Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 да 3 ліпеня ў Менску абвешчаны “сухі закон”


Ганна Соусь, Менск Ад сёньняшняга дня ў Менску пачынаюцца мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасьці. Ад 1 да 3 ліпеня ў сталіцы забаронены продаж моцных сьпіртовых напояў і піва ў шкляных і мэталічных бутэльках, гэтаксама ва ўзмоцненым рэжыме будзе працаваць міліцыя. З чым асацыюецца ў людзей сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці? Ці магчыма зрабіць яго больш цікавым і адпаведным эўрапейскім традыцыям?

Калі казаць пра сьвяткаваньне ў Беларусі афіцыйнага Дня Незалежнасьці, то найперш прыгадваецца, як чатыры гады таму 3 ліпеня ў Аляксандра Лукашэнку кінулі памідорам, калі ён бег на ролікавых лыжах. Сапраўды, гэты інцыдэнт істотна вылучаецца на тле традыцыйных народных гуляньняў, шэсьцяў вэтэранаў, парадаў, канцэртаў майстроў мастацтваў — менавіта паводле такога сцэнару штогод адбываецца сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці…

Дарэчы, Сяргей Лапцеў, які кінуў тады памідорам у Лукашэнку, і праз чатыры гады абсалютна не шкадуе аб гэтым. Вось як ён цяпер тлумачыць прычыны свайго ўчынку.

(Лапцеў: ) “Гэта тэатральныя традыцыі — закідваць тухлымі яйкамі і памідорамі няўдалых артыстаў, але ж наш артыст быў вельмі ўдалы. Мне хацелася паказаць, што ня ўсе беларусы маюць адную і тую ж думку, і ня ўсе апладысмэнтамі сустракаюць яго”.

Нагадаю, што чатыры гады таму Сяргея Лапцева асудзілі на 7 сутак арышту за хуліганства, але яго амаль адразу вызвалілі, патлумачыўшы, што Аляксандар Лукашэнка дараваў яму. Магчыма дзеля таго, каб сярод іншага пазьбегнуць і паўтарэньня падобных інцыдэнтаў, беларуская міліцыя будзе працаваць сёлета ва ўзмоцненым рэжыме. Генэрал міліцыі Мечыслаў Грыб, які раней узначальваў Віцебскае абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў, лічыць гэткія захады цалкам апраўданымі.

(Грыб: ) “Сёньня ў сьвеце абставіны даволі тэрарыстычныя, хаця, дзякуй Богу, у Беларусі іх не было. Але хто сказаў, што іх зараз ня будзе? Трэба ўсё прадугледжваць. Прабачце, мэтро Няміга... Таксама сьвята было, а колькі моладзі загінула ні за што. Самі сябе растапталі”.

У Менску ад 1 да 3 ліпеня фактычна ўведзены “сухі закон” — забарона на продаж моцных сьпіртовых напояў. Іх забаронена прадаваць у крамах, разьмешчаных за 500 мэтраў ад месцаў масавых гуляньняў і побач з уваходамі ў мэтро. Выключэньне складае піва, аднак прадаваць яго будуць толькі ў плястыкавых бутэльках. Як паведамілі ў Менгарвыканкаме, піва ў шкляной ці мэталічнай тары прадаваць не дазволена. Але, як гаворыцца ў распараджэньні старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава з нагоды сьвяткаваньня, дазваляецца ў парадку выключэньня пры правядзеньні сьвяточных мерапрыемстваў рэалізацыя сьпіртовых напояў і піва ў разліў. Такім чынам, пры жаданьні знайсьці што выпіць і дзе выпіць будзе абсалютна магчыма. Дарэчы, у многіх людзей першая асацыяцыя са сьвятам 3 ліпеня — гэта павальнае п''янства. Вось меркаваньне Сержука Сахарава, які мае досьвед у арганізацыі нефармальных сьвятаў.

(Сахараў: ) “У мяне асацыятыўны шэраг на сьвята Дзень Незалежнасьці заключаецца ў некалькіх словах: вайна, танкі, гарэлка або розныя сьпіртовыя напоі, сьпякота і адпаведна п''яныя людзі. Я па шчырасьці не зусім разумею, што маецца на ўвазе пад гэтым Днём Незалежнасьці і так званым Днём Рэспублікі. Для мяне, напрыклад, больш блізкі Дзень Волі. Ці дзень Незалежнасьці, ці Дзень Волі, па вялікім рахунку, любое сьвята — гэта ў першую чаргу выяўленьне свабоды чалавека. Чамусьці адразу прыходзіць у галаву правядзеньне параду каханьня, прычым не ў сучаснай эўрапейскай традыцыі — гей, лесбі, а сапраўды проста парад закаханых людзей, якія ідуць па вуліцы, ім весела, яны цалуюцца, яны атрымліваюць асалоду ад жыцьця. І мега-задача, якая стаіць перад гэтым сьвятам, – сапраўды аб’яднаць людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG