Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 ліпеня 1991 году скасаваны Варшаўскі дагавор


RFE/RL Каляндар Свабоды – 1 ліпеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 1 ліпеня.

Сёньня першы дзень ліпеня. “Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае, – казалі нашыя продкі.

Таксама сёньня – сусьветны Дзень архітэктуры. А яшчэ 1 ліпеня адзначаецца Дзень Канады, куды ў розныя часы перасялілася і працягвае перасяляцца шмат беларусаў. Памятная дата вяртае нас у 1867 год, калі раніцою мэр Атавы з гарадзкое ратушы зачытаў дакумэнт пра стварэньне новай дзяржавы. Датуль Канада была калёніяй Вялікабрытаніі.

1 ліпеня 1569 году была падпісаная Люблінская унія. Дзьве краіны – Вялікае Княства Літоўскае і Польшча – аб’ядоўваліся ў адну фэдэратыўную Рэч Паспалітую. Унія ўзмацніла сярэднявечную беларускую дзяржаву, якая сама ўжо не спраўлялася са зьнешнімі агрэсіямі, але ўрэшце паспрыяла палянізацыі тагачаснага кіраўніцтва краіны. У 18 ст. Рэч Паспалітая будзе падзеленая паміж суседнімі імпэрыямі.

1 ліпеня 1649 году адбылася Лоеўская бітва. Шляхта Вялікага Княства Літоўскага на самым поўдні сёньняшняе Беларусі адбіла казацкае нашэсьце. Казакі пад кіраўніцтвам Крычэўскага пацярпелі паразу ад шляхецкага апалчэньня на чале з гетманам Янушам Радзівілам. У той бітве палегла 8 тысяч казакаў, зь якіх тры тысячы патанулі ў Дняпры. Значныя страты панесла і ўрадавае войска, але ў краі нарэшце было ўсталяванае вяршэнства закону.

1 ліпеня 1991 году скончылася гісторыя ўсходняга суперніка НАТО – арганізацыі Варшаўскага дагавору. Пратакол аб спыненьні дзейнасьці гэтай арганізацыі ў Празе падпісалі Баўгарыя, Вугоршчына, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславаччына.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

2 ліпеня 1717 году пачала дзейнічаць знакамітая Налібоцкая шкляная мануфактура. Збудавалі яе ў мястэчку Налібакі, што належала беларускім князям Радзівілам. Тут варылі крышталь і шкло самых розных колераў, шліфавалі, эмалявалі, залацілі звычайны і дэкаратыўны посуд.

2 ліпеня прыйшлі на сьвет ажно два Нобэлеўскія ляўрэаты ў галіне літаратуры. Гэта нямецкі літаратар Герман Гесэ і польская паэтка Віслава Шымборска.

2 ліпеня 1909 году нарадзіўся Ціхан Бумажкоў, які кіраваў савецкімі партызанамі на беларускім Палесьсі ў гады другой сусьветнай вайны і стаў першым партызанам, што быў уганараваны званьнем героя Савецкага Саюзу. Неўзабаве пасьля гэтага Бумажкоў загінуў на фронце. А родам ён быў з Расеі, з Прыморскага краю.

2 ліпеня ў 1922 годзе нарадзіўся беларускі кампазытар Генрых Вагнэр. У адрозьненьне ад свайго нямецкага аднафамільца, народны артыст Беларусі Вагнэр найболей вядомы музычнымі творамі дзіцячай і савецкай патрыятычнай тэматыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG