Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз плянуе стварэньне новых электронных СМІ для Беларусі


Любоў Лунёва, Менск Лідэры фракцыі Эўрапейскага Парлямэнту “Саюз лібэралаў і дэмакратаў у імя Эўропы” Грэхэм Уотсан з Шатляндыі і Януш Анышкевіч з Польшчы наведалі Беларусь з мэтай усталяваньня кантактаў зь беларускімі палітыкамі. Прадстаўнікі фракцыі знаёміліся з палітычнай і грамадзкай сытуацыяй у Беларусі.

Грэхэм Уотсан і Януш Анышкевіч на прэсавай канфэрэнцыі заявілі, што іх вельмі непакоіць сытуацыя, калі ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, зьнікаюць людзі і расьце колькасьць палітвязьняў. Парлямэнтары лічаць, што кірунак, у якім тут разьвіваецца сытуацыя, вельмі небясьпечны.

Старшыня фракцыі “Саюз лібэралаў і дэмакратаў у імя Эўропы” Грэхэм Уотсан закрануў і тэму захаваньня свабоды слова ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў:

(Уотсан: ) “Мы працуем разам з Радай Эўракамісіі над бюджэтам новых дэмакратычных ініцыятываў Эўразьвязу. Мы спадзяемся, што яны могуць быць скарыстаныя для падтрымкі незалежных мэдыяў, але мы разумеем, зь якімі цяжкасьцямі нам давядзецца сутыкнуцца”.

Януш Анышкевіч адным з магчымых крокаў лічыць стварэньне шэрагу радыёстанцыяў вакол Беларусі.

(Анышкевіч: ) “Мы лічым, што вельмі важна для людзей у Беларусі атрымліваць больш інфармацыі з электроных СМІ. Вось чаму мы зьбіраемся заснаваць радыёстанцыі, якія вяшчалі б на беларускай мове для беларускай аўдыторыі, перадавалі інфармацыю аб тым, што адбываецца ў сьвеце і ў Беларусі. Мы маем намер надаваць іншую якасьць інфармацыі, незалежнай ад падкантрольных ўраду СМІ, якія дамінуюць у Беларусі”.

Януш Анышкевіч патлумачыў, што радыёстанцыі будуць месьціцца не на тэрыторыі Беларусі, а хутчэй за ўсё ва Ўкраіне, Польшчы, Латвіі і Літве.

Шатляндзец Грэхэм Уотсан паведаміў, што разабрацца ў сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, дапамагае польская “Салідарнасьць”. Арганізацыя сёлета сьвяткуе 25-годзьдзе. Сябры арганізацыі даюць “Саюзу лібэралаў і дэмакратаў у імя Эўропы” каштоўныя парады датычна Беларусі.

На наступным тыдні беларускае пытаньне будзе абмяркоўвацца на сэсіі Эўрапарлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG