Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засакрэчаны расcтрэл — беларускі мэтад сьмяротнага пакараньня


Вячаслаў Кулік, Менск На працягу гэтага месяца Вярхоўны Суд Беларусі разгледзіць у касацыйным парадку сьмяротны прысуд яшчэ аднаму забойцу. Адпаведная юрыдычная працэдура прадугледжаная заканадаўствам і гэтым разам датычыць завадатара полацкай банды.

У эксклюзіўным інтэрвію для Радыё Свабода судзьдзя Леанід Пятроў, пад старшынствам якога праходзілі судовыя слуханьні ў Віцебску, паведаміў наступнае.

(Пятроў: ) “Полацкая банда — гэта жыхары Полацку, 1970-1974 гадоў нараджэньня. Двое зь іх — Бурдэнка і Пугачоў —- напачатку былі прадпрымальнікамі, а затым кінулі справу, набылі зброю, знайшлі падручных, выяжджалі на трасы і прыпынялі кіроўцаў-перагоншчыкаў, рабавалі іх і забівалі. Перад гэтым зьдзейсьнілі забойства дзьвюх дзяўчат з Наваполацку. За імі быў шэраг разбойных нападаў у Полацку і раёне, у Наваполацку, выяжджалі таксама ў Берасьцейскую вобласьць. Пры нападах выкарыстоўвалі маскі, газавыя балёнчыкі, камуфляжную форму. Мабільныя тэлефоны заўжды былі зарэгістраваныя на іншых асобаў. Устойлівая ўзброеная група дзейнічала ад лета 2001 году да лістапада 2003-га”.

Паводле судзьдзі Леаніда Пятрова, прысуд быў максымальна жорсткі. Арганізатары банды асуджаныя да найвышэйшай меры пакараньня — расстрэлу і пажыцьцёвага турэмнага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Удзельнікі банды асуджаныя да 18 і 13 гадоў пазбаўленьня волі. У Міністэрстве ўнутраных справаў паведамілі: штогод у Беларусі расстрэльваюць пяць або шэсьць асуджаных. Былы начальнік СІЗО №1 у Менску палкоўнік Алег Алкаеў распавёў у друку, што расстрэлы адбываюцца найсакрэтнейшым чынам. Згодна з заканадаўствам, сьмяротнае пакараньне можа адбыцца адразу пасьля таго, як прэзыдэнт адмаўляе ў памілаваньні. Ні адвакаты, ні сваякі і нават самі сьмяротнікі не інфармуюцца пра канчатковае рашэньне. Таямніцай застаецца месца пахаваньня расстралянага. Не распаўсюджваюцца таксама статыстычныя дадзеныя. Яшчэ ў 2003 годзе Камітэт Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у правох чалавека адзначыў, што такая беларуская сакрэтнасьць не спрыяе празрыстасці справаў, насельніцтва не атрымлівае інфармацыю для грамадзкай дыскусіі. Вядома, што на рэфэрэндуме 1996 году 84 працэнты ўсяго насельніцтва Беларусі галасавалі супраць адмены сьмяротнага пакараньня. А што кажуць цяпер на гэты конт шарагоўцы, якая думка экспэртаў? Гавораць удзельнікі вулічнага апытаньня Радыё Свабода.

(Спадарыня: ) “ Я ведаю такі выпадак, калі мужчына засек жонку і дзяцей. Такія ўвогуле не павінны жыць”.

(Спадарыня: ) “Я супраць сьмяротнага пакараньня, бо я набожны чалавек. Лічу, што гэта вельмі цяжкі грэх. Мы ня маем права пазбаўляць жыцьця іншага чалавека”.

(Спадар: ) “Цяжкае пытаньне. Напэўна, сьмяротнае пакараньне непатрэбнае. Лепш няхай пакутуе. Гэта цяжэй”.

(Спадарыня: ) “Калі гэта вельмі цяжкае злачынства, то мусіць быць. Такіх людзей трэба зьнішчаць”.

Палярнасць думак удзельнікаў апытаньня Радыё Свабоды камэнтуе рэжысэр Віктар Дашук. Нагадаю, што ў 1980-я ён зьняў 5-гадзінны дакумэнтальны фільм “Віцебская справа”. Гэта дасьледаваньне пра тое, як аднаго невінаватага расстралялі, а яшчэ 14 чалавек памылкова абвінавацілі ў забойствах, і яны адседзелі ў турме тэрміны да 15 гадоў.

(Дашук: ) “Мы ж жывем за савецкім часам і па інэрцыі. У Савецкім Саюзе ўсё хавалася: гібель падводных лодак, прозьвішчы вайскоўцаў, якія служылі ў Афрыцы. Цяпер, аднак, празрыстасьць павінна існаваць, каб людзі мелі на гэты конт сваю думку. Усё ж нам трэба набліжацца да міжнародных нормаў. Цывілізаваны сьвет за тое, каб сьмяротную кару адмяніць".

Паводле праваабарончых арганізацыяў, сьмяротнае пакараньне праз шыбеніцу выкарыстоўваецца ў 58 краінах. У шасьці краінах Сярэдняга Ўсходу асуджаюць вінаватага да забойства каменьнямі. У трох краінах асуджанаму адсякаюць галаву. 73 краіны выкарыстоўваюць расстрэлы. Беларусь і Узбэкістан – адзіныя, хто робіць гэта на постасавецкай прасторы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG