Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Валянцін Волкаў пачаў пісаць сваю карціну "Менск. 3 ліпеня 1944 году"?


Севярын Квяткоўскі, Менск Сёньня ў Нацыянальным мастацкім музэі адкрываецца выстава карцін Валянціна Волкава "Менск. 3 ліпеня 1944 году". Адзін з самых вядомых беларускіх твораў пэрыяду савецкага рэалізму 26 апошніх гадоў правёў у сховішчы музэю. Шырынёю больш за пяць мэтраў і вышынёю амаль тры мэтры, да канца 1970-х палатно аздабляла фае Дому ўраду. Разам з карцінай сёньня экспануюць эскізы і накіды да твору, а таксама дакумэнты, якія сьведчаць пра гісторыю стварэньня карціны. Дагэтуль вядуцца спрэчкі пра час, калі Валянцін Волкаў пачаў пісаць карціну — у гады акупацыі або пасьля.

На палатне выяўленая сустрэча менчукамі савецкіх танкаў 3 ліпеня 1944 году. Паказаны фрагмэнт пляцу Свабоды, бліжэй да скрыжаваньня цяперашніх вуліц Інтэрнацыянальнай і Леніна. Танкі заходзяць з боку сучаснага праспэкту Машэрава. То бок з захаду. Але гісторыкі сьведчаць, што савецкія войскі падыходзілі да цэнтру па цяперашняй вуліцы Багдановіча, адкуль падняліся на пляц. Тым ня менш мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі яшчэ ў 1997 годзе ў газэце "Наша Ніва" сьцьвердзіў, што накіды палатна Валянцін Волкаў пачаў рабіць у акупаваным немцамі Менску:

(Харэўскі: ) "Пра гэта сьведчыла выдатная мая настаўніца Менскай мастацкай вучэльні нябожчыца Глазава. Яна сьведчыла, што дзяўчынка з букецікам на пярэднім пляне, што цягнецца да танкіста, – гэта яна".

Паводле Сяргея Харэўскага, яшчэ ў 1980-я былі жывыя людзі, якія пазавалі Волкаву ў акупаваным Менску для палатна.

Па камэнтар я зьвярнуўся да мастацтвазнаўцы Валянціны Вайцяхоўскай, адной з супрацоўніц Нацыянальнага мастацкага музэю – яна рыхтавала карціну да выставы.

(Вайцяхоўская: ) "Зразумела, ён мог пісаць такую карціну. Жыцьцё ў акупацыі... Замовілі, і ён пісаў. Але гэта ня тая карціна. Бо ёсьць вэрсія, што ён тую (замоўленую немцамі) карціну ўзяў і паверх яе пачаў фашыстоўцаў перамалёўваць на пераможнае савецкае войска. Канцы з канцамі тут ня сходзяцца".

Не сакрэт, што Валянцін Волкаў у нямецкую акупацыю зарабляў на жыцьцё маляваньнем партрэтаў нямецкіх афіцэраў.

Тым ня менш па вайне Волкава не залічылі да калябарантаў, як шэраг іншых інтэлігентаў, якія выкладалі ў школах або працавалі, напрыклад, у газэтах. Валянцін Волкаў пасьля вайны зрабіў сабе добрую прафэсійную кар''еру. Дасьледнікі тлумачаць сытуацыю з пэўнай ступеньню праўдападобнасьці. Адну з вэрсіяў мне агучыла Валянціна Вайцяхоўская:

(Вайцяхоўская: ) "Пра Волкава казалі, што ён да Панамарэнкі на каленях поўз. І Панамарэнка сказаў, што талент трэба захоўваць. Волкаў вельмі моцна раскайваўся".

Мова ідзе пра аднаго з кіраўнікоў БССР Панцеляймона Панамарэнку.

Дарэчы, самы вядомы твор Валянціна Волкава – нават не палатно "Менск. Ліпень 1944 году", а герб БССР. Адпаведны праект мастака перамог на конкурсе ў 1932 годзе. Магчыма, названая акалічнасьць таксама паўплывала на пасьляваенны лёс Валянціна Волкава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG