Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купляйце замежнае, яно больш якаснае і надзейнае...


Іна Студзінская, Менск Убіраць збожжавыя ў паўдзённых раёнах Беларусі могуць пачаць у сярэдзіне ліпеня. Паводле меркаваньня адмыслоўцаў, ураджай неабходна сабраць за два тыдні — пры такіх тэрмінах губляецца мінімальная колькасьць збожжа. Для пасьпяховага правядзеньня ўборачнай неабходна тэрмінова закупіць як мінімум 360 заходніх камбайнаў — пажадана нямецкіх "Лексыконаў", і 200 расейскіх машын "Дон-1600". Пра гэта заявіў міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Русак. Чаму спэцыялісты аддаюць перавагу імпартнай тэхніцы, а не прадукцыі айчынных "Гомсельмашу" і "Лідсельмашу"?

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня просіць падтрымкі ва ўраду на набыцьцё менавіта надзейнай і трывалай імпартнай тэхнікі. Зыходзячы з аптымальнай нагрузкі на камбайн — ня болей за 120 гектараў — у краіне не стае каля 4 тысячаў збожжаўборачных камбайнаў. "Нават летась, калі ў Беларусі быў атрыманы ўраджай 6 мільёнаў тон, мы, паводле самых сьціплых падлікаў, "паклалі" ў зямлю каля 600 тысячаў тон. Гэта цана колькасьці імпартных камбайнаў, якія мы просім", — заявіў міністар Русак у парлямэнце.

Вось як пракамэнтаваў просьбу спадара Русака ягоны былы калега, экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў.

(Лявонаў: ) "Я добра ведаю Русака і лічу, што гэта першы міністар, які ведае, што рабіць і як рабіць. Русак кажа праўду. Страцілі болей, чым 600 тысяч, болей. Гэта таксама праўда".

(Карэспандэнтка: ) "А цэны, розьніца паміж нямецкімі і расейскімі камбайнамі?"

(Лявонаў: ) "Нямецкі даражэйшы за расейскі. Але ён апраўдвае сябе тым, што менш паліва патрабуе, больш прадукцыйны, меншыя страты пры ўбіраньні, не патрабуе ніякіх запчастак, там вельмі добрыя ўмовы для камбайнэраў. Ён дарагі, але ён добры".

Усім добра вядомая пазыцыя кіраўніка дзяржавы што да ўсяго замежнага. Маўляў, беларусам трэба падтрымліваць айчыннага вытворцу і рабіць самім канкурэнтаздольную прадукцыю! Лукашэнка наведваў у свой час "Гомсельмаш", "Лідсельмаш" і паставіў задачу вырабляць ня менш за тысячу машын у год. Як жа стасуецца пазыцыя міністра з заявамі кіраўніка дзяржавы?

Айчынныя вытворцы тэхнікі да сёлетняга жніва мусяць паставіць таксама каля 800 збожжаўборачных камбайнаў. Адмыслоўцы прагназуюць: ураджай у многіх рэгіёнах будзе ня горшы за леташні. Шмат якія гаспадаркі атрымліваюць 60 і больш цэнтнэраў з гектара, а айчынная тэхніка, маўляў, пакуль з гэтым не спраўляецца — такі аргумэнт прыводзіў міністар Леанід Русак. Што да якасьці айчыннай тэхнікі, і адмыслоўцы, і асабліва тыя камбайнэры, якія папрацавалі на беларускай, расейскай і нямецкай тэхніцы, аддаюць перавагу замежным машынам.

Меркаваньне доктара сельскагаспадарчых навук, прафэсара Івана Нікітчанкі:

(Нікітчанка: ) "Каб зрабіць камбайн, трэба шмат чаго мець: досьвед, кадры адукаваныя, рабочых адпаведнай кваліфікацыі. А наша гомельская тэхніка — яна ж нікуды не прыгодная была заўсёды".

(Карэспандэнтка: ) "Прэзыдэнт ня раз казаў, што трэба падтрымліваць айчыннага вытворцу і некалі езьдзіў асабіста на "Гомсельмаш", і што — там значна горшая тэхніка за нямецкую?"

(Нікітчанка: ) "Значна горшая. Я памятаю, першыя камбайны кормаўборачныя рабілі: ідзе — 5 мэтраў захопу паласа, прыгожа ідзе. Не пасьпеў дайсьці да канца гонкі, як вал скруціла, ужо паламаўся. Гэта безнадзея".

А вось спэцыялісты ўпраўленьня мэханізацыі і тэхнічнага прагрэсу лічаць, што і таньней, і выгадней купляць расейскі "Дон-1600": маўляў, набыць камбайны можна праз тэхнічны крэдыт, дый эксплюатаваць іх прасьцей.

Меркаваньне супрацоўніка ўпраўленьня Ўладзімера Кулька:

(Кулько: ) "Расейскія камбайны "Дон" мы ведаем, як свае пяць пальцаў. У нас іх у парку больш паловы, прыкладна 60 %. Мы іх умеем рамантаваць, умеем эксплюатаваць, мы ў сябе ў форме запчастак робім ледзьве ня ўвесь камбайн".

Такім чынам, Міністэрства сельскай гаспадаркі настойвае, каб сёлета былі закупленыя як мінімум 360 нямецкіх "Лексыконаў", 200 расейскіх "Донаў" і 800 айчынных камбайнаў вытворчасьці заводаў "Гомсельмаш" і "Лідсельмаш". А на больш далёкую пэрспэктыву плянуецца закупляць нямецкую тэхніку CLAAS і каля 40 камбайнаў фінскай фірмы Sampo — для палеглага збожжа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG