Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці быў прэзыдэнт Ірану сярод людзей, што захапілі амбасаду ЗША ў 1979?


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што патрабуе адказу на пытаньне ці быў новаабраны прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэджад сярод людзей, якія ў 1979 годзе захапілі амэрыканскую амбасаду ў Тэгеране і трымалі 52-х амэрыканцаў у якасьці закладнікаў цягам 444 дзён. Некаторыя з былых закладнікаў перакананыя ў тым, што Ахмадзінэджад быў сярод захопнікаў. Сам новаабраны іранскі прэзыдэнт на гэтыя абвінавачаньні ніяк не рэагуе, але некалькі былых студэнцкіх лідэраў кажуць, што Ахмадзінэджад ня браў удзелу ў захопе амбасады.

Ці быў новаабраны іранскі прэзыдэнт-кансэрватар сярод тых, хто захапіў закладнікаў у амэрыканскай амбасадзе? Прынамсі пяцёра з амэрыканцаў, захопленых у 1979 годзе, кажуць, што перакананыя ў тым, што Махмуд Ахмадзінэджад быў сярод тых, хто трымаў іх у няволі цягам 444 дзён.

Адзін з былых закладнікаў, капітан марской пяхоты ЗША ў адстаўцы Доналд Шарэр заявіў тэлекампаніі NBC, што памятае прынамсі два выпадкі, зьвязаныя з Ахмадынэджадам.

(Шарэр: ) “Адзін з нашых ахоўнікаў дазваляў нам хадзіць па калідоры з адной турэмнай камэры ў іншую цягам некалькіх дзён. Аднак аднойчы прыйшоў гэты чалавек і зрабіў ахоўнікам разнос. Як пераклаў адзін з маіх калегаў, які ведаў мову, ён крычаў, што мы сьвіньні і сабакі і заслугоўваем, каб быць пад замком увесь час. Дык нас замкнулі. Наўрад ці можна ня памятаць людзей, якія такім чынам ставілі пад пагрозу тваё жыцьцё”, – заявіў былы амэрыканскі закладнік.

Але шэраг былых студэнцкіх лідэраў, якія бралі ўдзел у захопе амбасады ЗША, кажуць што Махмуда Ахмадзінэджада там не было.

Абас Абдзі, у мінулым адзін з найбольш вядомых студэнцкіх лідэраў, заявіў газэце "The New York Times", што Ахмадзінэджад хацеў узяць удзел ў апэрацыі захопу амбасады, але ад ягоных паслугаў адмовіліся. Паводле ягоных словаў, пазьней, калі амбасада ўжо была захопленая Ахмадзінэджад тэлефанаваў і хацеў далучыцца, але яму адмовілі.

Між тым Махамад Алі Сэджэднэджад – адзін з заснавальнікаў і сяброў цэнтральнай Рады буйнейшай студэнцкай арганізацыі ў Іране заявіў журналісту іранскай службы нашага радыё, што Ахмадзінэджад быў праціўнікам захопу амбасады.

Амбасада ЗША ў Тэгеране была захопленая 4 лістапада 1979 году групай студэнтаў, якія назвалі сябе “Прыхільнікамі курсу Імама Хамэйні”. Яны захапілі ў закладнікі супрацоўнікаў амбасады, абвінаваціўшы іх у шпіянажы. Студэнты заявілі, што такім чынам пратэстуюць супраць умяшальніцтва ЗША ва ўнутраныя справы Ірану.

Пытаньне аб тым, ці быў Махмуд Ахмадзінэджад сярод захопнікаў зьявілася пасьля таго, як некаторыя інтэрнэт-старонкі зьмясьцілі здымак барадатага захопніка, які вёў закладніка з завязанымі вачыма, заявіўшы, што гэта Ахмадзінэджад.

Злучаныя Штаты пасьля захопу амбасады спынілі дыпляматычныя дачыненьні з Іранам. Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў Тэгеран высьветліць ролю новаабранага прэзыдэнта ў тых падзеях. Прадстаўнік дзярждэпартамэнту Шон Макормак заявіў, што ЗША “не забіліся” на тое, што амэрыканскія дыпляматы былі захопленыя ў палон і што іх трымалі больш за год”.
XS
SM
MD
LG