Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У час крызісу Брытанія становіцца на чале Эўразьвязу


Мікола Пачкаеў, Лёндан Брытанія цяпер пераймае ад Люксэмбургу абавязкі старшыняваньня ў Эўрапейскім Зьвязе. Хаця Эўразьвяз цяпер перажывае крызіс, у пытаньнях стаўленьня да паноўнага ў Беларусі рэжыму старшынёўства Вялікабрытаніі азначае безумоўна жорсткую пазыцыю і можа паспрыяць выпрацоўцы Эўропаю больш актыўнай і скаардынаванай палітыкі ў адносінах да Беларусі.

Брытанія заўсёды займала недвухсэнсоўную крытычную пазыцыю што да паноўнага ў Беларусі рэжыму. Брытанскія палітыкі – з кіроўчай партыі і з апазыцыі – неаднаразова ініцыявалі слуханьні ў брытанскім парлямэнце на тэму Беларусі, а прадстаўнікі ўраду цалкам пагаджаліся з парлямэнтарамі у асуджэньні фактаў парушэньня правоў чалавека, палітычных рэпрэсіяў і здушэньня свабоды прэсы ў Беларусі. Брытанія дала прытулак пэўнай колькасьці беларусаў, беручы пад увагу пагрозы палітычнага перасьледу іх на радзіме. Брытанскія прадстаўнікі неаднаразова крытыкавалі недэмакратычнасьць і несправядлівасьць выбараў і рэфэрэндумаў, якія праводзіў рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі моладзевай арганізацыі лібэральнай партыі нават зарганізавалі пікетаваньне беларускай амбасады ў дзень леташняга рэфэрэндуму.

Аднак прадстаўнікі Брытаніі таксама зазначалі, што найбольш эфэктыўнымі яны бачылі б калектыўныя дзеяньні праз эўрапейскія структуры. Найважнейшай задачай брытанскага старшынёўства будзе фактычна пераадоленьне крызісу ў Эўразьвязе. Крызіс гэты мае значныя наступствы для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку й для Беларусі. Па-першае, новыя бяднейшыя сябры Эўразьвязу ня могуць разьлічваць на бюджэтную матэрыяльную падтрымку, пакуль бюджэту няма. Па-другое, справа далейшага пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу ставіцца пад пытаньне. Па-трэцяе, здольнасьць Эўразьвязу да актыўнай замежнай палітыкі будзе абмежаваная да часу, пакуль ён засяроджаны на ўнутраным крызісе і вострым канфлікце паміж асноўнымі сваімі сябрамі. І ўрэшце, усе праграмы, якія фінансуюцца з эўрапейскага бюджэту, ня маюць будучыні, пакуль ня вырашана будучыня эўрапейскіх фінансаў.

Тым ня менш старшыняваньне Вялікабрытаніі ў Эўразьвязе азначае безумоўна крытычнае стаўленьне да цяперашняга беларускага рэжыму і стварае новыя магчымасьці для кансалідацыі агульнай эўрапейскай палітыкі ў адносінах да Беларусі.
XS
SM
MD
LG