Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Будслаўскім фэсьце ўдзельнічала каля 20 000 пілігрымаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Каля 20 000 каталіцкіх пілігрымаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з-за мяжы прыйшлі й прыехалі ў мястэчка Будслаў Мядзельскага раёну Менскай вобласьці, дзе 2 ліпеня адбыўся традыцыйны фэст ушанаваньня цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Малітвы й набажэнствы вакол будслаўскага санктуарыюму Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі доўжыліся ўсю ноч зь пятніцы на суботу. Гэта была ўжо 15 пілігрымка з часу аднаўленьня традыцыі на пачатку 90-х гадоў.

Асноўныя ўрачыстасьці ў Будславе пачаліся апоўначы 2 ліпеня традыцыйнай працэсіяй з запаленымі сьвечкамі, харугвамі й абразом Маці Божай вакол цэнтральнага пляцу мястэчка. Узначальваў працэсію, у якой удзельнічала больш за 10 000 чалавек, біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Аляксандар Кашкевіч. Працэсія суправаджалася духоўнымі сьпевамі:

(Хор: ) “Маці Будслаўская Панна Марыя, Май у апецы край беларускі, Маліся за нас”.

У Будслаў прыйшлі й прыехалі пілігрымы зь Берасьця, Горадні, Менску, Баранавіч, Івянца, Сьветлагорску ды іншых гарадоў Беларусі, а таксама госьці зь Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны й Расеі. Я спытаўся ў маладых людзей, чаму яны штогод па некалькі дзён ідуць у Будслаў? Што для іх гэтая пілігрымка – добрая забава ці нешта большае? І вось якія атрымаў адказы:

(Манашка сястра Тацяна: ) “Асабіста для мяне пілігрымка – гэта шлях, які трэба прайсьці да Бога. І для маёй сяброўкі гэта была дарога – мы ішлі разам з Марыяй і да Марыі. Каб прасіць у яе сына патрэбнай ласкі для нашых сяброў, для нашых блізкіх”.

(Сяргей: ) “Я іду ўжо трэці раз. І мне падабаецца ісьці, маліцца, заводзіць новыя знаёмствы”.

(Натальля: ) “Пілігрымка – гэта не забава. Гэта такі час для разважаньняў, для малітвы, для ўзрастаньня сваёй веры”.

Гэтак ацэньвалі паломніцтва ў Будслаў самі пілігрымы. А вось якую тэндэнцыю ў сувязі з абразом Маці Божай заўважыў пробашч будслаўскай сьвятыні манах з ордэну бэрнардынцаў айцец Славамір Вятлугін:

(а. Вятлугін: ) “Я працую ўжо шосты год, і з кожным годам заўважаю, як расьце культ Маці Божай. Прыкметна таксама, што абраз ушаноўваецца ня толькі каталікамі, але й праваслаўнымі. Я думаю, што Будслаў будзе месцам яднаньня каталікоў і праваслаўных. Я думаю, што тут знаходзіцца абраз, які будзе аб’ядноўваць людзей розных веравызнаньняў”.

Падчас начной працэсіі ды мшы некалькі актывістаў руху “Зубр” узьнялі бел-чырвона-белы сьцяг, але мясцовыя міліцыянты хутка яго канфіскавалі, заявіўшы, што выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку забаронена. У ранішняй багаслужбе, якую адправіў кардынал Казімер Сьвёнтак разам зь іншымі біскупамі й нунцыем Ватыкану ў Беларусі Марцінам Відавічам, удзельнічала каля 20 000 чалавек.

* * *

Мястэчка Будслаў заснаванае ў 1504 годзе, калі вялікі князь літоўскі Аляксандар падараваў гэтыя землі віленскаму кляштару бэрнардынцаў. У ХVI стагодзьдзі ў Будславе быў пабудаваны драўляны касьцёл, у які ў 1613 годзе памясьцілі цудатворны абраз Маці Божай, падараваны папам Клімэнтам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу. У 1643 годзе ў Будславе пабудавалі мураваны касьцёл, а ў 1767 годзе разбудавалі яго да цяперашніх памераў базылікі. Пешыя пілігрымкі ў Будслаў працягваліся амаль безь перапынкаў да 1939 году. Гэтая традыцыя была адноўленая ў 1992 годзе. У 1998 годзе папа Ян Павал ІІ каранаваў будслаўскі абраз, а самому касьцёлу надаў тытул малой базылікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG