Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве асуджаны на пазбаўленьне волі “навагодні падрыўнік”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Суд вызначыў меру пакараньня чалавеку, які пагражаў абласному цэнтру выбухамі ў навагоднюю ноч. Вінаваты назваў свой учынак “дурным жартам”, але атрымаў за гэта зьняволеньне.

Сёньня ў Ленінскім раённым судзе Магілёва асудзілі так званага “навагодняга падрыўніка”, які сапсаваў сьвята супрацоўнікам праваахоўчых органаў. Яго прызналі вінаватым у наўмысна несапраўдным паведамленьні аб небясьпецы, а мера пакараньня за гэта — 3,5 гады пазбаўленьня волі.

Напярэдадні новага 2005 году 40-гадовы магілёвец паведаміў міліцыі ў электронным лісьце, што ў часе масавых гуляньняў у абласным цэнтры адбудуцца выбухі — і каб гэтага не было, невядомы патрабаваў 50 мільёнаў рублёў. Вылічыць і затрымаць тэрарыста міліцыянтам удалося не адразу. Таму ў навагоднюю ноч у Магілёў для прадухіленьня магчымых тэрактаў былі сьцягнутыя супрацоўнікі праваахоўчых органаў і КДБ, якія працавалі ва ўзмоцненым рэжыме. Магілёўцы, якім нічога не паведамілі, былі моцна зьдзіўленыя вялікай колькасьцю міліцыянтаў на вуліцах гораду.

Навагодняя ноч у Магілёве прайшла спакойна, і неўзабаве быў затрыманы аўтар пагрозы тэрактаў. Паводле прэс-рэлізу ўправы КДБ, у часе сьледзтва як магчымыя разглядаліся розныя вэрсіі, і ў ліку іншых — спроба такім своасаблівым спосабам дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі напярэдадні сьвятаў. Аднак высьветлілася, што сапраўдная прычына — нежаданьне адпускаць дачку на дыскатэку ў навагоднюю ноч.

Гэты чалавек не рыхтаваў выбухаў, але страты спрычыніў вялікія: кошт мераў бясьпекі ацэньваецца на суму больш за 25 мільёнаў рублёў. Цяпер “навагодні падрыўнік” павінен кампэнсаваць гэтыя выдаткі.

У апошнім слове падсудны прынёс прабачэньні супрацоўнікам праваахоўчых органаў. Ён сказаў, што яму сорамна за свой “дурны жарт”. Прэс-сакратарка абласной управы КДБ Тацяна Шаўцова на заканчэньне працэсу сказала:

(Шаўцова: ) “Людзі павінны ўсьведамляць, што яны робяць, і несьці за гэта адказнасьць. Гэта дарослы паўналетні чалавек і, натуральна, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь ён абавязаны адказваць у адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам”.

Магілёўскаму “падрыўніку” давядзецца правесьці яшчэ два гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG