Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта прыдумалі міт пра “лінію Сталіна”?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 30 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: гісторык Ніна Стужынская і філёзаф Алесь Анціпенка.

(Валер Карбалевіч: ) “У Беларусі, мусіць, больш, чым у любой іншай краіне сьвету, існуе помнікаў, прысьвечаных падзеям другой усясьветнай вайны. І вось сёньня ствараецца яшчэ адзін такі помнік мінулай вайны. З удзелам Лукашэнкі адбылося ўрачыстае адкрыцьцё гістарычна-культурнага комплексу “лінія Сталіна”. Гэтая сыстэма абарончых збудаваньняў, створаная на пачатку 1930-х гадоў уздоўж старой граніцы СССР, да 1939 году, да пачатку вайны апынулася ў глыбокім тыле. Ці адыграла нейкую значную ролю гэтая лінія ў гісторыі мінулай вайны?”

(Ніна Стужынская: ) “Сюжэт абсалютна новы. Я яго не сустракала раней. У ланцужку бачных падзеяў Вялікай Айчыннай вайны такога эпізоду няма. Цяпер усім студэнтам у вышэйшых навучальных установах і іншых установах адукацыі чытаецца курс пра вайну. І там таксама такога сюжэту няма”.

(Алесь Анціпенка: ) “Гісторыя ня сьведчыць, што падчас другой усясьветнай вайны “лінія Сталіна” аказала рашучы ўплыў на хаду баявых дзеяньняў у пачатку вайны на тэрыторыі Беларусі. Прынамсі, тое, што немцы на шосты дзень вайны ўвайшлі ў Менск, ня сьведчыць на карысьць таго, што гэтая лінія аказала нейкі значны ўплыў на абарону нашай сталіцы”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, пасьля таго, як перад вайной да СССР былі далучаныя краіны Балтыі, Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна, мяжа Савецкага Саюзу перамясьцілася далёка на Захад, гэтая лінія перастала мець абарончае значэньне. Савецкая ваенная стратэгія таго часу прадугледжвала, што з самага пачатку вайны Чырвоная Армія адразу пяройдзе ў наступ, перанясе баявыя дзеяньні на чужую тэрыторыю. І любыя размовы пра неабходнасьць захоўваць і ўмацоўваць абарончую лінію ў глыбокім тыле разглядаліся як паражэнчыя, капітулянцкія і варожыя. Таму “лінія Сталіна” перад вайною была раззброеная, часткова разбураная, часткова прыйшла ў заняпад, там не было вайсковых гарнізонаў. Да таго ж нямецкія войскі рухаліся вельмі хутка, на шосты дзень былі каля Менску.

Таму казаць пра гераічную абарону савецкіх войскаў на “лініі Сталіна”, як спрабуюць давесьці беларускія дзяржаўныя СМІ, ніяк не выпадае. Але афіцыйная прапаганда пайшла далей, і ў рэканструкцыі бою, які дэманстраваўся пры адкрыцьці помніка, Чырвоная Армія перамагае. Вось у сёньняшняй газэце “Звязда” зьмешчанае фота БелТА, на якім паказаныя нямецкія салдаты з паднятымі рукамі, яны здаюцца.

Навошта ствараць міт на пустым месцы? Існуе багата матэрыялу для ваеннай міталёгіі. Была Брэсцкая крэпасьць, была “партызанка”, іншыя сапраўдныя падзеі, няхай сабе і крыху мітызаваныя. Але тут голы міт, прычым адбываецца спроба нават памяняць знакі, паразу ператварыць у перамогу”.

(Стужынская: ) “У мяне таксама вялікае пытаньне. Таму што 1941 год — гэта трагедыя Чырвонай Арміі, мірнага насельніцтва. Вядома, што Чырвоная Армія вельмі хаатычна адступала. Дык што ж сьвяткуем, што аднаўляем у гістарычнай памяці? Трагедыю? Паразу? Тое тэатралізаванае прадстаўленьне, якое паказваюць, не адпавядае гістарычнай праўдзе. Ці то памяняўся гістарычны час у некаторых гістарычных галовах? Ці гэта спроба беларускага кіраўніцтва па-новаму перакроіць гісторыю? І шмат людзей задае тое ж пытаньне. Таму што тое, што яны ведалі пра вайну, пра 1941 год, ніяк не супадае з новай казкай”.

(Анціпенка: ) “Я пагаджаюся, што тая гістарычная рэканструкцыя, якая цяпер робіцца, ня мае ніякага дачыненьня да рэальнай гісторыі. Але гэта мае важнае значэньне для таго ідэалягічнага кантэксту, які ўлады навязваюць грамадзтву. Ужо згадана, што ва ўсіх навучальных установах выкладаецца курс гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Зусім не выпадкова, што гэтую збудаваную пад Менскам. “лінію Сталіна” можна будзе выкарыстоўваць як жывы падручнік, наглядны аб’ект, куды можна вазіць навучэнцаў на экскурсіі, каб узмацняць ідэалягічны ўплыў.

Рэканструкцыя гэтых збудаваньняў была прымеркаваная да 9 траўня, але, мусіць, не пасьпелі. Цяпер знайшлі новую дату, да якой можна прымеркаваць адкрыцьцё гэтага комплексу. Гэта 3 ліпеня, дзень вызваленьня Менску. У тым каскадзе мерапрыемстваў, які плянуецца, гэтая тэатралізаваная дзея будзе даволі заўважная, прыцягне ўвагу жыхароў. Яшчэ адзін чыньнік. Для ідэалёгіі ня важна значнасьць падзеі, гістарычныя факты. Для ідэалёгіі важныя сымбалі і міты. І міт, як у дадзеным выпадку, існуе толькі на пустым месцы. Калі міт абапіраецца на факт, то гэта ня міт”.

(Стужынская: ) “Абсалютна было б лягічна і да месца ўзяць, напрыклад, нейкі сюжэт з пэрыяду вызваленьня Беларусі ў 1944 годзе, апэрацыі “Багратыён”. Гэта ўжо быў наступ на Захад, відаць быў канец вайны, перамога”.

(Анціпенка: ) “Яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што ідэалягічныя міты не базуюцца на гістарычных фактах. Іхнае прызначэньне зусім іншае, мабілізацыйнае”.

(Стужынская: ) “Можна выказаць меркаваньне, што ўся гэтая дзея зьвязаная з імем Сталіна. І можа ўвесь сэнс, уся соль менавіта ў гэтым. Хачу заўважыць, што ў СССР гэтую лінію так не называлі. І дарэчы, “Совинформбюро” падчас вайны заяўляла, што лініі Сталіна не існуе, таму яе немагчыма прарваць”.

(Карбалевіч: ) “Вось у працяг гэтай тэмы. Апошнім часам у Беларусі існуе тэндэнцыя рэабілітацыі імя Сталіна. Лукашэнка колькі часу таму высока ацаніў ягоную станоўчую ролю ў гісторыі вайны. На будынку менскай сувораўскай вучэльні зьявілася імя Сталіна. І вось цяпер “лінія Сталіна”. Тым больш, што сапраўды, як адзначыла Стужынская, у СССР гэтая абарончая сыстэма так не называлася. Такую назву гэтай лініі далі на Захадзе. Што гэта ўсё азначае?”

(Стужынская: ) “Нашаму кіраўніцтву ўвогуле падабаюцца маштабныя гістарычныя постаці. У свой час вялікі рэзананс выклікала разважаньне пра Гітлера. Такая ж постаць Сталіна. Гэта два лідэры, якія ўвасаблялі ў той час таталітарызм у розных краінах. Таму тут адыгрываюць ролю сымпатыі кіраўніка дзяржавы”.

(Анціпенка: ) “Я думаю, гэта працяг тэндэнцыі, якая даўно заўважаная. Кароткая дэфініцыя гэтай тэндэнцыі — рэсаветызацыя. І калі мы крочым у гэтым рэчышчы, то натуральна зьяўляюцца адпаведныя сымбалі і ідалы той савецкай міталёгіі, той эпохі, да якой мы крочым. Другая рэч, пра што сказала Стужынская, гэтая сыстэма, зьвязаная з асобай Сталіна, апавядае канцэпцыі прэзыдэнцкай улады ў Беларусі”.

(Стужынская: ) “Магчыма, кіраўніцтва Беларусі адсочвае працэсы, якія адбываюцца ў Расеі. І яно спрабуе апярэдзіць. Там у Маскве толькі пасьпелі сказаць “А”, а мы ўжо сказалі “Б”. Пэўны палітычны заказ мог быць зроблены там”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, такія тэндэнцыі існуюць і ў Расеі. Там, напрыклад, ідуць дыскусіі пра тое, ці трэба вяртаць гораду Валгаграду назву Сталінград. Такім чынам “лінія Сталіна” ніяк ня можа быць сымбалем гераічнага подзьвігу Чырвонай Арміі падчас вайны. Гэта хутчэй помнік палітычнага правалу і некампэтэнтнасьці тагачаснага палітычнага і ваеннага савецкага кіраўніцтва і найперш самога Сталіна, якое не магло і не хацела эфэктыўна скарыстацца створанымі абарончымі збудаваньнямі, дазволіла фашыстам беспакарана і хутка захапіць усю Беларусь. “Лінія Сталіна” — гэта сымбаль банкруцтва сталінскага рэжыму, ягонай няздольнасьці адэкватна ацэньваць ваенна-палітычную сытуацыю. Гэта яскравы прыклад памылак, а калі ўлічваць вялізарную колькасьць ахвяраў у іх выніку, то сымбаль злачынства тагачаснага дзяржаўнага ладу. І цяперашняя спроба ператварыць гэта ў сымбаль перамогі СССР у вайне нічога, акрамя зьдзіўленьня і прыкрасьці, не выклікае”.

Гл. таксама • Для Аляксандра Лукашэнкі ў Заслаўі арганізавалі “вайну” (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG