Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва: візыт прэзыдэнта Адамкуса ў пасольства Беларусі ў Вільні


Тацяна Поклад, Вільня Літоўская прэса гэтымі днямі абмяркоўвае нечаканы візыт прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса ў амбасаду Беларусі ў Вільні ў часе сьвяткаваньняў афіцыйнага Дня незалежнасьці Беларусі.

Прэзыдэнт Літвы 1 ліпеня браў удзел у прыёме у амбасадзе Рэспублікі Беларусі ў Вільні. Прыём ладзіўся з нагоды 61-й гадавіны вызваленьня Менску ад фашысцкай акупацыі і афіцыйнага сьвята Незалежнасьці ў Беларусі. Паводле літоўскай газэты “Летувос Рытас”, Валдас Адамкус атрымаў запрашэньне ад амбасадара Беларусі ў Літве Ўладзімера Гаркуна. Як патлумачыў дарадца прэзыдэнта Літвы ў пытаньнях замежнай палітыкі Вальтэрыс Балюконіс, з боку Валдаса Адамкуса “была прадэманстраваная сяброўская добразычлівасьць і павага да суседняй краіны”. Паводле Балюконіса, “ня варта шукаць у гэтым жэсьце нічога дрэннага”.

Нечаканы візыт у амбасаду Беларусі прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса выклікаў зьдзіўленьне ў Літве. Самая масавая літоўская газэта “Летувос Рытас” адзначае, што для многіх стала неспадзяванкаю наведваньне літоўскім прэзыдэнтам амбасады краіны, якой кіруе дыктатар. У афіцыйным распарадку прэзыдэнта Літвы пра гэты візыт загадзя не паведамлялася, падкрэсьлівае газэта.

Літоўскае нацыянальнае радыё выказала нараканьне, што прэзыдэнтура так і не патлумачыла, чаму ўдзел у прыёме ў беларускай амбасадзе, як выглядае, утойваўся ад грамадзкасьці, і нагадала, што “Валдас Адамкус ня раз выказваўся супраць рэжыму Лукашэнкі, сьцьвярджаючы, што такая Беларусь ня можа браць удзелу ў жыцьці эўрапейскай супольнасьці”.

Літоўскія журналісты назвалі гэты візыт прэзыдэнта Валдаса Адамкуса “віражом замежнай палітыкі”. Аглядальнікі нагадваюць, як напярэдадні прэзыдэнт Валдас Адамкус рэзка скрытыкаваў візыт міністра сельскай гаспадаркі Казіміры Прунскене ў Калінінградзкую вобласьць на юбілейныя сьвяткаваньні – насуперак рэкамэндацыям Міністэрства замежных справаў Літвы.
XS
SM
MD
LG