Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Хадыка: "Расея расколвае славянаў імпэрскай палітыкай"


Альгерд Невяроўскі, Менск Правядзеньне ў Менску IX Усеславянскага зьезду камэнтуюць беларускія палітыкі, палітолягі й грамадзкія дзеячы. Яны лічаць, што гэтае мерапрыемства не паўплывае на пашырэньне ў славянскіх краінах ідэі славянскага адзінства. Дэлегаты гэтага зьезду, на думку суразмоўцаў нашага карэспандэнта, малаўплывовыя ў сваіх краінах і не прадстаўляюць значных палітычных сілаў.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што рашэньні Ўсеславянскага зьезду ніяк не паўплываюць на ўмацаваньне ідэі славянскага адзінства.

(Фёдараў: ) “Я абсалютна ўпэўнены, што ні на што гэты зьезд не паўплывае, бо славянскі сьвет цяпер даволі істотна раскалоўся. Большая яго частка імкнецца на Захад і толькі дзьве краіны – Расея й Беларусь – застаюцца на Ўсходзе і спрабуюць нейкім чынам процістаяць гэтаму Захаду. Я ня ведаю, хто тут прадстаўнікі ад Польшчы, Чэскай Рэспублікі, Баўгарыі, Славеніі, але мне здаецца, што гэта пэрсоны, якія ні на што ў сваіх краінах не ўплываюць і нічога там не вырашаюць. Бо, як мы бачым, гэтыя краіны ўсімі сіламі імкнуцца на Захад. І ніякага сэнсу ў гэтым мерапрыемстве, на мой погляд, няма”.

А вось што думае з нагоды правядзеньня ў Менску Ўсеславянскага зьезду былы старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін:

(Гавін: ) “Усе гэтыя саборы, зьезды, якія праводзяцца людзьмі, такімі як Касьцян, для мяне не становяць ніякай вартасьці. І робіцца гэта ня дзеля таго, каб аб’яднаць, як яны гавораць, славянаў, якія жывуць ня толькі ў Беларусі, але і ў дзяржавах, што зь Беларусьсю мяжуюць. Гэта робіцца дзеля таго, каб раскалоць людзей, якія жывуць у Беларусі спрадвеку”.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Юры Хадыка лічыць, што ўдзельнікі ІХ Усеславянскага зьезду не зьяўляюцца ніякай уплывовай палітычнай сілай. На думку Хадыкі, ніхто так ня шкодзіць славянскай ідэі, як імпэрскія сілы ў Расеі:

(Хадыка: ) “Як можна ацэньваць правядзеньне нейкага маргінальнага мерапрыемства – дакладней, мерапрыемства з удзельнікамі, якія прадстаўляюць маргінальныя структуры. Я ня думаю, што людзі, якія прыехалі на гэты зьезд на запрашэньне Касьцяна, зьяўляюцца нейкай ўплывовай сілай хаця б у адной з краінаў. Хто спрабуе славянаў раскалоць? Я думаю, што расколвае ў першую чаргу найбольшая, пераважна славянская краіна Расея – расколвае сваёй імпэрскай палітыкай. І марыць пра нейкае славянскае адзінства з удзелам Польшчы, Славаччыны, Чэхіі, Славеніі, Сэрбіі – гэта проста маразм. Такога ня можа быць у прынцыпе”.

Гл. таксама • У Менску сабраўся ўсеславянскі зьезд
XS
SM
MD
LG