Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску былі затрыманыя 8 актывістаў моладзевай арганізацыі АГП


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі арганізавалі 3 ліпеня ў Менску акцыю ў абарону назваў цэнтральных сталічных вуліц і праспэктаў, перайменаваных указам Аляксандра Лукашэнкі. Улёткі й значкі з выявамі Францішка Скарыны й Пятра Машэрава маладыя людзі раздавалі мянчанам каля 15 хвілін. Пасьля ўдзельнікаў акцыі затрымаў аддзел АМОНу.

Шаснаццаць актывістаў арганізацыі “Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз – Маладыя дэмакраты” (моладзевае аддзяленьне Аб’яднанай грамадзянскай партыі) выйшлі апоўдні на менскую вуліцу Сурганава, дзе раздавалі мінакам значкі з выявамі Францішка Скарыны й Пятра Машэрава, а таксама ўлёткі з заклікам супольна выступіць у абарону ранейшых назваў цэнтральных менскіх праспэктаў і вуліц, перайменаваных 7 траўня ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

Кіроўцам удзельнікі акцыі раздавалі стужкі валошкавага колеру, якія тыя на знак пратэсту супраць перайменаваньня праспэктаў прымацоўвалі на свае аўто. Лідэр моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Кірыл Ігнацік так патлумачыў мэту гэтай акцыі:

(Ігнацік: ) “Мы сёньня ладзім акцыю, прысьвечаную перайменаваньню вуліц. Ёсьць вельмі шмат людзей, якія гэтым не задаволеныя. Мы вырашылі залучыць да гэтай акцыі аўтамабілістаў. Мы вырашылі зрабіць сіні колер колерам людзей, якія выступаюць супраць перайменаваньня вуліц, супраць таго, каб у нас адзін чалавек мог рабіць беззаконьне. Пасьля мы плянуем выйсьці на праспэкт Скарыны (мы не прызнаем яго новай назвы) і раздаваць людзям значкі, якія б нагадвалі пра тых дзеячоў, імёнамі якіх былі названыя галоўныя праспэкты Менску”.

Удзельнікі акцыі прайшлі ўсяго некалькі сотняў мэтраў, як у раёне ўнівэрсаму “Рыга” іх нагнаў аддзел АМОНу. Міліцыянты атачылі маладых людзей колам, загадалі паказаць дакумэнты, пасьля чаго пад канвоем павялі да службовага міліцэйскага аўтобуса.



Актывістка моладзевай арганізацыі АГП Натальля Лявонава пачала крычаць, калі міліцыянты спрабавалі яе затрымаць, і тыя адразу запхнулі дзяўчыну ў службовы легкавік. Кірыл Ігнацік так пракамэнтаваў дзеяньні амонаўцаў:

(Ігнацік: ) “Проста ўлады ведаюць, што 75 % насельніцтва Менску выступае супраць перайменаваньня вуліц бяз санкцыі на гэта менчукоў. І таму адбываецца тое, што мы цяпер бачым”.

Восем удзельнікаў акцыі даставілі ў Савецкую раённую ўправу міліцыі. Там у маладых людзей ўзялі тлумачэньні, канфіскавалі агітацыйныя матэрыялы і праз тры гадзіны адпусьцілі.

Яшчэ адну акцыю пратэсту 3 ліпеня плянавалі правесьці на водах Сьвіслачы, у раёне праспэкту Машэрава (новая назва – Пераможцаў), актывісты партыі БНФ. Але міліцянты прэвэнтыўна затрымалі каардынатараў акцыі Андрэя Сухаверхага і Зьмітра Казлоўскага. У выніку акцыя не адбылася.
XS
SM
MD
LG