Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за чатыры гады “Балтыка” і “Крыніца” дасягнулі кампрамісу


Ігар Карней, Менск Міравое пагадненьне паміж “Крыніцай” і “Балтыкай”, якога так доўга дамагаўся беларускі бок, нарэшце падпісанае. Але гэта не азначае, што “Балтыка” даруе беларусам некалькі мільёнаў даляраў, якія “Крыніца” не лічыла за патрэбнае вяртаць пасьля аднабаковага выхаду з распачатага ў 2001 годзе сумеснага праекту: да канца году беларускі бровар мусіць заплаціць кампаніі з Санкт-Пецярбургу больш за 2,5 мільёны даляраў.

Ня так даўно абраны новы прэзыдэнт найбольшага расейскага бровару Антон Арцем’еў сёньня ладзіў адмысловую інтэрнэт-канфэрэнцыю, прысьвечаную чатырохгадоваму бясплённаму супрацоўніцтву зь менскім піўзаводам і беларускім кіраўніцтвам увогуле. Было згадана пра перамовы на найвышэйшым роўні паміж колішнім прэзыдэнтам “Балтыкі” Таймуразам Балоевым і Аляксандрам Лукашэнкам, цытаваліся гарантыі і глябальныя намеры кіраўніцтва Беларусі; натуральна ж, асобна ішла гаворка пра ўкладзеныя сродкі і час, змарнаваны ў судох для вяртаньня пасьпешліва зробленых інвэстыцыяў. Тым ня меней, як паведаміў дарадца спадара Арцем’ева Аляксей Кедрын, двухбаковае міравое пагадненьне замацаванае юрыдычна. (Кедрын: ) “Пазыцыю сваю мы сёньня агучылі: падпісана міравое пагадненьне паміж піваварнымі кампаніямі “Балтыка” і “Крыніца”, і гэтае пагадненьне замацаваў суд. Такім чынам, яно ўступае ў сілу. Пагадненьне рэглямэнтуе працэдуру вяртаньня пазык, якія “Крыніца” ў 2001 годзе атрымлівала ад “Балтыкі”. Дасюль мы ўжо вярнулі – дзякуючы ўмяшаньню беларускага ўраду, 9,4 мільёна даляраў, потым яшчэ 900 тысяч даляраў, цяпер чакаем яшчэ 2,7 мільёна даляраў. Прычына такога працяглага абмеркаваньня ня ў тым, вяртаць ці не вяртаць пазыкі, а ў тым, як інтэрпрэтаваць заканадаўствы дзьвюх краінаў – яны неадназначныя ў частцы пазьбяганьня падвойнага падаткаабкладаньня. У любым разе міравое пагадненьне – гэта кампраміс, і ў нашым выпадку гэта таксама кампраміс”.

У 2001 годзе “Балтыка” адкрыла менскаму прадпрыемству крэдытную лінію на 10,7 мільёна даляраў для рэканструкцыі. На гэтыя грошы “Крыніца” набыла абсталяваньне і нават пачала яго мантаж. Аднак неўзабаве кіраўніцтва Беларусі адкарэктавала пляны на перадачу расейцам кантрольнага пакету акцыяў менскага бровару і заявіла аб выхадзе з інвэстыцыйнага праекту. Больш за два гады празь міжнародныя суды “Балтыка” безвынікова спрабавала вярнуць укладзеныя сродкі, і толькі ў канцы 2003 году загадам Лукашэнкі “Крыніца” атрымала дзяржаўную пазыку на 10 мільёнаў даляраў для вяртаньня доўгу. Кіраўніцтва “Балтыкі”, між тым, настойвала на вяртаньні працэнтаў за карыстаньне пазыкай, аплаты пені і штрафаў. На гэтай падставе “Балтыка” выставіла некалькі пазоваў на агульную суму 3,5 мільёна даляраў. Паводле адкарэктаваных разьлікаў, да канца гэтага году “Крыніца” мусіць пералічыць “Балтыцы” 2,7 мільёна даляраў. А гэта, паводле Аляксея Кедрына, азначае, што як мінімум гэты год пра “Крыніцу” ў Санкт-Пецярбурзе будуць памятаць.

(Кедрын: ) “Мы працуем на адным рынку, і нейкія адносіны, пэўна, застануцца. Пытаньне выдзяленьня пазык, вядома, закрываецца. Аднак, паводле ўмоваў пагадненьня, “Крыніца” павінна вярнуць пазыкі да канца 2005 году”.

На самой “Крыніцы” падпісаным пагадненьнем задаволеныя. Аднак кажуць, што застаецца нявырашанай іншая праблема: нягледзячы на ўсе спробы абмежаваць увоз у Беларусь расейскага піва, “Балтыка” і падобныя да яе маркі застаюцца галоўнымі канкурэнтамі беларускіх гатункаў. Адзін з супрацоўнікаў “Крыніцы” тлумачыць, чаму ня варта спадзявацца, што такая прапорцыя на піўным рынку можа парушыцца:

(Супрацоўнік “Крыніцы”: ) “Сёньня там і энэрганосьбіты, і сыравінная база зусім іншыя. Інакш кажучы, затраты на вытворчасьць піва ў Расеі істотна ніжэйшыя, чым у нас. А фінансавыя магчымасьці нашмат большыя”.

На рашэньне Аляксандра Лукашэнкі ў 2003 годзе блякуючы пакет акцыяў “Крыніцы” (80,5 %) на 5 гадоў перададзены ў даверчае кіраваньне “Прыярбанку”. Паводле кіраўніцтва банку, за гэты час у “Крыніцу” інвэставана больш за 25 мільёнаў эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG