паказвала Беларускае тэлебачаньне падчас наўпроставай трансьляцыі.

Як і ў савецкі час, у калёне ішлі прадстаўнікі розных працоўных калектываў з чырвона-зялёнымі сьцягамі. Камэнтатары тэлебачаньня апавядалі пра вялікія дасягненьні. Уздоўж праспэкту, дзе адбывалася шэсьце з удзелам кіраўніка краіны, шчыльна выстраілася ахова. У сваім выступе на плошчы Перамогі Лукашэнка заявіў: “Ваш прэзыдэнт і армія гатовы выканаць любую задачу, якую вы паставіце перад намі, якую паставіць перад намі беларускі народ. Гэтага патрабуюць ад нас гістарычны досьвед і гістарычная памяць”.

Як паведамляе прэзыдэнцкая прэсавая служба, Лукашэнка выказаў упэўненасьць у правільнасьці сьвяткаваньня Дня незалежнасьці ў дзень вызваленьня Беларусі ад фашыстаў. Нагадаю, што да рэфэрэндуму 1996 году Дзень незалежнасьці адзначаўся 27 ліпеня – у дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

А вось меркаваньні грамадзянаў падзяліліся: адны лічаць правільным такое сумяшчэньне сьвятаў, а другія – наадварот.

(Спадар: ) “Дзень незалежнасьці і дзень вызваленьня – гэта адны й тыя самыя паняцьці”.

(Спадарыня: ) “Правільна”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж гісторыя Беларусі такая багатая…”

(Спадарыня: ) “Так, багатая. Але мне здаецца, гэтыя два сьвяты неаддзельныя адно ад аднаго”.

(Спадарыня: ) “У нас наагул квітнее Беларусь, горад які прыгожы. Глядзіць за гэтым кіраўніцтва, усюды, кругом вока”.

(Спадар: ) “Цяжка сказаць, напэўна, правільна”.

(Спадар: ) “Сумяшчэньне гэтых двух сьвятаў я лічу няправільным”.

(Спадар: ) “Ну, я ня ведаю, як сказаць: правільна ці не”.

(Спадар: ) “Калі браць эканоміку, гэта добра, нармальна. А з пункту гледжаньня таго, каб сумясьціць два такія сьвяты, то, вядома ж, не зусім карэктна гэта было зроблена, таму дваякае меркаваньне”.

(Спадарыня: ) “Гэта такое пытаньне, на якое я не хачу адказваць”.

(Спадарыня: ) “Не, я тут не зусім згодная з такім спалучэньнем. Лепш дзень вызваленьня сьвяткаваць асобна”.

(Маладзён: ) “Не”.

(Маладзён: ) “Гэта няправільна. Кожнае сьвята павінна мець асобны свой дзень, асобную дату”.

(Маладзён: ) “Абсалютна зь ім пагаджаюся”.

І яшчэ адно пытаньне да людзей на менскіх вуліцах: ці нагадвала ім сёньняшняе шэсьце з удзелам Лукашэнкі пра савецкі час?

(Спадарыня: ) “Ну, падобнае. Чым? Радасьцю, радасьць – яна заўсёды аднолькавая, незалежна ад рэжыму, у якім мы жывём”.

(Спадар: ) “А што сьвяткаваньні, якія праводзіліся за савецкім часам – гэта было дрэнна? Як вы бачыце з выгляду людзей, яны вельмі задаволеныя тым, што гэтае сьвята ёсьць сёньня”.

(Спадарыня: ) “Прыгожа, арганізавана ўсё. Цяпер нашмат лепш, за савецкім часам так не было”.

(Спадар: ) “Вы ведаеце, а лепш вы не прыдумаеце”.

(Спадар: ) “Можа быць, цяпер проста гэта больш ярка зроблена ўсё”.

(Спадар: ) “Ёсьць, не бяз гэтага, ёсьць. У нас жа ўнітарная дзяржава: тыя ж шэсьці, тыя ж парады, тыя ж вэтэраны, усё тое ж засталося, тыя ж сьцягі”.

(Спадарыня: ) “Безумоўна, нагадвае. Усё, уся арганізацыя нагадвае савецкія часы”.
XS
SM
MD
LG