Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаўрук і Шэксьпір


Сяргей Дубавец, Вільня (19 чэрвеня 2005 году). Новая перадача сэрыі "Вострая Брама".

Сёлета ў траўні споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Юркі Гаўрука – перакладчыка і паэта, які найлепшым чынам перастварыў па-беларуску творы клясыкаў сусьветнае літаратуры, пачынаючы ад Шэксьпіра.

“Клясе ў дзявятай на вечарынцы, якую мы зладзілі на кватэры нашай школьнай сяброўкі, я ўзяў з паліцы самую прыгожую белую кніжку ў супэрвокладцы. Гэта быў Шэксьпір. І першы, выхаплены вокам радок на выпадковай старонцы, быццам выкрываў: “Ілжэш, байструк!” Гм... На Шэксьпіра непадобна. Шэксьпір мусіць гаварыць нежывой, напышлівай, ледзь не царкоўнаю мовай, а зусім не раскідацца грубаватымі слоўцамі з дваравога лексыкону. Разгадка парадоксу была ў тым, што гэта Шэксьпір па-беларуску. Адкрыцьцё ўразіла так моцна, што памятаецца дагэтуль. Прыгожае, калі не сказаць раскошнае, па тых часах выданьне, сам Шэксьпір, а чытаецца запраста, і абсалютна ўсё зразумела. Пра жыцьцё і сьмерць, пра здраду, пра самыя заблытаныя станы чалавечае душы, а мне, на той час звычайнаму расейскамоўнаму менскаму школьніку, усё ясна. Увадначасьсе ўва мне зруйнаваліся падставовыя стэрэатыпы – пра Шэксьпіра – у лепшым выпадку занадта элітарнага, а ў горшым – проста незразумелага пісьменьніка. І пра беларускую мову, на якой хіба толькі ў вёсцы яшчэ гавораць бабулі, а ўжо ніяк не высокія сфэры. І пра беларускую кнігу, у якой і мне можна сёе тое пачытаць. Адным словам, я выпрасіў таго Шэксьпіра ў гаспадыні і больш зь ім не расставаўся. А тая самая першая, выхапленая вокам фраза, згадваецца мне кожнага разу, калі чую бязглуздыя пераказы тых колішніх стэрэатыпаў – пра нецікавага Шэксьпіра, няздатную беларускую мову і нявартую ўвагі беларускую кнігу. І ляканічныя словы “Ілжэш, байструк!” спрацоўваюць у такіх выпадках безадмоўна.

Аўтару гэтых словаў, перакладчыку Юрку Гаўруку сёлета ў траўні споўнілася 100 гадоў. Думаю, далёка ня мне адному ягоныя кнігі зьмянілі карціну сьвету. Што да сябе, дык разважаючы пра Гаўрука, я сёньня ахопліваюся фатальным пачуцьцём: а што, калі б не было той вечарынкі, калі б у бібліятэцы ў бацькоў аднаклясьніцы не апынулася той кнігі, калі б да яе не пацягнулася рука і калі б кніга не разгарнулася на тых словах... Няўжо можна было так і пражыць гэтае жыцьцё, так і не спазнаўшы ўсёй ягонай акрасы, у поцемках марных клопатаў, не разумеючы сябе...

З нагоды юбілею ў “Вострай Браме” сёньня гучыць радыёэсэ Зьмітра Бартосіка, прысьвечанае паэту і перакладчыку Юрку Гаўруку”.

(Бартосік: ) “Уявіце, што вы ў якім-небудзь 2235-м годзе. Калі адыдуць у нябыт усе нашы сёньняшнія беды і няшчасьці. Калі імёны правадыроў і дыктатараў застануцца адно толькі ў памяці архіваў і энцыкляпэдыяў. Калі Пушкін і Багдановіч з адлегласьці прамінулых эпох уявяцца ледзь не сучасьнікамі цяперашніх нас. Калі валоданьне ангельскай, расейскай альбо ўкраінскай мовамі будзе натуральным выбарам кожнага беларуса. А часы існаваньня "беларускамоўных беларусаў" стануць незразумелым мітам. Бо якімі ж яшчэ могуць быць беларусы? Калі цяжка будзе знайсьці клясычны твор, не перакладзены на мову вялікага Статута. У тым самым годзе ў беларускай сталіцы адбудзецца прэм''ера шэксьпіраўскага "Гамлета". Настолькі нечаканая і новая, настолькі наватарская і глыбокая, а галоўнае – настолькі па-беларуску прачытаная і сыграная, што слава пра яе разьляціцца па ўсім тэатральным сьвеце. І якая-небудзь прыгожая маладая пара, заплаціўшы вялікія талеры за білеты ў стары, як сьвет, Купалаўскі тэатар, набыўшы густоўную прагарамку... Ці зьвернуць яны ўвагу на прозьвішча паэта, які жыў вельмі-вельмі даўно. Амаль як Шэксьпір. І дзякуючы якому ёсьць гэтая прэм''ера, гэты тэатар і, можа быць, гэтая краіна...

(Гамлет. Маналёг пра здраду.)

Беларуская культура – культура вялікая. І ня толькі дзякуючы Скарыну і Сапегу, Гарэцкаму і Багдановічу. Але і творцам той пасьлякастрычніцкай беларусізацыі. Калі за нейкі чортаў тузін гадоў на мову сялянскага народу былі перакладзеныя многія шэдэўры сусьветнай клясыкі. Але асоба Юркі Гаўрука вылучаецца з агульнай карціны бурапеннай эпохі беларускай савецкай рэспублікі. Бо занадта несавецкі кшталт праяўляецца ледзь ня ў кожным слове.

Паэт Ніл Гілевіч быў сябрам Юркі Гаўрука на працягу апошніх дзесяці гадоў жыцьця перакладчыка. І з ахвотай пагадзіўся адказаць на пытаньне, у чым сакрэт Гаўрука?”

(Гілевіч: ) “Слуцак вызначаўся сярод гарадоў пэўным адукацыйным цэнзам. Там з даўніх давён былі школы, гімназіі. Адтуль выходзілі многія дзеячы нашай культуры. Можа быць, гэта паўплывала. Ён, у адрозьненьне сяброў-маладнякоўцаў, якія прыходзілі ў Менск у кажушках, зь вясковых сямігодак, затым паступалі на Рабфак, Юры Паўлавіч атрымаў досыць сур’ёзную адукацыю яшчэ ў Слуцку, у Слуцкай гімназіі. Але галоўнае, я лічу, гэта яго прыродны талент. Прыроднае чуцьцё слова. Адзін толькі факт. У школе ён нейкія азы засвоіў. Іх трошкі знаёмілі з латыньню, з францускай мовай. Але ён самастойна так узяўся вывучаць мовы, яшчэ школьнік, што ў 20-м годзе, яшчэ да ад’езду ў Маскву на вучобу, ён прачытаў у арыгінале на францускай мове велічэзны том Віктора Гюго “Сабор Парыскай Божай Маці”. Не сканчаючы ўнівэрсытэцкіх курсаў... Здымкі ёсьць сярэдзіны дваццатых гадоў. Усе маладнякоўцы сядзяць у кажушках, у сьвітках, у куртках. А ён у інтэлігенцкім пінжачку і з гальштукам “матылёк”. Як артыст відны. У яго “матылёк” чорны тут. Ён інтэлігентам чуўся”.

(Бартосік: ) “Гарнітур, белая кашуля, гальштук-матылёк. Падкрэсьленая арыстакратычнасьць у краіне рабочых і сялян. Што гэта? Выклік лапцям і сьвіткам? Трэба аддаць належнае сьмеласьці маладога перакладчыка. Ня здраджваць сабе нават у дробязях. Працягвае Ніл Гілевіч”.

(Гілевіч: ) “Ён мог бы пісаць лепш за дзясяткі маладнякоўцаў, якія сталі потым вядомымі паэтамі. Ну не параўнаць ягоныя вершы дваццатых гадоў і вершы Броўкі. Ці Хведаровіча. Ніякага параўнаньня ня можа быць. Ён тады быў майстар! Падумайце, яму дваццаць гадоў з хвосьцікам, ён становіцца дацэнтам Горацкай сельгасакадэміі. Тады ж туды прыехаў працаваць Гарэцкі Максім. Працаваць, кожны дзень бачыцца, гаварыць з такімі людзьмі, як Гарэцкі…”

(Бартосік: ) “Літаратуразнаўца Арсень Ліс таксама ведаў Гаўрука асабіста. І першае слова, якое асацыюецца ў яго з гэтым прозьвішчам – джэнтэльмэн”.

(Ліс: ) “Юры Паўлавіч выглядаў тыповым джэнтэльмэнам. Рост у яго быў адпаведным, канфігурацыя галавы, высокачолы. Адпаведна трымаўся. Ня тое, што нейкая падкрэсьленасьць была, але гэта быў тып арганічна інтэлігентнага чалавека. Што паўплывала акрамя традыцый самога Слуцка? Увогуле дваццатыя гады былі даволі спрыяльныя для нашай культуры. Сам Юры Паўлавіч пасьля заканчэньня вучобы ў Слукцу паступіў у Літаратурна-мастацкі інстытут у Маскву. Фактычна ён вучань Брусава. Вы ведаеце, Брусаў і ў паэзіі, і ў жыцьці вылучаўся эўрапейскай культурай. Запомнілася мне з размоваў, на жаль, нячастых. Гаўрук у Коласа найвышэй цаніў “Сымона-музыку”. І мне здаецца, што гэтую думку ён разьдзяляў разам з Максімам Гарэцкім. Гэта была іх агульная думка".

(Бартосік: ) “Ці магчыма быць нармальным прыстойным чалавекам у нялюдзкія часы? Ці магчыма захаваць свой непаўторны творчы твар, калі першыя клясыкі пачынаюць фальшывіць? У краіне, дзе невядома, хто вораг, а хто сябар? Ці ня дзякуючы таму нялюдзкаму часу мы атрымалі ня столькі паэта Гаўрука, колькі Гаўрука перакладчыка? Творцу, які сышоў за кулісы далёкіх стагодзьдзяў. Нібы ўцякаў ад сваёй эпохі”.

(Гілевіч: ) “Ён усё больш пераконваўся ў правільнасьці абранага шляху. Яго самым блізкім з усіх маладнякоўцаў быў Кузьма Чорны. Мы ведаем, што такое Кузьма Чорны. Адна з самых буйных постацей… Яго ўсьведамленьне – трэба Беларусь, беларускую культуру далучаць да эўрапейскай. З гэтым перакананьнем ён выйшаў з маскоўскага Брусаўскага інстытута. Што ня можа нацыяналная кульутра ў цэлым, літаратура ў прыватнасьці, ня можа падняцца, калі будзе адарваная ад эўрапейскай, сусьветнай культуры. У дваццаць тры гады выдаў першую анталёгію эўрапейскай паэзіі. Ён пасьпеў да арышту, у дваццатыя гады шмат перакласьці. “Гамлета” пераклаў. Калі Гаўрук сядзеў на катарзе, “Гамлет” ставіўся ў Мінску, у 46-м годзе, і друкаваўся нават бяз прозьвішча перакладчыка. Лепш ніхто не перакладзе. Ды і нашто плаціць новаму перакладчыку грошы? А тут ставіцца спэктакаль і ні капейкі ганарару Гаўруку, таму што няма такога. Вось лёс Гаўрука. Я не гаварыў зь Юрыем Паўлавічам, не пытаўся ў яго… Але я думаю, што я ведаю, які дзень у яго ў жыцьці самы шчасьлівы. Ён мне расказаў пра гэты дзень, пра гэты эпізод”.

(Бартосік: ) “Гэта той дзень, калі Юрка Гаўрук мог разьвітацца са сваім жыцьцём. Здарылася гэта на будаўніцтве дарогі ў Комі АССР. Аднойчы зэка Гаўрук, задумаўшыся, не заўважыў, як ступіў у зону, дзе ступаць было нельга. Паэт спыніўся з тачкаю ў разгубленасьці. І толькі зрабіў некалькі крокаў назад, як з вышкі данёсься вясёлы голас ВОХРаўца. “Ну, шчасьце тваё. Ужо ты ў мяне быў на мушцы. Калі б ты яшчэ паўкрока зрабіў, там бы і лёг.

(Гамлет. Быць альбо ня быць.)

Як моцна і фатальна па-беларуску гучыць гэты маналёг Гамлета! Тым больш, вырваны з кантэксту п’есы. А тым больш, калі ўзгадаць, што напісаны ён тады, калі гэтае пытаньне маглі вырашыць за цябе ў любы момант. Зрабі толькі адзін неасьцярожны крок. А тым больш, калі ўважліва ўслухацца ў кожны беларускі радок гэтага верша-пытаньня, на якое ледзь ня кожны беларус да гэтае пары ня мае пэўнага адказу. Што, праўда, ня робіць з кожнага беларуса прынца Дацкага.

Юрку Гаўрука ўзгадвае паэт Рыгор Барадулін”.

(Барадулін: ) "Гэта было ў 70-я гады. Неяк гадзіны ў дзьве ночы пастукаўся да мяне ў пакой у Дубултах аўтар вострасюжэтных дэтэктываў Андэрс Сколбэрг. Запрашае ў кампанію, ужо цёплую. Пярэчу, што я ня п''ю. Ён гаворыць: ня піць, а ўдакладніць яму блатны пераказ байкі Крылова "Страказа і мурашка". І сонным голасам пачаў я. "Жыў быў крот муравей і жыла-была фурсетка-прафурсетка страказа. Муравей замастрыў сябе хавіру, натаптаў мандраца. Хавае сабе мандрэц памаленьку да прыпухает. Прыйшла зіма. Прыйшоў пургівер. Тут страказу ўсю і прабебло. І прымківала яна к мураўю. Крот муравей, адкрой сваю хавіру. Дай мандраца пахаваць. Бля буду, дахаджу ў натуры начыста. "А не хацела б ты буя?" Узяў ён дрын і давай яе дрынаваць." У Каралішчавічах у зажурана-гарэзьлівым настроі перадаваў мне ў галасах гэты сюжэт знаўца англійскай, францускай, нямецкай і іншых моваў, перакладчык, інтэлігент і вонкава, і душэўна выкшталцоны, Юрка Гаўрук. Гэта ён быў любімым вучнем у Брусава А пасьля яго, як знаўцу эўрапейскіх моваў паслалі на вывучэньне вялікай рускай мовы ў Сібір. Гэта ён мне расказаў па фені сюжэт "Страказы і мураша". Я не магу перадаць ягонае маўленьне. Таму што ён трошкі грасіраваў. Французістасьць такая ў маўленьні. Гэта гучала шалёна. Пасьля, як ён цытаваў Шэксьпіра, францускую клясыку з выдатным вымаўленьнем... І пераказ "па фені" "Страказы і мураша".

Я неяк браўся "Чайльд Гарольда" перакладаць. Сьвяжэй ангельскую мову ведаў. І сілы былі, і было маладое нахабства. Дык ён мяне адразу ахаладзіў: "Што, Вам так грошы патрэбны?" Можа, у гэтай такой прынцыповай строгасьці была свая праўда...”

(Бартосік: ) “Вы казалі, што ён любіў добрае адзеньне. Грасіраванае "р", добрае адзеньне, вольнае валоданьне ангельскай, францускай, ангельскай мовамі... Атрымліваецца нейкі сьвецкі леў...”

(Барадулін: ) “Я думаю, што гэта шляхетнасьць. Шляхетнасьць, якую бальшавікі вынішчалі. І ўсе панавітыя нашы інтэлігенты апынуліся альбо ў Сыбіры, альбо ў магілах. Ён падкрэсьліваў панавітасьць і арыстакратызм нашай нацыі. Ён стараўся гэта падкрэсьліваць і ў творчасьці, і ў жыцьці".

(Бартосік: ) “Усё я страціў: волю і сям’ю, Ніколі мне, ніколі не падняцца, Апошнім словам смутак спавіваю, Пара з самім сабою разьвітацца… Дзіравы неацеплены барак, Лясныя людзі каля печы труцца, Падсушваюць авёс, пякуць бурак, Як цені ў пекле, сварацца і б’юцца. Халодная была мая пасьцель. Хацеў я спаць, а думы ў голаў лезьлі. Мне сьніліся Рэмбрант і Рафаэль, І валасы мае к сьцяне прымерзьлі.

Гэтыя радкі Юркі Гаўрука, напісаныя ім на катарзе, застануцца за кулісамі ягонай магістральнай творчасьці. Той, якая ставіць яго на адзін узровень са Скарынам. Актор Маскоўскага тэатру на Таганцы Валеры Залатухін у сваіх мэмуарах узгадвае словы Юрыя Любімава перад першай рэпэтыцыяй. Расейскі рэжысэр даводзіў акторам прыкладна наступнае. Што на гэтым матэрыяле лёгка ламаць сабе хрыбет. Што гэты матэрыял не дазволіць схібіць і схалтурыць. Што гэты матэрыял раздушыць няздараў і напоўніцу праявіць творчую бездапаможнасьць. Словы Любімава, мне здаецца, цалкам прыдатныя і да працы перакладчыка. “Гамлет” – гэта ня проста добрая п’еса. Гэта сваеасаблівы тэст на даросласьць культуры. І "Гамлет" Гаўрука гэты тэст вытрымаў.

(Ліс: ) "Я яму неяк кінуў заўвагу, што “Юры Паўлавіч, Вы мала гуляеце, адпачываеце". "Няма калі". Ён надзвычай многа працаваў над перакладамі. "Не хачу застацца пустышкай”. Ён вельмі любіў Гейнэ. Зь яго сарказмам, зь яго іроніяй. І Левік, вядомы рускі перакладчык... Ну, як Вы ведаеце, часам з Масквы глядзелі на беларускіх літаратараў, як на правінцыяльных. А вось Левік надзвычай высока цаніў пераклад Гаўрука "Германія. Зімовая казка".

(Бартосік: ) “Гутарачы зь людзьмі, якія ведалі Гаўрука асабіста, я ўсё роўна ня змог выразна прасьвятліць для сябе вобраз гэтага чалавека. Джэнтльмэна, які любіў добрыя гарнітуры, грасіраваў "р" і з алькаголю ўжываў толькі каньяк. Ён так і застаўся за старымі купалаўскімі кулісамі. А ці магчыма інакш таму, хто быў народжаны ў ХХ-м стагодзьдзі, знаходзіў адхланьне ў 16-м і спадзяваўся дагукацца да наступных, сьвятлейшых эпох?..”

(Гамлет. Бедны Ёрык...)

(Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік у сваім радыёэсэ распавёў пра Юрку Гаўрука, чалавека і пісьменьніка, якому сёлета споўнілася 100 гадоў. Выглядае, што сёньняшняя гаворка – гэта толькі пачатак тэмы, бо асоба Гаўрука з часам робіцца ўсё больш прыцягальнай – і як прыклад паводзінаў, і як важны ключ да беларускае культуры, якім адкрываюцца дзьверы ў астатні сьвет. Апроч таго, рознабаковасьць творчае натуры Гаўрука здольная задаволіць самыя розныя густы. І побач з кнігамі Шэксьпіра ды іншых старых клясыкаў вы знойдзеце кнігі бліскучых перакладаў Хемінгуэя, Стыля, Прычард, Маруа... Дзякуючы даробку Юркі Гаўрука наша культура стала дарослай і роўнай паміж іншымі. І ўявіць яе безь яго альбо замяніць яго некім іншым немагчыма. А гэта значыць, што дасьледнікі не аднойчы яшчэ будуць разграбаць архівы слуцкага школьніцтва і самой адмысловай слуцкай мэнтальнасьці, Брусаўскага інстытуту і Горацкай сельгасакадэміі, каб адшукаць тлумачэньне быццам бы парадаксальнай у сваім часе шляхетнасьці і невынішчальнага беларускага арыстакратызму”.
XS
SM
MD
LG