Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца менчукі да вяртаньня імя Сталіна ў грамадзкае жыцьцё Беларусі?


Ганна Соусь, Менск У грамадзкую сьвядомасьць у Беларусі паступова вяртаецца імя савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна. Учора адбылося ўрачыстае адкрыцьцё гістарычнага комплексу “Лінія Сталіна” пад Менскам. Імя савецкага дыктатара вярнулася на фасад Менскай сувораўскай вучэльні. Нядаўна ў Беларусі была выдадзеная кніга “Сталину, Европа, поклонись”.

Як ставяцца людзі да таго, што ў грамадзкае жыцьцё Беларусі паступова вяртаецца імя Сталіна? Гэта высьвятляла на менскіх вуліцах нашая карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Гэта і добра, і дрэнна. Калі згадаць, што было столькі рэпрэсіяў, то дрэнна, а тое, што была дысцыпліна, то добра. Гэта я з пазыцыі свайго ўзросту гавару. А ўвогуле гэта жудасная карціна. Але я не лічу, што цяпер вяртаецца сталінскі час. Зь імем Леніна ў нас таксама зьвязана шмат праблемаў”.

(Спадар: ) “Сталін не лічыў беларускай нацыі самастойнай, лічыў, што Беларусь павінна ўваходзіць у склад Савецкага Саюзу і падпарадкоўвацца яму, Сталіну, ня мець уласнага меркаваньня”.

(Спадарыня: ) “Складана на гэтае пытаньне адказаць. Хто не зьвязаны з гэтымі лягерамі, той станоўча да яго ставіцца. А хто пацярпеў, тыя, вядома, адмоўна...”

(Карэспандэнтка: ) “А Вы самі?”

(Спадарыня: ) “Усё ж была дысцыпліна ў дзяржаве. А цяпер... Паглядзіце, што робіцца з моладзьдзю. Працаваць ня хочуць, п’юць. Жах, што адбываецца. Такога пры Сталіну не было. Тады за спазьненьне на працу ўжо каралі. З гэтага пункту гледжаньня я да яго станоўча стаўлюся”.

(Спадар: ) “Сталін – гэта дыктатар, які разьвязаў ІІ сусьветную вайну і зьнішчыў вельмі шмат народу”.

(Спадарыня: ) “Неадназначна. Нешта было добрае, нешта дрэннае”.

(Спадар: ) “У мяне пры Сталіну загінулі ўсе родныя. Не хачу...”

(Спадар: ) “У 1990-я гады адбылося шмат пэртурбацыяў у нашай краіне, і на імені Сталіна ў грамадзтве паставілі адмоўную ацэнку. І цяпер, на маю думку, ягонае імя вяртаюць на тую ступень, дзе яно павінна быць. Я не гавару, што ён быў добры чалавек ці дрэнны чалавек. Ён зрабіў для дзяржавы і добрае, і дрэннае. А што да “Лініі Сталіна”, то перш за ўсё гэта турыстычны праект. “Лінія Мажыно”, “Лінія Манэргейму” – яны працуюць... І гэтай лініі я ня зьвязваю зь вяртаньнем Сталіна”.

(Спадар: ) “Дрэнна, вядома. У нас і гэтак дыктатура суцэльная. Засільле чыноўнікаў, усё робіцца толькі для Лукашэнкі. Нармальнаму народу жыць немагчыма”.

(Спадарыня: ) “Тое, што было заваявана ягоным імем, што зь ягоным імем ішлі ў бой, то гэта гісторыя. Гэтага ўжо не выкрасьліш. І тое, што вярнулася “Лінія Сталіна”, то я лічу, што гэта слушна”.

(Спадар: ) “Нэгатыўна, таму што Сталін – гэта дыктатар, таму што ён прыгнятаў беларускі народ падчас вайны і таму што ён нэгатыўна ставіўся да савецкага народу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG