Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыну Міхаіла Марыніча адмовілі ў спатканьні з бацькам, які трапіў у шпіталь


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міхаіл Марыніч знаходзіцца ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі, куды ён трапіў з прычыны раптоўнага пагаршэньня зроку. Як сябе адчувае Міхаіл Марыніч і як яго лечаць?

Напярэдадні стала вядома, што Міхаіл Марыніч трапіў ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь. Паводле зьвестак, якія атрымала адвакат Марыніча Валянціна Шаханцова ад адміністрацыі менскай калёніі, у вязьня рэзка пагоршыўся зрок і яго памясьцілі ў шпіталь для тэрміновага лячэньня. Сёньня супрацоўніца нэўралягічнага аддзяленьня шпіталю расказала Радыё Свабода пра стан здароўя Міхаіла Марыінча:

(Супрацоўніца шпіталю: ) “Ён атрымлівае лячэньне ў сувязі з паталёгіяй вока. Жахлівага нічога няма, ён атрымлівае тыя лекі, якія яму можна атрымліваць, і ў яго назіраецца паляпшэньне. Вось яго нядаўна аглядаў афтальмоляг і адзначыў станоўчую дынаміку”.

Ці зьвязана паталёгія вока зь перанесеным нядаўна Міхаілам Марынічам інсультам, лекар не сказала. Паводле яе, Міхаіла Марыніча цяпер працягваюць лячыць і ад наступстваў інсульту: даюць пэўныя лекі, праводзяць працэдуры. “Цяпер нэўралягічнага дэфіцыту ў яго мінімум”, – паведаміла доктар.

Нагадаю, на пачатку сакавіка ў аршанскай калёніі Міхаіл Марыніч перанёс інсульт. У яго была часткова паралізаваная палова тулава, адзначаліся дэфэкты маўленьня. Паводле сына Марыніча Паўла, падчас ягонага спатканьня з бацькам у траўні гэтыя сымптомы яшчэ былі відавочныя. Тады сваякі Міхаіла Марыніча настойвалі на ягоным лячэньні ў спэцыялізаваным цывільным шпіталі, але ў гэтым ім было адмоўлена.

1 ліпеня Павал Марыніч зьвярнуўся да начальніка менскай калёніі Яўгена Лася з просьбай дазволіць яму нечарговае спатканьне з бацькам у сувязі з бацькавай хваробай, але дазволу не атрымаў. Адвакат Міхаіла Марыніча зможа сустрэцца з падабаронным толькі на наступным тыдні.

* * * Былы пасол і міністар Міхаіл Марыніч трапіў у няміласьць да беларускіх уладаў пасьля таго, як зрабіў спробу паўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Пазьней Марыніч канчаткова перайшоў на бок апазыцыі, ён рыхтаваўся да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах 2004 году, але ў леташнім красавіку быў арыштаваны і зьмешчаны ў ізалятар КДБ. Больш як праз паўгоду Міхаіла Марыніча засудзілі да 3,5 гадоў калёніі за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі, якую ён узначальваў. Вінаватым сябе Марыніч ніколі не прызнаваў. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла яго вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG